Пра гэта кіраўнік «Транснафты» Мікалай Токараў паведаміў агенцтву Інтэрфакс.
Токараў таксама заявіў, што кампанія ў студзені пераразьмеркавала нафту, якая магла б быць пастаўленая на НПЗ Беларусі.
«У нас праблемаў ня ўзьнікла. Перанакіравалі, у тым ліку, і ў порты. Гэта звычайная практыка. Мы гаварылі з гэтай нагоды, што вялікай праблемы для нас гэта не складзе. Пакуль заявак на люты не было. Але калі з "Сафмарам" дамовяцца, то мы прапампуем» — сказаў Токараў.
Транснафта — расейская дзяржаўная нафтаправодная кампанія, апэратар магістральных нафтаправодаў і нафтапрадуктаправодаў. Кампанія транспартуе 83% нафты, якая здабываецца ў Расеі.
Менск і Масква не заключылі пагадненьне аб умовах паставак нафты ў 2020 годзе. Расея з 1 студзеня спыніла пастаўку нафты беларускім нафтаперапрацоўчым заводам. З 4 студзеня пастаўкі былі часткова адноўленыя нафтавымі кампаніямі групы «Сафмар» Міхаіла Гуцэрыева.
Беларускія ўлады паведамілі, што накіравалі прапановы аб імпарце нафты краінам Балтыі, Польшчы, Украіне, Казахстану і Азэрбайджану. Акрамя таго, па словах кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, перамовы аб пастаўках нафты вядуцца таксама з ЗША, Саудаўскай Арабіяй і Абʼяднанымі арабскімі эміратамі.
Беларусь у студзені купіла 80 тысяч тонаў у Нарвэгіі. Гэта нафта ўжо пачала паступаць на беларускія НПЗ.
21 студзеня Лукашэнка заявіў, што краіна будзе дамагацца таго, каб імпарт нафты з Расеі складаў 30-40% ад агульнага абʼёму спажываньня.
Летась Беларусь імпартавала з РФ 17,6 мільёнаў тон нафты, у сярэднім прыкладна па 1,5 мільёны тонаў штомесяц. Сёлета ў студзені кампаніі групы «Сафмар» абавязаліся паставіць у Беларусь 750 тонаў нафты.