Аўтамабільнае паліва зноў падаражэе на 1 капейку

Ілюстрацыйнае фота

Канцэрн «Белнафтахім» абвясьціў аб другім у новым годзе павышэньні цэн на паліва на аўтазаправачных станцыях. 12 студзеня цэны традыцыйна павялічацца на 1 капейку.

Кошт бэнзіну АІ-92-К5-Эўра складзе 1,66 рубля за літар, АІ-95-К5-Эўра — 1,76 рубля, АІ-98-К5-Эўра — 1,98 рубля, дызэльнага паліва — 1,76 рубля.

«Зьмена цэн на нафтапрадукты абумоўленая ростам цаны нафты», — паведамляе дзяржаўны канцэрн.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На беларускіх запраўках вырастуць цэны на паліва

З прычыны росту кошту нафты для беларускіх НПЗ «Белнафтахім» у 2018-м і да восені 2019 году практычна штотыдзень уздымаў цану на аўтамабільнае паліва. З канца верасьня рост прыпыніўся больш як на месяц і зноў аднавіўся 24 лістапада — праз тыдзень пасьля выбараў у Палату прадстаўнікоў.


Апошнім разам цэны на паліва былі павышаныя 5 студзеня. «Белнафтахім» разьмясьціў падрабязнае абгрунтаваньне неабходнасьці такога кроку. Сярод іншага адзначалася, што за 2019 год цэны на маторнае паліва ў сярэднім былі павялічаныя на 13%, у той час як сусьветная каціроўка нафты вырасла на 17%. У студзені 2020 году каціроўкі нафты працягваюць павялічвацца, дасягаючы ў асобныя пэрыяды 68 долараў ЗША за барэль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цана нафты для беларускіх НПЗ за год вырасла на 34%, — «Белнафтахім»

Пры такім узроўні сусьветных цэн «толькі ў выніку нэгатыўнага ўплыву падатковага манэўру» у Расеі кошт нафты для беларускіх НПЗ у адносінах да папярэдняга годзе вырасьце больш як на 20 долараў ЗША за тону, што складае 5% да ўзроўню цаны 2019 года.

«Для захаваньня аптымальнага балянсу суадносін „кошт-якасьць“ на прадукцыю беларускай нафтаперапрацоўкі і аховы інтарэсаў аўтаўладальнікаў павышэньне цэн на аўтамабільнае паліва робіцца паэтапна. Абраная стратэгія дазваляе зьмякчыць уплыў зьмены цэн на нафтапрадукты на эканоміку ў цэлым і на кожнага спажыўца ў прыватнасьці», — перакананыя ў канцэрне, цытуе БелаПАН.