Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забілі за 50 рублёў. У Слуцку судзяць банду, якая нападала на старых


На пярэднім пляне ў клетцы Валянцін Бушнін. Закрыў твар Віталь Мяцеж (у чырвонай куртцы). У дальнім куце клеткі сядзіць Віктар Скрундзік, якога сьледзтва лічыць верхаводам банды
На пярэднім пляне ў клетцы Валянцін Бушнін. Закрыў твар Віталь Мяцеж (у чырвонай куртцы). У дальнім куце клеткі сядзіць Віктар Скрундзік, якога сьледзтва лічыць верхаводам банды

Летась у студзені ў Капыльскім і Слуцкім раёнах на пажарах знайшлі целы двух пэнсіянэраў — 79-гадовага Міхаіла Шугалея і 94-гадовага Ўладзімера Гаркавага. Сьледзтва кажа, што старых зьбілі, абрабавалі, падпалілі іхныя дамы, і яны пазадыхаліся.

Банду арыштавалі ў студзені 2019 году пасьля няўдалага нападу.

27 студзеня ў Менскім абласным судзе, на выязным паседжаньні ў Слуцку, пачаўся працэс.

Каго і за што судзяць?

На лаве падсудных чатыры чалавекі. Самаму малодшаму, Віталю Мяцежу, 20 гадоў. Яго абвінавачваюць у забойстве, крадзяжы і наўмысным пашкоджаньні маёмасьці агульнанебяспечным спосабам. Гэтаксама як і старэйшых за яго Валянціна Бушніна і Віктара Скрундзіка, які, паводле сьледзтва, быў верхаводам злачыннай групоўкі.

Скрундзіка таксама вінавацяць і ў спробе забойства Сафіі Мацэлі. Чацьвёрты падсудны Сяргей Захарчэня прыходзіць у суд сам. Яго вінавацяць толькі ў крадзяжы.

Што адбылося?

У справе чатыры эпізоды. Два пра забойствы, адзін пра замах на забойства і адзін пра крадзеж бэнзакасілкі ў лістападзе 2018 году.

Тады Сяргей Захарчэня разам зь Віталём Мяцежам скралі ў жыхара вёскі Цяраспаль Леаніда Паўлюкевіча бэнзакасу коштам 124 рублі. Яе забралі з хаты Паўлюкевіча «пасьля сумеснага расьпіцьця алькагольных напояў». Касу здалі ў лямбард у Слуцку, а выручаныя 50 рублёў прапілі.

Паводле сьледзтва, 14 студзеня 2019 году Віктар Скрундзік разам з Валянцінам Бушніным у вёсцы Сухоўчыцы Капыльскага раёну прабраліся ў хату мясцовага жыхара Міхаіла Шугалея. Скрундзік, як даводзіць сьледзтва, пачаў зьбіваць старога, патрабуючы сказаць, дзе той хавае грошы. Шугалей упаў, ударыўся галавой. Пасьля Скрундзік, паводле сьледзтва, накінуў старому на шыю вяроўку і прыдушыў, а потым падпаліў дом. Разам бандыты завалодалі 50 рублямі пэнсіянэра. У дыме Міхаіл Шугалей задыхнуўся, ягоныя дом і маёмасьць згарэлі.

21 студзеня таго ж году ў вёсцы Ўльянаўка Слуцкага раёну Віктар Скрундзік і Віталь Мяцеж прыйшлі да 94-гадовага Ўладзімера Гаркавага, нібыта каб пазычыць грошы. Першым, паводле сьледчых, таксама біў Скрундзік. Стары паваліўся, ударыўся галавой аб зэдлік, а Мяцеж двойчы ўдарыў яго бутэлькай па галаве і прыдушыў кабэлем. У выніку завалодалі 180 рублямі, 4 бутэлькамі гарэлкі і 1 бутэлькай віна. Дом падпалілі. Экспэртыза потым высьветліла, што стары задыхнуўся ў дыме. Згарэў, сярод іншага, гарнітур вэтэрана з баявымі і юбілейнымі ўзнагародамі. Пагарэлыя дом і маёмасьць ацанілі больш як у 10 тысяч рублёў.

