На полі з «дарогай сьмерці» ў Курапаты мяркуюць пабудаваць выставачны цэнтар. Што з ахоўнай зонай?

Праект Нацыянальнага выставачнага цэнтру каля Курапатаў

«Менскпраект» абяцае, што новы выставачны цэнтар не парушыць ахоўнай зоны Курапат. Эскізны праект Нацыянальнага выставачнага цэнтру, які плянуецца пабудаваць паміж «Экспабелам» і Курапатамі, выстаўлены ў будынку «Менскпраекту».

Галоўны архітэктар «Менскпраекту» Ўладзімер Архангельскі паведаміў карэспандэнту Свабоды, што выставачны цэнтар не парушыць ахоўнай зоны народнага мэмарыялу.

«Гэта была першая ўмова. Але інакш мы і не ўзяліся б за гэтую справу», — сказаў Уладзімер Архангельскі.

На чым грунтуецца выснова, што не парушыць?

«Бо мы рабілі пасадку будынку на генпляне. І першай умовай было — не залезьці за мяжу ахоўнай зоны, — тлумачыць Свабодзе Архангельскі. — Зыходзячы з гэтага былі пралічаныя ўсе плошчы, разьмяшчэньне адкрытай пляцоўкі і крытых павільёнаў. Тое, што мы там пасадзілі, выглядае даволі кампактна. Спачатку з кальцавой успрымаюцца адкрытыя пляцоўкі, а павільён пасадзілі ўглыб.

Але гэта ўсё выразна, не залазячы за гэту мяжу аховы. Там ёсьць ахоўная зона і яе мяжа. Там ёсьць жалобнае месца — лес і палова поля. Пры пасадцы выстаўкі мы за мяжу не заходзілі. Візуальна, калі стаць сьпінай да „Bigzz“ і глядзець у бок Курапацкага лесу, гэта недзе сярэдзіна поля. Інакш няма ніякага сэнсу, бо памяць павінна заставацца памяцьцю».

Уладзімер Архангельскі

Уладзімер Архангельскі расказаў, на якой адлегласьці ад ахоўнай зоны мэмарыялу будзе знаходзіцца выставачны цэнтар.

«Пасьля ахоўнай зоны ідзе праезд, і яшчэ мэтраў 50 да нашых павільёнаў. Мы адступілі ад мяжы, зрабілі праезд, каб туды не залазіць. І потым памяшканьні цэнтру — невялікай вышыні, каля 15 мэтраў, — якія мы плянавалі прыкрыць дрэвамі», — сказаў галоўны архітэктар.

«Тут пажадана разьмяшчаць больш камэрныя аб’екты»

Уладзімер Архангельскі не выключае, што выставачны цэнтар можна было б пабудаваць і ў іншым месцы Менску:

«Тут пажадана разьмяшчаць больш камэрныя аб’екты. Але калі зь Мірашнічэнкі мы выяжджаем з-пад моста кальцавой дарогі, справа ў нас адкрываюцца крамы, паркоўкі. У любым выпадку зьлева ад гэтай дарогі трэба рабіць нейкі партэр, каб комплекс Курапатаў прыкрыць ад усяго гэтага гандлю».

«Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах. ФОТА

Паводле Архангельскага, зыходзячы зь міжнароднага вопыту, падобныя выставачныя цэнтры «потым дабудоўваюцца, ёсьць тэрыторыя, дзе яны могуць пэрспэктыўна разрастацца».

«А тут у нас такога няма. І гэта адзін зь мінусаў гэтай тэрыторыі, калі апусьціць само балючае пытаньне з Курапатамі. Чыста тэхналягічна гэты комплекс ня можа больш разрастацца, і гэта як бы дрэнна. Бо тут фізычна няма больш плошчы. Таму трэба было б разглядаць іншы ўчастак, каб можна было падзяліць на чэргі, паэтапна забудоўваць і эксплюатаваць гэтыя павільёны».

Калі пачнуць будаваць?

Уладзімер Архангельскі ня мае інфармацыі пра тое, калі і на якой пляцоўцы можа пачацца будаўніцтва выставачнага цэнтру, але «хацеў бы яе мець і будаваць».

«Мая справа — праектаваць. У нас быў зроблены эскізны праект на замову „Белэкспа“. На гэтым у нас усё спынілася», — сказаў Архангельскі.

Дзейны Нацыянальны выставачны цэнтар на праспэкце Пераможцаў, ©Shutterstock

Ён дадаў, што гэта комплекс для правядзеньня міжнародных выставак. У яго распрацоўцы выкарыстоўвалі міжнародны вопыт, езьдзілі і ў Пецярбург, глядзелі «Экспафорум».

