Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя БНФ вінна за арэнду офіса некалькі тысяч даляраў. Частка памяшканьняў апячатаная


15 студзеня сядзіба партыі БНФ у Менску была замкнутая
15 студзеня сядзіба партыі БНФ у Менску была замкнутая

Партыя БНФ пазбавілася часткі памяшканьняў сядзібы на вуліцы Чарнышэўскага ў Менску. Вялікая заля апячатаная. Намесьнік старшыні партыі Аляксей Янукевіч кажа, што запазычанасьць за арэнду — некалькі тысяч даляраў.

Пра праблемы з аплатай арэнды за сядзібу БНФ у Менску на вуліцы Чарнышэўскага стала вядома ў канцы 2018 году. Тады ж быў арганізаваны збор сродкаў. Як стала вядома Свабодзе, хоць суму сабралі і значную, цалкам вырашыць праблемы з памяшканьнем кіраўніцтву БНФ не ўдалося.

«Мы змаглі сабраць каля 30 тысяч рублёў, аднак гэтага, на жаль, не хапіла для аплаты ўсіх запазычанасьцяў, вялікая заля сядзібы зараз апячатаная, — расказаў Свабодзе Аляксей Янукевіч. — Мы працягваем аплочваць арэнду часткі памяшканьняў. Цяпер сканцэнтруемся на гэтым. На жаль, сабраць сродкі на тое, каб выплаціць рэшту запазычанасьці, пакуль не атрымліваецца».

Па словах Аляксея Янукевіча, памер запазычанасьці — некалькі тысяч даляраў. За арэнду той часткі памяшканьняў, якія цяпер выкарыстоўваюцца актывістамі, партыя плаціць прыкладна 1400 рублёў у месяц.

«Мы пераплянавалі памяшканьні, зрабілі невялікую рэарганізацыю, — кажа Янукевіч. — Можам правесьці мерапрыемства з колькасьцю ўдзельнікаў прыкладна 45 чалавек. Але вялікая заля, на жаль, каля 6 месяцаў таму была апячатаная. Нам даступная толькі частка памяшканьняў».

Збор сродкаў на аплату арэнды памяшканьня на вуліцы Чарнышэўскага працягваецца. Пералічыць грошы можна праз сыстэму АРІП.

На вуліцу Чарнышэўскага цэнтральная сядзіба БНФ пераехала ў 2012 годзе, калі гарадзкая адміністрацыя адмовілася працягваць дамову аб арэндзе памяшканьня на вуліцы Варвашэні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG