Самалёт Boeing-737 Міжнародных авіялініяў Украіны (МАУ), што ляцеў з Тэгерану ў Кіеў 8 студзеня, разьбіўся на ўзьлёце, паведамляе дзяржаўнае іранскае агенцтва IRNA.
Паводле іранскага агенцтва IRNA, на борце былі 176 чалавек: 167 пасажыраў і 9 чальцоў экіпажу. Тыя ж лічбы назваў прэм’ер-міністар Украіны. Рада нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны мае пацьверджаньне адносна 168 пасажыраў, што прайшлі рэгістрацыю на рэйс (на самалёт селі 167), і 9 чальцоў экіпажу.
Згодна з папярэдняй інфармацыяй, усе людзі на борце загінулі, паведаміла агенцтва Associated Press са спасылкай на надзвычайную службу Ірану, а таксама начальнік Упраўленьня консульскага забесьпячэньня МЗС Украіны Васіль Кірылыч у камэнтары «Інтэрфакс-Украіна».
Сьпісы загінулых пакуль не публікуюць, пазьней яны маюць зьявіцца на афіцыйным сайце МАУ. Паводле зьвестак іранскіх афіцыйных асобаў, большасьць загінулых — грамадзяне Ірану.
«Паводле папярэдняй інфармацыі, грамадзян Беларусі на борце не было. Пасольства Беларусі ў Іране працягвае ўдакладняць сытуацыю», — паведаміў Свабодзе начальнік упраўленьня інфармацыі МЗС Беларусі Анатоль Глаз.
Папярэдне іранскі бок мяркуе, што прычынай катастрофы маглі стаць тэхнічныя праблемы, якія прывялі да загараньня рухавіка. МАУ перадае, што цяпер вэрсіі тэракту або ракетнай атакі выключаюцца. BBC ж адзначае: невядома, ці зьвязаны інцыдэнт зьвязаны з канфрантацыяй Ірану з ЗША.
МАУ сьцьвярджае, што самалёт быў выраблены ў 2016 годзе, атрыманы наўпрост з заводу, прайшоў плянавае тэхнічнае абслугоўваньне 6 студзеня.
Момант падзеньня ўкраінскага Boeing 737:
Першыя хвіліны пасьля падзеньня самалёта:
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі выказаў спачуваньні родным загінулых.