Увечары ў той жа дзень, 21 студзеня, Віктар Скрундзік у вёсцы Сухоўчыцы Капыльскага раёну прабраўся ў дом Сафіі Мацэлі, ад якой патрабаваў выпіўкі. Ударыў ды прыдушыў гаспадыню, забраў грошы і бутэльку самаробнага віна. Можа, і гэты дом падпаліў бы, але вырашыў скрасьці тэлевізар. Выносячы, сутыкнуўся з суседам, таму мусіў зьбегчы. Хаваўся нядоўга: на пачатку лютага ўсіх удзельнікаў банды затрымалі.

«Быў найстарэйшы ў нашай вёсцы»

94-гадовага Ўладзімера Гаркавага з Ульянаўкі Слуцкага раёну паважала ўся вёска, кажуць пра яго аднавяскоўцы. Ён быў самым старэйшым яе жыхаром і вэтэранам. Раней у калгасе быў брыгадзірам, працаваў і пасьля выхаду на пэнсію. «Вельмі ладзіў з усімі, слова брыдкага ад яго ніколі не пачуеш», — згадала ягоная ўнучка.

Сваякі Міхаіла Шугалея, які загінуў на наўмысным пажары, на суд не прыехалі.

«Бацькоў пазбавілі правоў, гадавалі дзяды»

Што вядома пра падсудных?

Віталь Мяцеж жанаты, мае двух дзяцей. У судзе выглядае вельмі напалоханым, закрывае твар шалікам. Да арышту працаваў мэханізатарам у гаспадарцы «Палесьсе-2003». Жыве ў той жа Ўльянаўцы, дзе забілі Ўладзімера Гаркавага.

«Ён ня наш, увесну нядаўна пераехаў. Спакойны, за ім асабліва нічога ня бачылі», — згадала пра Мяцежа сваячка забітага Ўладзімера Гаркавага. Але пляменьніца ахвяры бандытаў Сьвятлана Курмашова ёй пярэчыць: «А памятаеш, як п’яны хадзіў ды чапляўся? А як сваю малую пляскаў на вуліцы?»

Сваякі загінулага на пажары ветэрана Ўладзімера Гаркавага
Сваякі загінулага на пажары ветэрана Ўладзімера Гаркавага

Віктару Скрундзіку 29 гадоў. Ён трымаецца больш упэўнена, чым іншыя. Жанчыны з Ульянаўкі, якія прыехалі на працэс як прадстаўніцы пацярпелага Гаркавага, згадваюць, што Віктара Скрундзіка гадавалі дзед і баба, бо ягоных бацькоў пазбавілі бацькоўскіх правоў. Калісьці рабіў на фэрме, але ў апошнія гады не працаваў нідзе.

Казалі пра Віктара Скрундзіка жанчыны нэгатыўна.

«Бадзяўся па вёсцы. Да каго зойдзе на двор, абавязкова што скрадзе. Ён і ў дзеда Ўладзімера скраў бэнзапілу, але дзед яго пашкадаваў, ня стаў тады ў міліцыю зьвяртацца. Дык той вось як аддзячыў — прыйшоў, каб забіць, бо ведаў, што ў дзеда былі грошы», — казалі пра Скрундзіка сваякі пацярпелага.

У судзе прагучала, што раней Скрундзіка ўжо былі асудзілі па 205-м артыкуле (крадзеж) на 2 гады абмежаваньня волі, прычым новае злачынства ён учыніў, не адбыўшы яшчэ папярэдняга прысуду.

Валянцін Бушнін нарадзіўся ў Астраханскай вобласьці, яму 33 гады. Мае чатырохгадовае дзіця. З 2001 году Бушнін быў судзімы 7 разоў, у асноўным па 205 артыкуле — за крадзяжы. Апошні раз яго асудзілі ў 2014 годзе, далі 2 гады зьняволеньня. Перад арыштам нідзе не працаваў.

Ці прызнаюць падсудныя віну?

Сяргей Захарчэня, якога абвінавачваюць у крадзяжы, віну прызнаў цалкам.

Ніхто з абвінавачаных не прызнае сябе вінаватым у забойствах пэнсіянэраў Міхаіла Шугалея і Ўладзімера Гаркавага. Але прызнаюць віну ў крадзяжы, разбоі і наўмысным падпальваньні маёмасьці пацярпелых.

Скрундзік не прызнаў віны і ў спробе забойства Сафіі Мацэлі. Назіральнікі за працэсам у Слуцкім судзе мяркуюць, што далей абвінавачаныя ў забойствах будуць перакідваць віну за забойствы адзін на аднаго, бо гэты артыкул прадугледжвае сьмяротнае пакараньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG