Няпэўнасьць вынікаў беларуска-расейскіх перамоў аб пастаўках энэрганосьбітаў і глыбейшай інтэграцыі будзе выпрабоўваць на трываласьць эканамічную палітыку, якая праводзіцца ў Беларусі.
Да такой высновы прыйшлі аналітыкі міжнароднага рэйтынгавага агенцтва Fitch Ratings, ацэньваючы пэрспэктывы беларускай эканомікі, паведамляе БелаПАН.
Аналітыкі кажуць, што павялічыліся рызыкі
- вышэйшага росту цэнаў на энэрганосьбіты
- перабояў зь іх пастаўкамі
«У сувязі з гэтым можа спатрэбіцца правядзеньне новых карэктаваньняў палітыкі», — адзначаецца ў паведамленьні агенцтва.
Вырастуць выдаткі на імпарт нафты
Паводле ацэнак Fitch, расейская нафта па-ранейшаму будзе каштаваць таньней за ўсясьветную, але дысконт скароціцца зь леташніх 1,7 да 1,3 млрд даляраў (0,9% ад ацэначнага ВУП за 2020 г.).
Павелічэньне выдаткаў на імпарт нафты паставіць пад пагрозу канкурэнтаздольнасьць экспарту беларускіх нафтапрадуктаў, а значыць і даходы.
У гэтай сытуацыі, на думку экспэртаў, Беларусі варта разьлічваць
- або на зьнешняе фінансаваньне,
- або на тое, што вытворцы прымуць хуткія меры, каб павысіць прадукцыйнасьць і захаваць канкурэнтаздольнасьць, нягледзячы на праблемы з энэрганосьбітамі.
1 студзеня Расея спыніла пастаўку нафты ў Беларусь, бо кантракты на 2020 год не былі заключаныя. Бакі дагэтуль ня могуць дамовіцца наконт цаны. Менск шукае альтэрнатыўныя крыніцы нафты.Што тычыцца паставак расейскага газу ў Беларусь, то пакуль цана вызначаная толькі на два месяцы 2020 году. У студзені — лютым яна застанецца ранейшай і складзе 127 даляраў за тысячу кубамэтраў.
Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася
- 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
- Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
- Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
- 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
- Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
- Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
- Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
- Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
- Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
- Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
- Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
- Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.
Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст
Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі
Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі