Жыхары менскай Грушаўкі ладзілі мастацкія пэрформансы супраць зьнішчэньня часткі Грушаўскага сквэру. І нават запісалі відэазварот да Лукашэнкі. Але ўчора ўначы тэрыторыю ўсё адно пачалі агароджваць пад будоўлю. Што адбываецца вакол сквэру — разьбіралася Свабода.
Чаму людзі супраць?
Грушаўскі сквэр — паміж шматпавярховікамі каля станцыі мэтро «Грушаўка». Кампанія «Датч Стар», паводле мясцовых жыхароў, насуперак праекту дэталёвага плянаваньня вырашыла дабудаваць жылы комплекс «Гранд Хаўс». Новая будоўля закране частку Грушаўскага сквэру.
У відэазвароце да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі мясцовыя жыхары кажуць, што без абмеркаваньня з жыхарамі раёну ўлады аддалі ўчастак сквэру дзеля «асабістых, карысьлівых інтарэсаў».
Два з паловай гады яны зьвярталіся ў Менгарвыканкам, адміністрацыю Маскоўскага раёну, пракуратуру, Міністэрства прыродных рэсурсаў.
У відэазвароце да Лукашэнкі яны просяць захаваць «адзіны зялёны астравок гістарычнай Грушаўкі». Кампанію «Датч Стар» яны заклікалі выконваць законы, а не асабістыя інтарэсы.
За апошнія два гады сквэр урэзалі амаль на чвэрць: з 2,16 га да 1,72 га.
Што кажа забудоўшчык — «Датч Стар»?
У кампаніі карэспандэнту Свабоды паведамілі, што ў красавіку 2018 году Менгарвыканкам скарэктаваў плошчу Грушаўскага сквэру, а «Датч Стар» атрымала ўсе неабходныя дакумэнты для дазволу будоўлі.
«На падставе гэтых дакумэнтаў мы цяпер пачалі агароджваньне тэрыторыі і падрыхтоўку пляцоўкі ў 0,8 га для будаўніцтва», — сказала Алена, прадстаўніца кампаніі.
Дадаткова 0,6 га з Грушаўскага сквэру Менгарвыканкам выдзеліў кампаніі для добраўпарадкаваньня. Там плянуецца паставіць «малыя архітэктурныя формы, ляндшафтныя элемэнты, зрабіць азеляненьне, асьвятленьне і пешаходныя дарожкі».
У кампаніі кажуць, што ў зону будоўлі трапляе каля 80 дрэваў у сквэры.
«Большая частка зь іх захоўваецца, каля 15 дрэваў будзе перасаджана на тэрыторыі сквэру. Каля 10 дрэваў знаходзяцца ў дрэнным стане. У якасьці кампэнсацыі каля 150 дрэваў пасадзім у сквэры і яшчэ 50 — у зоне будоўлі», — сказала Алена.
Пад азеляненьне трапіць тэрыторыя цяперашняй часовай паркоўкі.
«Землі пад будаўніцтва выдзяляюцца ня проста на наша жаданьне. Мы разумеем занепакоенасьць людзей. Але межы Грушаўскага сквэру скарэктаваныя на 18%. Уся астатняя тэрыторыя застаецца. Да таго ж сюды дадаецца тэрыторыя для добраўпарадкаваньня з кампэнсацыйнымі пасадкамі.Таму мы забясьпечваем рост зялёных насаджэньняў. Таксама мы будзем будаваць дзіцячы садок», — рэагуюць у кампаніі на пратэсты жыхароў раёну.
Атрымаць камэнтары ў Менгарвыканкаме карэспандэнту Свабоды пакуль не ўдалося.
Чым сустрэлі ў адміністрацыі Маскоўскага раёну?
Сёньня мясцовыя жыхары спрабавалі высьветліць у кіраўніцы адміністрацыі Маскоўскага раёну Тацяны Калядкі, чаму пасьля іхнага відэазвароту да Лукашэнкі будаўнікі пачалі агароджваць пляцоўку.
«Пасьля гэтага пачнуць пілаваць дрэвы, — сказаў карэспандэнту Свабоды адзін з удзельнікаў сустрэчы. — Мы хацелі даведацца: на якіх падставах гэта адбываецца? Які плян дэталёвага праектаваньня і пашпарт на сквэр? Нам не паказалі ніводнай паперы, спаслаўшыся на тое, што гэта рашэньне Менгарвыканкаму і яны ня могуць яго камэнтаваць».
Жыхарам у адміністрацыі Маскоўскага раёну сказалі, што будаўнікі сьпілуюць 40 дрэваў.
«У адміністрацыі нам сказалі, што новы плян і пашпарт на сквэр зацьвердзяць пасьля заканчэньня будаўніцтва. Але гэта парушэньне заканадаўства. Адна з чыноўніц сказала — маўляў, вы ж разумееце, законы жывыя, яны пасьля мяняюцца».
Жыхары таксама кажуць, што сын намесьніка старшыні адміністрацыі раёну працуе ў фірме-забудоўшчыку. А сам намесьнік ім казаў — маўляў, «сына не чапайце, ён там працуе дробным клеркам за 700 рублёў».
Мясцовы жыхар Антон Матвейчык сказаў карэспандэнту Свабоды, што будаўніцтва на тэрыторыі часткі сквэру незаконнае. Пра гэта ён казаў і кіраўніцтву Маскоўскай адміністрацыі Менску.
«Прыкладна палова выдзеленага пад будоўлю ўчастку трапляе пад тэрыторыю, на якой не прадугледжаная забудова па дзейным праекце дэталёвага плянаваньня. Праект з 2004 году не мяняўся. Ён можа быць зьменены толькі пасьля грамадзкага абмеркаваньня. А на маё пытаньне, чаму гэта адбываецца, яны спасылаюцца на рашэньне Менгарвыканкаму. Рашэньне аб выдзяленьні ўчастку не паказалі. Маўляў, калі яно не падабаецца, зьвяртайцеся ў суд. То бок прэтэнзіі трэба прад’яўляць гарвыканкаму. Карысьці ад сёньняшняй сустрэчы няма, новай інфармацыі таксама», — сказаў Антон.
Адзінае, паводле Антона, — у адміністрацыі паабяцалі, што бліжэйшым часам абвесьцяць пра грамадзкае абмеркаваньне пляну дэталёвага будаўніцтва, якое было адменена ў сьнежні мінулага году.