31 студзеня Вярхоўны суд у закрытым рэжыме разгледзеў скаргу на рашэньне Берасьцейскага абласнога суду ў справе аб забойстве 8-месячнай дзяўчынкі.
Прысуд Берасьцейскага абласнога суду пакінулі бязь зьменаў — сьмяротны прысуд і 25 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
48-гадовага жыхара Лунінца Віктара Сяргеля і яго 26-гадовую знаёмую Натальлю Колб (маці забітай дзяўчынкі) прызналі вінаватымі ў групавым забойстве з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскіх памкненьняў. Паводле рашэньня Берасьцейскага абласнога суду, Сяргеля прыгаварылі да сьмяротнага пакараньня, а Колб — да 25 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забойцам 8-месячнай дзяўчынкі прысудзілі расстрэл і 25 гадоў калёнііНа разгляд скаргі у Менск з Лунінца прыехаў бацька забітай дзяўчынкі. Размаўляць з журналістамі ён ня стаў.
Скаргу на сьмяротны прысуд падаў ня Віктар Сяргель, а ягоны адвакат. Разгляд скаргі, як і сам працэс, праходзілі ў закрытым рэжыме. Перад журналістамі зачыталі толькі выніковую частку рашэньня суду.
Асуджаны мае права падаць прашэньне аб памілаваньні на імя кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Трагедыя адбылася ў Лунінцы ўвечары 27 кастрычніка 2018 году. Абвінавачанымі ў справе праходзяць 26-гадовая маці дзіцяці і яе 48-гадовы знаёмы. Дзеяньні кожнага зь іх кваліфікаваныя як забойства заведама малалетняга, учыненае з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскіх памкненьняў. Паводле праваахоўных органаў, у той дзень мужчына і жанчына разам расьпівалі сьпіртныя напоі. Пасьля яны «беспадстаўна, спосабам, заведама спалучаным з прычыненьнем асаблівых пакут, нанесьлі дзяўчынцы ня менш за 46 траўматычных узьдзеяньняў».
Бацькі загінулай дзяўчынкі ў момант забойства дома не было. Ён знайшоў цела ахвяры, калі вярнуўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забілі за 50 рублёў. У Слуцку судзяць банду, якая нападала на старых