Дом сям’і Косьцевых у Чэрыкаве апусьцеў. Яшчэ нядаўна тут разам з чатырма малымі дзецьмі жыла старэйшая сястра братоў Косьцевых Ганна. З гэтага дома яе браты пайшлі ў тую ноч, калі ўчынілі забойства. Адноўлены дом ахвяры зусім побач. Ад размовы з журналістамі сваякі забітай жанчыны адмовіліся.
Беларусь застаецца адзінай у Эўропе і СНД краінай, якая прымяняе сьмяротнае пакараньне. За апошнія 20 гадоў у краіне было расстраляна больш за 300 асуджаных да вышэйшай меры пакараньня, памілаваны — адзін чалавек. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у 2019 годзе ў Беларусі выканалі тры сьмяротныя прысуды і вынесьлі тры новыя.
10 студзеня ў Беларусі вынесьлі першыя ў 2020 годзе сьмяротныя прысуды — да расстрэлу прысудзілі братоў Ільлю і Станіслава Косьцевых. Іх прызналі вінаватымі ў тым, што ў красавіку 2019 году яны пад узьдзеяньнем алькаголю забілі суседку і паспрабавалі спаліць яе дом, каб схаваць сьляды злачынства.
Карэспандэнт «Настоящего времени» Серж Харытонаў даведаўся, як зьмянілася жыцьцё сямʼі Косьцевых пасьля таго, як іхных сваякоў прысудзілі да сьмяротнага пакараньня.
Чэрыкаў — ціхі правінцыйны гарадок за 40 кілямэтраў ад расейскай мяжы. Летась беларускія ўлады прызналі Чэрыкаўскі раён адным з тых, што найбольш адстаюць: вольных працоўных месцаў тут практычна няма. Там, дзе ёсьць праца, заробкі невялікія нават па беларускіх мерках. Празь некалькі тыдняў пасьля вынясеньня сьмяротных прысудаў двум мясцовым жыхарам гарадок жыве звычайным жыцьцём, але думкі аб справядлівасьці тут падзяліліся.
Пасьля таго, як Ільлі і Станіславу Косьцевым вынесьлі сьмяротны прысуд, іхная сястра Ганна пакінула родны горад, баючыся за жыцьцё сваіх дзяцей. Інтэрвію запісана ў іншым горадзе, каб не раскрываць цяперашняе месца жыхарства жанчыны.
«Калі ўсё ў красавіку адбылося, пачаліся пагрозы ў сацсетках: „Мы цябе забʼём, і дзяцей тваіх“. Гэта значыць, што і нас усіх трэба зьнішчыць, — апавядае Ганна. — Аднойчы быў выпадак ноччу. Я заставалася дома адна з дзецьмі, пакуль Саша, мой брат, паехаў у Маскву на заробкі. Хтосьці калаціў у дзьверы, стукаў у вокны: „Адчыняй, будзем разьбірацца“. Я вельмі спалохалася і выклікала міліцыю. Але, пакуль міліцыя ехала, хвілін 20, ужо нікога ня стала».
Ганна з жахам успамінае ня толькі тую раніцу, калі даведалася пра злачынства, якое зрабілі яе браты, але і момант, калі 19-гадоваму Стасу і 21-гадоваму Ільлі суд вынес сьмяротныя прысуды.
«Я ўвогуле раней, шчыра кажучы, ня ведала, што ў Беларусі ёсьць такі від пакараньня, як сьмяротнае. Гэта значыць, я, напэўна, лічыла, што самая строгая мера пакараньня — гэта пажыцьцёвае [пазбаўленьне волі]», — кажа яна.
Некалькі месяцаў таму Ганна даведалася, што сваякам асуджаных на сьмерць у Беларусі не паведамляюць ні даты, ні месца расстрэлу. Блізкім не паведамляюць пра тое, куды адпраўляюць целы пакараных. Звычайна аб расстрэле семʼі даведаюцца выпадкова: ад супрацоўніка СІЗА пры спробе атрымаць спатканьне або ў паведамленьні зь месцаў зьняволеньня ў адказ на свае лісты — «Выбыў паводле прысуду».
«Гэта пакараньне не для тых, каго асудзілі. Гэта пакараньне для саміх сваякоў. Таму што ты ня ведаеш, калі тваё дзіця памерла. Дзе памерла. Куды потым схадзіць кагосьці памянуць. Гэта і ёсьць пакараньне не для саміх асуджаных, а для сваякоў. Ведаць, што ён табе толькі нядаўна прыслаў ліст, і потым табе дашлюць паперу, што ўсё, прысуд прыведзены ў выкананьне. Гэта самае-самае жорсткае — што нічога ў памяць пра гэтага чалавека не застанецца», — кажа яна.
Маці Ільлі і Станіслава Косьцевых, як і Ганна, ужо больш за паўгода атрымлівае пагрозы ў сацсетках.
«Пішуць абразы, пагражаюць. За сябе я не баюся. Я толькі буду змагацца за жыцьцё. І, калі гэтае жыцьцё абарвецца, гэта будзе вельмі цяжка. Я баюся за сваю дачку, за свайго сына, за сваіх чатырох унукаў...» — кажа Натальля Косьцева.
Жанчына кажа, што ёй цяжка зьмірыцца з тым, што зрабілі яе сыны.
«Раніцай мне дачка патэлефанавала ў сьлязах: „Мама, нашы хлопцы забілі настаўніцу“. Натуральна, гэта невытлумачальна было. Я прытомнасьць страціла. Мяне дзяўчынкі прыводзілі да прытомнасьці ўсімі падручнымі спосабамі. Мы з дачкой ня верылі ў тое, што маглі нашы хлопцы такое зрабіць. Як маці, напэўна, я ня веру. Я іх вучыла, каб яны ня крыўдзілі слабых, заступаліся за малодшых, дапамагалі старым, пажылым людзям — як мяне бацькі вучылі. Так і я іх адна, як жанчына вучыла, каб яны толькі дапамагалі», — кажа Натальля.
Празь некалькі месяцаў сыноў Натальлі чакае разгляд апэляцыі ў Вярхоўным судзе. Калі яе не задаволяць, памілаваць братоў, паводле закону, зможа толькі адзін чалавек, Аляксандар Лукашэнка.
Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы і СНД, якая прымяняе сьмяротнае пакараньне. Улады краіны не публікуюць афіцыйнай статыстыкі пра судовыя расстрэлы. Паводле праваабаронцаў, з 1991 году паводле прысудаў у Беларусі расстралялі больш за 300 чалавек. За ўвесь час свайго кіраваньня, Аляксандар Лукашэнка памілаваў толькі аднаго асуджанага на сьмерць.
Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі
- Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
- Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі каля 350 сьмяротных прысудаў (дакладная лічба невядомая).
- Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
- Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
- Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
- Дакладная колькасьць памілаваных таксама не вядомая. Раней беларускім праваабаронцам было вядома толькі пра два выпадкі памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У канцы ліпеня 2024 году Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, пасьля гэтага яго вызвалілі ў рамках вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
- Лукашэнка ў 2012 годзе казаў, што за ўсю гісторыю свайго прэзыдэнцтва памілаваў толькі аднаго чалавека (пасьля гэтага, у 2021 годзе, ён памілаваў асуджаных да сьмяротнага пакараньня братоў Косьцевых). Разам з тым МУС Беларусі яшчэ ў 2012-м сьцьвярджала, што за 13 гадоў было памілавана 156 сьмяротнікаў (замена сьмяротнага прысуду на пажыцьцёвае зьняволеньне).