Іранская ракета зьбіла ўкраінскі самалёт, заявіў прэм’ер-міністар Канады Джасьцін Трудо на прэсавай канфэрэнцыі.
«Дадзеныя сьведчаць аб тым, што самалёт зьбіла іранская ракета зямля-паветра. Гэта было ненаўмысна. Гэтая новая інфармацыя ўзмацняе неабходнасьць дбайнага расьсьледаваньня інцыдэнту. Канада працуе са сваімі саюзьнікамі, каб забясьпечыць дбайнае і надзейнае расьсьледаваньне прычынаў гэтай фатальнай катастрофы», — сказаў Трудо са спасылкай на шэраг крыніцаў, у тым ліку канадзкую выведку.
Ён таксама асудзіў іранскі ўдар па іракскіх базах, дзе базуюцца сілы кааліцыі, у тым ліку канадзкія вайскоўцы.
У авіякатастрофе загінулі 176 чалавек, у ліку якіх 63 — грамадзяне Канады.
Прэм’ер Брытаніі: «Гэта магло быць ненаўмысна»
Пазьней прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан заявіў: існуе інфармацыя, што дае падставы меркаваць, што Іран зьбіў украінскі самалёт ракетай зямля-паветра. Паводле ягоных зьвестак, ёсьць таксама падставы меркаваць, што «гэта магло быць ненаўмысна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп пра катастрофу ўкраінскага самалёта ў Іране: «Адбылося нешта страшнае» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскія СМІ: украінскі самалёт зьбіты іранскай сыстэмай СПА выпадкова
Што вядома пра крушэньне:
- Самалёт Boeing 737-800 NG (рэйс PS752, рэгістрацыйны нумар UR-PSR) вылецеў каля 6.10 8 студзеня маршрутам Тэгеран — Кіеў, зьнік з радараў празь некалькі хвілінаў пасьля ўзьлёту.
- Усе на борце загінулі. На борце было 167 пасажыраў, а таксама 9 чальцоў экіпажу. Авіякампанія МАУ апублікавала сьпісы загінулых пасажыраў і чальцоў экіпажу.
- Сярод загінулых у катастрофе было найбольш грамадзян Ірану (82 чалавекі) і Канады (63 чалавекі), а таксама 11 грамадзян Украіны (2 пасажыры і 9 чальцоў экіпажу), 10 грамадзян Швэцыі, 4 — Аўганістану, 3 — Нямеччыны і 3 — Вялікай Брытаніі, паведаміў міністар замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка.
- Паводле папярэдніх зьвестак іранскага боку, самалёт разьбіўся з тэхнічных прычынаў, якія прывялі да аварыі рухавіка. МАУ перадавала, што цяпер у Іране вэрсіі тэракту або ракетнай атакі выключаюцца, але пазьней выдаліла гэты сказ з прэс-рэлізу. У інтэрнэце ж распаўсюджваюцца розныя чуткі пра магчымую сувязь катастрофы з канфліктам Ірану і ЗША — ніякіх афіцыйных заяваў пра такую сувязь не было. Расьсьледаваньне маюць правесьці ўлады Ўкраіны і Ірану, кампанія Boeing. МАУ супрацоўнічае з украінскімі ўладамі, каб высьветліць прычыны катастрофы.
- Самалёт быў выраблены ў 2016 годзе, атрыманы МАУ непасрэдна з заводу Boeing, апошні раз прайшоў плянавае тэхнічнае абслугоўваньне 6 студзеня 2020 году. МАУ заяўляе, што гарантуе спраўнасьць сваіх самалётаў і высокую кваліфікацыю пілётаў.
-