Менскі мурал «Лічбавы сьвет» прызналі найлепшым у сьвеце з намаляваных у лістападзе

Так вырашыла міжнародная плятформа Street Art Cities. У конкурсе ўдзельнічалі 16 работ з розных краін.

Праца менскага мастака Яўгена Мутуса «Лічбавы сьвет», якую ён напісаў на 12-павярховіку на менскай вуліцы Прытыцкага, прызнаная найлепшай у сьвеце па вэрсіі міжнароднай плятформы вулічнага мастацтва Street Art Cities за лістапад.

На шматпавярховіку намалявана дзяўчына, якая пляце сетку з клубка сузорʼяў; сетка ператвараецца ў павуціньне, падобнае ці то да блокчэйну, ці то да глябальнага сеціва. Гэта нагадвае сюжэт славянскай міталёгіі пра багіню Мокаш, сымбалі жыцьцёвага дастатку.

«Яны вырашылі ўпершыню зрабіць галасаваньне сярод сваіх карыстальнікаў; было чатыры туры, і ў кожным туры ўдзельнічалі па чатыры працы. У фінале выйграла наша. Там былі работы з Чылі, Украіны, Гішпаніі. У галасаваньні бралі ўдзел больш за тысячу чалавек», — расказаў Свабодзе Алег Ларычаў, каардынатар праекту Urban Myths, у межах якога ствараўся мурал.

Адрас муралу — вуліца Прытыцкага, 150

Росьпіс «Лічбавы сьвет» ствараўся ў межах праекту «Будучыня» — гэта трыптых, дзе мастакам прапанавалі паказаць свой погляд на сучасную Беларусь і лічбавыя тэхналёгіі.

Праект выкананы ў тэхніцы фотарэалізму. Усе мадэлі — рэальныя жыхары Менску, якіх для сваіх твораў выбралі самі вулічныя мастакі. Праект рэалізаваны адміністрацыяй Фрунзенскага раёну Менску сумесна з стрыт-арт-актывістамі Urban Myths і кампаніяй А1.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мільён даляраў у гэта ўклалі, а маглі б калгас падняць!» — мастак распавядае, навошта людзям стрыт-арт
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прысуд у 15 000 рублёў. Як графіці «аўстралійскага Бэнксі» ў Менску пасварыла беларусаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За новы мурал на вуліцы Сталетава ў Менску далі штраф. Ці будуць яго замалёўваць?