Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа

Кадар зь відэа. Юры Гараўскі ў ролі захопніка закладніцы

У сеціве зьявілася архіўнае відэа, адзін зь першых фільмаў пра беларускі спэцыяльны атрад хуткага рэагаваньня (СОБР), у кадрах якога фігуруе Юры Гараўскі.

На пастановачных кадрах спэцапэрацыі СОБР па вызваленьні закладніцы ў якасьці захопніка зьняўся Юры Гараўскі (6.08), які днямі ў інтэрвію Deutsche Welle расказаў пра выкраданьні і забойствы праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму і свой удзел у іх.

15-хвілінны сюжэт журналіста Аляксея Цітова выйшаў ў праграме Беларускага тэлебачаньня (БТ) «Из достоверных источников» у 1999 годзе. У сюжэце таксама фігуруе камандзір спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня («СОБР») Унутраных войскаў МУС Беларусі Дзьмітры Паўлічэнка (ён зьяўляецца ў кадры на 10.30).

Стоп-кадар з фільму, на якім гаворыць Дзьмітры Паўлічэнка

Як вынікае з гэтых кадраў, здымкі адбываліся на тагачаснай базе СОБРу пад Бегамляй. Там, дзе паводле розных сьведчаньняў, у тым самым 1999 годзе забілі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы спэцназавец Гараўскі на базе, дзе нібыта забілі Ганчара і Красоўскага. ФОТА

Калідор у закінутым будынку на тэрыторыі вайсковай базы СОБР за 5 кілямэтраў ад Бегамлі. Фота 17 сьнежня 2019 году

Кадар з архіўнага відэа пра СОБР, выглядае, зьняты ў тым жа будынку

Глядзіце ў нашай галерэі, як выглядае тагачасная база СОБРу пад Бегамляй цяпер.

Былая база СОБРА, дзе меркавана забілі Красоўскага і Ганчара. ФОТАГАЛЕРЭЯ

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што можа зьвязваць Гараўскага і Паўлічэнку. Некалькі фактаў

17 сьнежня нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала відэа, ў якім 41-гадовы Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», распавёў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі ў 1999 годзе. Тады ў Беларусі зьніклі былы міністар унутраных справаў Юры Захаранка, былы віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Віктар Ганчар і ягоны сябра бізнэсовец Анатоль Красоўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Гараўскі сьцьвярджае, што іх выкралі і забілі байцы спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня (СОБР) Унутраных войскаў МУС Беларусі пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі. У іх ліку нібыта быў і сам Гараўскі. Ён паказаў месцы пахаваньняў забітых на мапе і сказаў, што забіваў асабіста Паўлічэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

Што сказаў на гэта Паўлічэнка?

Дзьмітры Паўлічэнка заявы Гараўскага пракамэнтаваў даволі супярэчліва, розным СМІ — па-рознаму:

  • 16 сьнежня ў інтэрвію Tut.by: Знаёмы з Гараўскім, той служыў у вайсковай частцы 3214. Ці служыў Гараўскі ў СОБРы, Паўлючэнка не сказаў адназначна. Паводле яго, падчас зьнікненьня апазыцыйных палітыкаў Гараўскі «сядзеў».
  • 16 сьнежня ў інтэрвію «Нашай ніве»: ня ведае Гараўскага, не размаўляў з карэспандэнтам Tut.by.
  • 17 сьнежня у інтэрвію «Нашай ніве». Ня меў магчымасьці паглядзець відэа з Гараўскім. У інтэрвію Tut.by мог пераблытаць Гараўскага зь іншым байцом. «Мне потым сябры пазванілі, сказалі, што ніхто зь іх яго не прызнаў. Мяркуючы па тым відэа, ніхто яго ня ведае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўлічэнка адказаў на абвінавачаньне ў забойстве апанэнтаў Лукашэнкі

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара

  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа