Дызайнэр Уладзімер Цэсьлер сказаў Каці Маркоўскай у праекце «Морква», што назву рэстарацыі «Поедем поедим» з гледзішча нэймінгу лічыць удалай.
«Але я там ня быў ніколі», — дадаў Цэсьлер, які вядомы і як аўтар назваў менскага бару «Курилка» і кавярні «Другое место».
Адказваючы на пытаньне пра тое, як павінны выглядаць помнік і мэмарыял у Курапатах, дызайнэр сказаў, што гэта «даволі складаная штука, якая яшчэ толькі павінна быць створаная».
«Калі мы робім добраўпарадкаваньне, то мы гэта робім не для сябе, а для некага — вось прыедуць, пабачаць. А чаму нас павінны турбаваць думкі іншых? Нас павінны турбаваць нашыя думкі. Мы павінна гэта памятаць. А як яно зроблена... Вось тут дакладна — смутку не патрэбна добраўпарадкаваньне».
У лістападзе 2018 году дзяржава ўсталявала ў Курапатах мэмарыяльны знак «Ахвярам палітычных рэпрэсій 30–40-х гадоў XX стагодзьдзя». Яго ўжо некалькі разоў апаганьвалі невядомыя.
Раніцай 24 траўня Аляксандар Лукашэнка «спыніўся» ля Курапатаў падчас праверкі ўпарадкаваньня МКАД і прылеглых тэрыторыяў, піша прэс-служба Лукашэнкі. Лукашэнка загадаў пасадзіць у Курапатах дадатковыя дрэвы.
«І яны, хто там ляжыць (яны нас бачаць), дзякуй скажуць. Па пэрымэтры туі можна. Падумайце, як канчаткова добраўпарадкаваць Курапаты. Некалі мы яшчэ пройдзем, паглядзім», — сказаў Лукашэнка.
Крыжалом у Курапатах. Што важна ведаць
У Курапатах 4 красавіка зьнесьлі 70 крыжоў, якія стаялі ўздоўж МКАД і пачалі ўсталёўваць плот. 13 красавіка зьнесьлі ўсе мэталічныя крыжы ўздоўж кальцавой дарогі.
Ці законна гэта? Суд па крыжах у Курапатах меў адбыцца пасьля 19 красавіка. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.
Як адрэагавалі людзі? Увечары 4 красавіка памаліцца ў Курапаты прыйшлі больш за 200 чалавек. Яны прайшлі крыжовым шляхам да месца, дзе зносілі крыжы. Цягам красавіка за Курапаты моляцца ў розных гарадах і мястэчках Беларусі.
Рэакцыю палітыкаў, грамадзкіх актывістаў і публічных асоб можна пачытаць тут.
Што такое Курапаты?
Курапаты – лясны масіў на поўначы Менску, дзе ў 1937–1941 гадах супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі людзей.
Пра масавыя расстрэлы ў Курапатах шырока стала вядома ў 1988 годзе пасьля выхаду артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці».
Колькі там забілі? Гэта невядома дакладна — архівы НВКД і КГБ не раскрытыя, ды й магчыма, што нават у іх няма поўнага сьпісу расстраляных за час рэпрэсіяў.
Паводле розных падлікаў, карнікі НКВД расстралялі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 тысяч (першае сьледзтва, што вяла пракуратура БССР) да 250 тысяч чалавек.
Ці не нацысты гэта забівалі? Не, бальшавікі.
Аляксандар Лукашэнка заяўляў у 2015 годзе, нібы яшчэ не вядома дакладна, хто забіваў у Курапатах — бальшавікі ці нацысты. Пасьля выкрыцьця Курапатаў розныя групы спрабавалі знайсьці ў іх «нямецкі сьлед», але раз за разам гэта абвяргалі сьледчыя.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.