Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі ў авіякампаніі «Белавія».
Існуе толькі адзін чартарны рэйс, калі самалёты авіякампаніі ляцяць над тэрыторыяй Ірана і Ірака, гэта рэйс Менск — Дубай.
«У нас ёсьць адзіны кірунак, калі самалёты авіякамапніі „Белавіа“ пралятаюць над тэрыторыяй Ірана і Ірака. Гэта чартарны рэйс Менск — Дубай, заплянаваны на 10 студзеня. Але ўжо з 10 студзеня нашы самалёты будуць аблятаць Іран і Ірак да высьвятленьня абставінаў катастрофы ўкраінскага самалёта», — паведамілі ў прэс-службе авіякампаніі.
Таксама самалёты «Белавія» не лятаюць у Багдад.
У 2010 годзе «Белавія» паведаміла пра адкрыцьцё рэгулярных рэйсаў у Тэгеран.
Аднак у 2017 годзе авіякампанія заявіла, што спыняе выкананьне палётаў Менск — Тэгеран — Менск «ад пачатку старту зімовага раскладу».
Паводле прэс-службы авіякампаніі, тады былі спыненыя палёты ў гэтым кірунку «з камэрцыйных прычынаў».
У 2015 годзе самалёт рэйса Менск — Тэгеран авіякампаніі «Белавія» зрабіў няплянавую пасадку. Ён вярнуўся ў Нацыянальны аэрапорт «Менск» з прычыны паведамленьня кампутара аб адмове навігацыйнай сыстэмы самалёта Bombardier CRJ200.