У Радзе Эўразьвязу 8 сьнежня прайшла цырымонія падпісаньня пагадненьня аб візавым рэжыме і рэадмісіі між Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам.
Зь беларускага боку ў Брусэль паляцеў міністар замежных справаў Уладзімер Макей.
З боку Эўразьвязу пагадненьне аб рэадмісіі (вяртаньні «нелегалаў») і візавым рэжыме падпісалі эўрапейская ўпаўнаважаная ва ўнутраных справах Ільва Ёгансан і намесьнік міністра ўнутраных справаў Харватыі Давар Бажынавіч.
«Гэтыя пагадненьні паміж Эўрапейскім Зьвязам і Беларусьсю — значны крок наперад у нашым супрацоўніцтве. Яны палепшаць мабільнасьць нашых грамадзян у добра кіраваным і бясьпечным асяродзьдзі і дапамогуць стварыць шчыльнейшыя сувязі паміж Эўрапейскім Зьвязам і Беларусьсю. З эўрапейскага боку мы зараз будзем хутка рухацца наперад у працэдурах ратыфікацыі, каб грамадзяне як мага хутчэй адчулі гэтыя выгады», — цытуюць на сайце Эўразьвязу Ільву Ёгансан.
Яшчэ ў лістападзе 2019 году Рада Эўразьвязу зацьвердзіла рашэньне аб падпісаньні зь Беларусьсю пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму:
- зьніжэньне для беларусаў цаны на шэнгенскую візу да 35 эўра
- і скарачэньне тэрміну выдачы візаў да 10 дзён.
Але падпісаньне пагадненьняў — яшчэ не апошні крок за візаў па 35 эўра. Пасьля падпісаньня абодва пагадненьні павінны будуць прайсьці працэдуру ратыфікацыі ў Эўрапарлямэнце і Нацыянальным сходзе Беларусі. Яны набываюць моц у першы дзень другога месяца пасьля абмену паведамленьнямі пра выкананьне названых працэдураў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі пашпарт — на 68-м месцы ў сьвеце па «бязьвізе»Новыя правілы выдачы шэнгенскіх візаў для ўсіх краінаў, паводле якіх віза падаражэе да 80 эўра, пачнуць дзейнічаць з 2 лютага 2020 году. І беларускі, і эўразьвязаўскі бакі казалі, што хацелі б падпісаць спрашчэньне візавага рэжыму да гэтай даты — Менск чакаў падпісаньня яшчэ ў восень 2019 году, Брусэль жа хвалявала пытаньне рэадмісіі.
Чакаецца, што пагадненьні аб «візах па 35» не пасьпеюць набыць моц да 2 лютага, калі пачнуць дзейнічаць правіла аб «візах па 80». МЗС Беларусі дапускала, што некаторы час візы для беларусаў могуць каштаваць 80 эўра, калі ня будзе дадатковых дамоўленасьцей, каб «замарозіць» тарыфы да ўваходу ў сілу пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму.
На сайце Эўразьвязу гаворыцца, што абодва пагадненьні могуць ўступіць у сілу сёлета ў чэрвені.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 пытаньняў і адказаў пра спрашчэньне візавага рэжыму з Эўразьвязам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ніжэй за Намібію, Сурынам і Бахрэйн — Беларусь у Індэксе пашпартоў сьвету