Лукашэнка не сустрэнецца ні з Пуціным у Ерусаліме, ні з Дудам — у Асьвенціме

Аўшвіц-Біркенаў

На форум памяці Галакосту ў Ерусалім, дзе мае выступіць прэзыдэнт Расеі Пуцін, паедзе сьпікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка, а на цырымонію з нагоды 75-годзьдзя вызваленьня лягера Аўшвіц-Біркенаў — ягоны намесьнік Анатоль Ісачанка.

Такім чынам, як чакаецца, Аляксандар Лукашэнка не пабачыцца ні з Дудам у Польшчы, ні з Пуціным у Ізраілі.

У МЗС Беларусі паведамілі, хто будзе прадстаўляць краіну на ўшанаваньні ахвяр канцлягера «Аўшвіц», які быў вызвалены 75 гадоў таму, на цырымоніі ў Ізраілі. Пра ўдзел прадстаўніка Беларусі на такой жа цырымоніі ў Польшчы паведамляецца на сайце музэю.

На гэтым тыдні ў Польшчы і Ізраілі адбудуцца ўрачыстасьці з нагоды 75-х угодкаў вызваленьня нацысцкага канцлягера «Аўшвіц-Біркенаў». 23 студзеня пройдзе цырымонія, арганізаваная ў Ерусаліме Мэмарыяльным цэнтрам «Яд ва-Шэм», а 27 студзеня — на месцы самога лягера на тэрыторыі Польшчы.

27 студзеня, у самы дзень вызваленьня канцлягера «Аўшвіц», перад «брамай сьмерці» выступяць прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, іншыя афіцыйныя асобы, але галоўнымі выступоўцамі там будуць ацалелыя вязьні гэтага канцлягера.

Увечары таго ж дня дэлегацыі ўшануюць памяць загінулых вязьняў каля помніка ў Біркенаў, паведамляе музэй Аўшвіц-Біркенаў.

У МЗС Беларусі Свабодзе сказалі, што рашэньне, хто будзе прадстаўляць краіну на ўрачыстасьцях у Польшчы, пакуль не прынятае.

Аўшвіц-Біркенаў

Раней прэс-служба музэю Аўшвіц-Біркенаў паведаміла, што лісты з інфармацыяй пра цырымонію ў Асьвенціме былі дасланыя ў розныя амбасады. Пацьвердзіць прысутнасьць і паведаміць пра склад дэлегацыі трэба было да 10 студзеня. Беларускі бок ніяк не адрэагаваў на той ліст. Аднак музэй заявіў у польскіх СМІ, што калі дэлегацыі краін будуць зацікаўленыя ва ўдзеле, то арганізатары пойдуць ім насустрач.

Аляксандар Лукашэнка раней наведваў канцлягер Аўшвіц — у 1995 годзе, на пачатку сваёй прэзыдэнцкай кар’еры.

Польска-расейскі гістарычны канфлікт

А вось прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна на ўрачыстасьці ў Польшчу не запрасілі зусім, як і на леташняе ўшанаваньне 80-х угодкаў пачатку Другой усясьветнай вайны.

Затое расейскі прэзыдэнт мае прыбыць 23 студзеня ў Ізраіль для ўдзелу ва ўрачыстасьцях з нагоды вызваленьня канцлягера Аўшвіц.

Там Пуцін выступіць з прамовай. Прэзыдэнту Польшчы такой магчымасьці ў Ізраілі не далі, таму ён адмовіўся ехаць на гэтую цырымонію. Асноўнымі дакладчыкамі на форуме памяці ахвяраў Галакосту ў Ерусаліме павінны стаць прэзыдэнты Расеі і Ізраілю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падманам, хабарам, спакушэньнем». Як ратаваў габрэяў швэд, пакуль ня зьнік на Лубянцы

На цырымоніі ў Ерусаліме, акрамя Пуціна, чакаюць 4 каралёў і 26 прэзыдэнтаў, кіраўнікоў урадаў і парлямэнтаў розных краін. Беларускую дэлегацыю на форуме ў Ерусаліме ўзначаліць старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка, паведамілі ў МЗС.

Апрача таго, Андрэйчанка правядзе двухбаковую сустрэчу са сьпікерам ізраільскага Кнэсэту Юліем Эдэльштэйнам.

Апошнім часам паміж Польшчай і Расеяй абвастрылася гістарычная спрэчка. Уладзімір Пуцін абвінаваціў перадваенныя ўлады Польшчы ў датычнасьці да разьвязваньня Другой усясьветнай вайны і ў антысэмітызьме, а таксама выступіў з апраўданьнем пакту Молатава-Рыбэнтропа, згодна зь якім улады нацысцкай Нямеччыны і СССР падзялілі сфэры ўплыву ў цэнтральнай і ўсходняй Эўропе. Польшча ў адказ абвінаваціла Пуціна ў хлусьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вызвалілі, але не прынесьлі свабоды». У чым сутнасьць вайны слоў паміж Польшчай і Расеяй