Мяркуючы па ўсім, палітычнае кіраўніцтва краіны знаходзіцца цяпер у разгубленасьці з нагоды інфармацыі пра палітычныя забойствы, выкладзенай Юрыем Гараўскім. Яно ня ведае, як рэагаваць. Добрага выйсьця з гэтай сытуацыі яно ня мае.
Сьцісла
- Зьявіўся чалавек, які на тэлекамэру прызнаецца ў страшных злачынствах. Прычым гэта ня нейкі ананім, а рэальная пэрсона, зь імем і прозьвішчам.
- Найбольш нявыгадны гэты ўкід беларускім уладам.
- Новая інфармацыя ў «справе зьніклых» пачынае палітызаваць грамадзтва. Прычым у дадатак да тэмы беларуска-расейскай інтэграцыі. І ўсё гэта напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, якія кіраўніцтва дзяржавы хацела б правесьці, як звычайна, па-за палітычнай плашчынёй.
- Улады ў разгубленасьці, дзяржаўныя мэдыя апынуліся ў стане інфармацыйнага паралічу.
- Паводле фармальных правілаў і звычайнай лёгікі, праваахоўныя органы павінны былі б паспрабаваць узяць сьведкавыя паказаньні Юрыя Гараўскага і выклікаць на допыт тых асобаў, прозьвішчы якіх ён назваў як саўдзельнікаў забойстваў.
Фільм, апублікаваны Deutsche Welle, у якім былы баец «эскадрону сьмерці» Юры Гараўскі прызнаецца ва ўдзеле ў забойствах праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі ў 1999 годзе, стаў апошнімі днямі галоўнай ня толькі палітычнай, але і грамадзкай навіной Беларусі. Падзею абмяркоўваюць нават далёкія ад палітыкі людзі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. СьціслаКароткі фактчэкінг, што мы маем на сёньняшні дзень?
Зьявіўся чалавек, які на тэлекамэру прызнаецца ва ўчыненьні страшных злачынстваў. Прычым гэта ня нейкі ананім, а рэальная пэрсона, зь імем і прозьвішчам, ён не хаваецца пад псэўданімам. Многія людзі (суседзі і іншыя) яго пазналі, прызналі. І ў гэтым якаснае адрозьненьне ад іншых матэрыялаў на гэтую тэму.
Другі важны момант. Былыя калегі (у прыватнасьці, Ігар Парэчын) пацьвердзілі, што ён сапраўды служыў у СОБРы ў тыя часы, калі адбыліся злачынствы.
Галоўны фігурант «справы зьніклых» Дзьмітры Паўлічэнка, відавочна, кажа няпраўду, канчаткова заблытаўшыся у паказаньнях. За кароткі час у камэнтары незалежным мэдыя ён выказаў тры розныя вэрсіі з нагоды прызнаньня Гараўскага: ён яго ведае, той сапраўды служыў пад яго кіраўніцтвам у СОБРы; ён яго ня ведае; ён пераблытаў гэтага чалавека зь кімсьці іншым. І гэтая блытаніна ўскосна пацьвярджае сьведчаньне Гараўскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што можа зьвязваць Гараўскага і Паўлічэнку. Некалькі фактаўУ мэдыя, сацыяльных сетках цяпер разгортваецца дыскусія на тэму, каму выгадная інфармацыя Deutsche Welle, чый тут сьлед.
Але адначасова варта паставіць іншае пытаньне: каму найбольш нявыгадны гэты ўкід? Адказ відавочны — беларускім уладам. Адрозна ад 2001 году, калі інфармацыя пра «зьніклых» зьявілася ў недзяржаўных мэдыя, мы жывём у эпоху інтэрнэту. Цяпер інфармацыя распаўсюджваецца хутка і шырока.
Праблема ня толькі ў тым, што прызнаньне Гараўскага выцягвае на палітычны экран тэму, якую ўлады хацелі б замаўчаць. Гэтае пытаньне пачынае палітызаваць грамадзтва. Прычым у дадатак да тэмы беларуска-расейскай інтэграцыі. І ўсё гэта напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, якія кіраўніцтва дзяржавы хацела б правесьці, як звычайна, па-за палітычнай плашчынёй. Памятаеце, як Лідзія Ярмошына тлумачыла, чаму разьвялі парлямэнцкую і прэзыдэнцкую кампаніі? Каб не палітызаваць грамадзтва. Дык вось цяпер, здаецца, гэты сцэнар можа паламацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За кароткі час памерлі некалькі чалавек, што мелі дачыненьне да расьследаваньня», — сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці»Мяркуючы па ўсім, палітычнае кіраўніцтва краіны знаходзіцца цяпер у разгубленасьці, ня ведае, як рэагаваць на гэтую інфармацыю. Дзяржаўныя мэдыя маўчаць. І гэта вельмі паказальна. Галоўная тэма, якая абмяркоўваецца грамадзтвам, увогуле ігнаруецца дзяржаўнымі СМІ. Такі інфармацыйны параліч здараецца зь імі кожны раз, калі зьяўляецца такая непрыемная сытуацыя, а ўстаноўкі зьверху, як рэагаваць, няма.
Што абавязкова, паводле фармальных правілаў і звычайнай лёгікі, павінны былі б зрабіць цяпер праваахоўныя органы, гэта паспрабаваць узяць паказаньні ў Юрыя Гараўскага. Ці зрабіць запыт у Нямеччыну (мяркуючы па ўсім, ён знаходзіцца менавіта там) аб выдачы чалавека, які прызнаўся ў цяжкіх злачынствах, абвесьціць яго вышук праз «Інтэрпол». Ці даслаць сьледчага у Нямеччыну для допыту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мечыслаў Грыб: «Калі ўлада проста так адмахнецца, то яна фактычна прызнае праўду»
Другі відавочны ход Сьледчага камітэту палягае ў тым, каб выклікаць на допыт тых людзей, прозьвішча якіх назваў Гараўскі як саўдзельнікаў забойстваў. Дарэчы, Анатоль Лябедзька падаў адпаведную заяву старшыні Сьледчага камітэту і генэральнаму пракурору. Калі праваахоўныя органы ніяк не адрэагуюць на гэтую сытуацыю, то гэта фактычна будзе азначаць самавыкрыцьцё. Добрага выйсьця з гэтай сытуацыі ў палітычнага кіраўніцтва няма.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраўШто важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў
- 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
- 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.
- Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
- У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
- На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
- 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.
- 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
- 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
- Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.
Публікацыі па тэме:
Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла
Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых
Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА
«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА
Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў
«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага
Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі
Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?
Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца
Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа