За 2019 год назьбіралася пытаньняў, а ўцямных адказаў на іх няма па сёньня. Свабода сабрала ўсё, што вядома наконт іх.
Што з затрыманымі ў «справе аб салюце» ў Менску
3 ліпеня ў Менску падчас салюту на Дзень Незалежнасьці занадта нізка выбухнуў снарад, праз гэта загінула адна жанчына, некалькі чалавек пацярпелі. У Беларусі затрымалі двух супрацоўнікаў расейскай кампаніі, якая пастаўляла ў Беларусь піратэхніку. Гэта Канстанцін Дзянісаў і Максім Сапронаў. Што цяпер з затрыманымі, у Сьледчым камітэце Беларусі Свабодзе адказалі сьцісла: «Расьсьледаваньне працягваецца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як выглядае месца выбухаў салютаў на 3 ліпеня. Фота з дрона
Што з «шаломам Марзалюка»
У чэрвені ў Бабруйску выпадкова быў знойдзены шалом, як заявілі, X стагодзьдзя. Гісторык і дэпутат Ігар Марзалюк тады казаў, што гэта шалом князя Ізяслава, і ўзяўся апекавацца лёсам шалома і яго экспэртызаю.
Як даведалася Свабода, цяпер шалом на рэстаўрацыі ў музэі Вялікай Айчыннай вайны ў Менску. Колькі ён там будзе — невядома. А экспэртыза яго будзе праводзіцца «ўжо пасьля рэстаўрацыі», паведамілі ў музэі. То бок ці ён X стагодзьдзя і ці належаў Ізяславу — пакуль невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі гісторык абверг Марзалюка: бярэзінскі шалом ня мог належаць князю Ізяславу
Што цяпер робіць Алана Гебрэмарыям
Алана Гебрэмарыям — сябра «Моладзевага блёку» і кандыдатка на выбарах у Палату прадстаўнікоў — цяпер шукае працу.
«Калі не знайду ў бліжэйшы тыдзень, пайду ў Камітэт аховы здароўя, буду шукаць празь іх. Грамадзкую дзейнасьць таксама ня кідаю. У „Моладзевага блёку“ шмат плянаў», — сказала Свабодзе Алана.
Паводле адукацыі яна стаматоляг і шукае працу паводле спэцыяльнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Неабыякавыя маладзёны. Хто гэтыя людзі, якія зрабілі цікавымі нават выбары ў Палату прадстаўнікоў
Што з плястыкам, які Лукашэнка гразіўся забараніць
Цягам году Аляксандар Лукашэнка прынамсі двойчы казаў, што трэба пазбаўляцца плястыку. Цяпер прынятая пастанова ўраду, паводле якой плястыкавы посуд мусяць спыніць выкарыстоўваць да 2021 году. Яго могуць замяніць папяровым.
Наконт плястыкавай тары, а гэта бутэлькі з-пад напояў, кубачкі ды іншае, не паведамляецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым можна замяніць плястыкавы посуд, ад якога адмаўляюцца ў Эўразьвязе, і што пра гэта думаюць у Беларусі
Што зь Віктарам Лемяшэўскім, уладальнікам акумулятарнага заводу пад Берасьцем
У верасьні стала вядома аб затрыманьні Віктара Лемяшэўскага, уладальніка акумулятарнага заводу пад Берасьцем. Супраць гэтага заводу амаль два гады пратэстуюць мясцовыя жыхары.
Разам зь Віктарам Лемяшэўскім затрымалі яшчэ некалькі чалавек, усім інкрымінуюць справы, зьвязаныя з хабарам. У КДБ Беларусі праз тры месяцы пасьля затрыманьня не адказалі, што цяпер зь Лемяшэўскім ды іншымі затрыманымі.
«Я не камэнтую сьледчага працэсу», — сказаў прэс-сакратар КДБ Андрэй Яраш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці на плошчы Леніна сабралася каля 150 праціўнікаў акумулятарнага завода
Што будзе рабіць Марыя Васілевіч у парлямэнце
22-гадовая Марыя Васілевіч, уладальніца тытулу «Міс Беларусь», стала наймаладзейшай дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў. Адказваючы на пытаньні «Эўрарадыё», яна сказала, што пакуль ня мае ўласных законапраектаў.
«Не магу сказаць, што ў мяне ёсьць распрацаваны законапраект. Хутчэй гэта напрацоўкі і прапановы. Бо трэба пагутарыць з экспэртамі, з правапрымяняльнікамі. Вось проста пакету дакумэнтаў у мяне цяпер няма», — сказала Марыя Васілевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я хацела б, каб яна была проста шчасьлівай жанчынай». Настаўніца пра Марыю Васілевіч
Што там з інтэграцыяй
20 сьнежня Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін сустрэнуцца чарговы раз, каб абмеркаваць «паглыбленую інтэграцыю». Яны мусяць падпісаць каля трох дзясяткаў «дарожных мапаў», пра якія шырокай грамадзкасьці нічога не вядома. Пакуль пра інтэграцыю вядома толькі з словаў беларускага прэм’ера Сяргея Румаса:
«У тым пакеце дакумэнтаў, які мы абмяркоўваем, палітычных пытаньняў няма. Пытаньні ёсьць толькі эканамічныя. Я ня ведаю, можа, у кагосьці ў галовах ёсьць гэтыя пытаньні — гэта мне невядома, — але ў дакумэнтах, якія мы будзем прапаноўваць кіраўнікам дзяржаваў для падпісаньня, ніякіх наднацыянальных органаў няма», — сказаў Сяргей Румас пасьля сустрэчы зь Дзьмітрыем Мядзьведзевым 6 сьнежня.
Тады ж ён сказаў, што «засталося 16 няўзгодненых пытаньняў», а пытаньне бруднай нафты і кампэнсацыі за яе «не ўваходзіць у дарожныя мапы, зь ім працуюць асобна». Гэта ўсё, што вядома аб інтэграцыі на сёньня. Пасьля сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі 7 сьнежня ніякіх публічных заяваў аб інтэграцыі не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі палітоляг: Далучэньне Беларусі да РФ расейцы ўспрымуць як «пасадзілі нам на шыю новых дармаедаў»