Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз падатковы манэўр і «брудную нафту» Беларусь страціла траціну экспартных мытаў на нафтапрадукты


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У 2019 годзе ў беларускі бюджэт паступіла на 33,2% менш экспартных мытаў на нафтапрадукты, чым у папярэдні год.

Прычынай гэтага сталі расейскі падатковы манэўр і прыпыненьне экспарту аўтамабільнага паліва ў красавіку-траўні праз пастаўкі «бруднай нафты» з Расеі.

За 2019 год у бюджэт Беларусі паступіла звыш 9 мільярдаў беларускіх рублёў плацяжоў, якія кантралюе Дзяржаўны мытны камітэт, і гэта амаль на 400 мільёнаў (4,2%) менш, чым у 2018 годзе, паведаміў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Юры Сянько, піша Interfax.by.

«Адна з прычынаў такога падзеньня — зьніжэньне аб’ёмаў вытворчасьці ў нафтавай галіне і вывазных мытаў за экспарт нафтапрадуктаў (на 33,2%)», — патлумачыў Юры Сянько.

У цэлым жа, паводле Сянько, па выніках 2019 году, нягледзячы на падзеньне нафтавых даходаў бюджэту, прагнозны паказьнік па мытных плацяжах, якія мелі паступіць у бюджэт, выкананы на 100,5%.

Паводле Міністэрства фінансаў Беларусі, даходы беларускага бюджэту ад экспартных мытаў на нафтапрадукты ў студзені-верасьні 2019 году склалі 992 мільёнаў рублёў, што на 33,4% менш у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2018 году. У 2020 годзе, паводле ацэнкі міністэрства, даходы бюджэту ад зьніжэньня экспартных мытаў на нафту і нафтапрадукты скароцяцца амаль на 240 мільёнаў даляраў.

Сумарныя страты ад падатковага манэўру ў 2019-2024 гадах у Менску ацэньваюць у суму каля 10,5 мільярдаў даляраў.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG