У партыі «Зялёныя» новы лідэр. Што ён думае пра выбары, вулічныя пратэсты і АЭС

Дзьмiтры Кучук

Дзьмітры Кучук абраны старшынём партыі «Зялёныя». Яму 45 гадоў, ён мае ўласны бізнэс па перапрацоўцы адкідаў і хоча, каб партыя «больш займалася палітыкай». Распыталі яго пра інтэграцыю, вулічныя пратэсты і прэзыдэнцкія выбары.

Беларуская партыя «Зялёныя» на зьезьдзе 19 студзеня абрала новым старшынём 45-гадовага Дзьмітрыя Кучука, які раней быў першым намесьнікам старшыні.

Дзьмітры Кучук у партыі ад 2008 году. Працуе генэральным дырэктарам менскай станцыі сартаваньня сьмецьця «Заходняя».

Папярэдняя старшыня партыі Анастасія Дарафеева не вылучала сваёй кандыдатуры. За Дзьмітрыя Кучука прагаласавалі 25 дэлегатаў. А 23 дэлегаты аддалі голас за сябра рады грамадзкага аб’яднаньня «Экадом» Ірыну Сухій.

Распыталі новага лідэра «Зялёных» пра будучыя прэзыдэнцкія выбары, пагрозу інтэграцыі і небясьпеку ад АЭС.

«Свайго кандыдата на выбарах вылучаць ня будзем»

— Ці будзе партыя ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах?

— Мы ня будзем прымаць удзел у працэдуры вылучэньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў. Будзем канцэнтравацца на назіраньні за выбарамі, магчыма, дапамагаць са зборам подпісаў. Нам цікава б было з адзіным кандыдатам паезьдзіць па рэгіёнах, каб ён улічваў інтарэсы «зялёных», дэкляраваў, у тым ліку, і нашы каштоўнасьці.

— Як ставіцеся да крытыкі з боку тых, хто лічыць, што ў выбарах у Беларусі ўвогуле нельга ўдзельнічаць, бо выбараў няма?

— Усе мы хочам, каб былі справядлівыя выбары. Адна справа — пісаць у інтэрнэце нешта, іншая — змагацца за справядлівыя выбары, займацца назіраньнем, шукаць хібы, карэктаваць заканадаўства. Стратэгія барацьбы за асноўнае права грамадзян Беларусі больш важная і больш актуальная. Мы для сябе абіраем такую стратэгію, а ня проста чакаць, пакуль у нас зьявяцца справядлівыя выбары.

«Беларусь чакае зьніжэньне нафтавых даходаў»

— У гэтым годзе мае запрацаваць АЭС. Што будзеце рабіць з гэтым пытаньнем?

— Цяпер нас расцэньваюць больш як экспэртаў у гэтай галіне. Але гэтае пытаньне ляжыць у палітычнай сфэры. Мы як партыя мусім рабіць упор на палітычныя мэты яе закрыцьця. Запуск АЭС зацягваецца, па сёньня не падпісанае пагадненьне аб захоўваньні адкідаў ад станцыі ў Расеі. Былі прыклады, калі пабудаваную АЭС не запускалі, таму шанцы ёсьць заўсёды. Важна, што ЭЗ таксама мусіць зьвяртаць на гэта ўвагу, бо гэта блізка каля мяжы. Нікому б не хацелася паўтарэньня Чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нясе пагрозу нацыянальнай бясьпецы Літвы». Эканамісту Раманчуку забаранілі ўезд у Шэнгенскую зону

— Вулічная актыўнасьць у Беларусі цяпер мінімальная, мы бачым, як актывістаў садзяць на суткі і даюць велізарныя штрафы. Ёсьць ідэі, як вярнуць палітыку на вуліцу?

— Мы будзем гэтым займацца. Я быў у аргкамітэце па правядзеньні апошніх акцый, атрымаў штраф за гэта. Фармат акцый будзе абмяркоўвацца, будзем выкарыстоўваць крэатыўныя падыходы.

Пікеты, вулічныя акцыі — гэта фармат, якім «Зялёныя» займаліся ў Беларусі. Каб прыцягваць людзей, патрэбныя і флэшмобы, і акцыі.

— Пратэставаць супраць інтэграцыі з Расеяй выходзіла мала людзей, гэтая тэма не хвалюе грамадзтва?

— Грамадзтва сочыць за гэтай праблемай. Людзей выходзіла няшмат, але была вялікая колькасьць праглядаў стрымаў з акцый. У бліжэйшыя чатыры гады ў Эўропе траціна людзей перасядуць на электрамабілі. Ня трэба разьлічваць, што мы будзем далей перапрацоўваць расейскую нафту і гнаць у Эўропу, гэты рынак зьменіцца. Зьніжэньне нафтавых даходаў будзе нас чакаць праз 5 гадоў. Нам трэба думаць пра сваю энэргетычную палітыку.

У пляне саюзнай дамовы зразумела, што нам трэба трымаць сябе ў тонусе, але цяпер мы маем перадышку, каб выбудоўваць сваю незалежную палітыку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што з транзытам расейскай нафты празь Беларусь. Разьбіраемся