Лінас Лінкявічус прыедзе ў Беларусь 3 лютага. Гэтую інфармацыю пацьвердзіў агенцтву БелаПАН намесьнік начальніка ўпраўленьня інфармацыі МЗС Беларусі Андрэй Шупляк.
Парадак дня візыту беларускае зьнешнепалітычнае ведамства пакуль не абнародуе. На мінулым тыдні балтыйскае агенцтва BNS паведаміла, што кіраўнік МЗС Літвы падчас візыту ў Менск можа прапанаваць Беларусі альтэрнатыву імпарту нафты і газе.
«Мы зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь дывэрсыфікавала крыніцы паставак энэрганосьбітаў, і адзін з такіх прыкладаў — выкарыстаньне Клайпэдзкага порту і Літоўскай чыгункі. Калі будзе цікавасьць, то можна будзе таксама абмеркаваць і пытаньні паставак газу» — прыводзіла агенцтва словы Лінкявічуса.
Праз Клайпэдзкі порт ажыцьцяўляюцца пастаўкі ў Беларусь нарвэскай нафты, якая ўжо патрапіла на беларускія НПЗ.
Акрамя перамоваў з прадстаўнікамі ўладаў Беларусі кіраўнік МЗС Літвы таксама мае намер сустрэцца з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Пра гэта паведаміў дырэктар Цэнтру дасьледаваньняў і прагнозаў «Эўрапейскі дыялёг», былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які таксама запрошаны на сустрэчу зь літоўскім міністрам.