«Вырашылі крыху ўдыхнуць туды нацыянальную ідэю, зрабіць вонкавы выгляд — беларускі васілёк, васільковае неба. Гэта была мая ідэя. Было раней шэсьць варыянтаў, і гэта апошні», — сказаў галоўны архітэктар.

Асобныя павільёны будуць у выглядзе пялёсткаў васілька. Па праекце іх маюць злучаць шырокія калідоры. Размах пялёсткаў складзе 290 мэтраў, як два з паловай футбольныя палі. Пасярэдзіне — круглы павільён.

«Канцэптуальна ўсё прадумана, засталося рабочае праектаваньне», — кажа архітэктар.

Для будаўніцтва мяркуецца максымальна выкарыстоўваць айчынныя матэрыялы, «каб было таньней». Бо гэты абʼект «інвэстыцыйны, і адразу вярнуць грошы немагчыма».

Грамадзкасьць прасіла захаваць поле некранутым

Загад Аляксандра Лукашэнкі пабудаваць Нацыянальны выставачны цэнтар на полі паміж Курапатамі і гандлёвым цэнтрам «Экспабел» выклікаў неадназначную рэакцыю ў грамадзтве.

Журналіст, сябра грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» Марат Гаравы кажа, што поле паміж Курапатамі і «Экспабелам» павінна стаць месцам нацыянальнай памяці і атрымаць асаблівы статус.

Марат Гаравы

«Па гэтым полі ішла „дарога сьмерці“, якую ахвяры бачылі апошняй у сваім жыцьці. Мы бачым, што ў будучым гэтае месца будзе абавязкова мэмарыялізавана. І разам з народным мэмарыялам у Курапатах складзецца цэласны комплекс».

«Дарогу сьмерці» мы не чапаем, — адказвае на закіды архітэктар Уладзімер Архангельскі.

Аднак, паводле Гаравога, у выніку будаўніцтва выставачнага цэнтру сытуацыя зьменіцца. Частка поля разам з «дарогай сьмерці» адносіцца да ахоўнай зоны Курапат. А гэта тая тэрыторыя, «захаваньне якой забясьпечвае захаваньне самога помніка».

«Калі гэтай зоны ня будзе, то ў пэрспэктыве ня будзе і помніка. Бо асваеньне ахоўнай зоны такімі аб’ектамі, як выставачны цэнтар, паўплывае на сытуацыю захаванасьці саміх Курапат», — кажа Марат Гаравы.

Марат Гаравы паказвае «дарогу сьмерці» на тапаграфічных мапах, 2016 год

Паводле Гаравога, на полі паміж Курапатамі і «Экспабелам» часткова захаваўся аўтэнтычны ляндшафт, які быў у 30–40-я гады. «Захавалася прастора вакол Курапатаў, якая дазваляе бачыць іх здалёк, а гэта азначае, што на падыходзе да Курапатаў у чалавека адпаведны настрой зьяўляецца».

Таксама прадстаўнікі грамадзкасьці лічаць, што мэмарыял і выставачны цэнтар «узаемна адзін аднаго выключаюць з архітэктурна-ляндшафтнага гледзішча». Бо народны мэмарыял у Курапатах — гэта месца пакутаў, пакаяньня і нацыянальнага адраджэньня. А выставачны комплекс мае зусім іншае прызначэньне.

«І апошняе: там няма дарожнай падʼязной інфраструктуры. Яе будаўніцтва зробіць гэты праект вельмі дарагім. Улічваючы ўсе гэтыя моманты, мы ўсе супраць гэтага абʼекта».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз ахоўную зону Курапатаў зьбіраюцца весьці камунікацыі для «Новай Баравой»

Прадстаўнікі грамадзкасьці выклалі свае аргумэнты ў звароце да прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса. Таксама ідзе збор подпісаў пад пэтыцыяй з просьбай перагледзець месца будаўніцтва НВЦ. Ужо сабралі больш за 900 подпісаў.

Марат Гаравы мяркуе, што да іх аргумэнтаў прыслухаліся. Паводле ягонай інфармацыі, праект з «валошкай» каля Курапат канчаткова не зацьверджаны.

Курапаты

Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.

У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты былі знойдзены астанкі людзей, гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя, дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».

У чэрвені 1988 году створана ўрадавая камісія, і пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа па выяўленых фактах.

У працэсе расьследаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Пры аглядзе ляснога масіву выяўлена, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 пахаваньняў, з якіх у часе эксгумацыі праверана 8 і ў 6 з іх знойдзены шкілетныя астанкі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы загінуўшых.

Ва ўшанаваньне памяці ахвяр пастаўлены крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.

У Курапатах неаднойчы чыніліся факты вандалізму.