Новая заля, прысьвечаная габрэйскай тэматыцы, адкрылася ў Івейскім музэі нацыянальных культураў у канцы лістапада. Выстаўленыя экспанаты зь Іўя, пэўнымі артэфактамі падзяліліся менскія музэі. Пакой стварылі дзякуючы спонсарскай дапамозе Слонімскага мясакамбінату.
Перад апошняй вайной у Іўі жылі больш за 3000 габрэяў (76% усяго насельніцтва). Амаль усе яны загінулі ад рук нацыстаў у івейскім гета. Паводле перапісу 2009 году тут заставалася толькі двое габрэяў.
Першаю наведнікі бачаць фігуру рабіна, які чытае Тору на адмысловым узвышэньні (біме).
Сьцяна за сьпіной рабіна паўтарае выглядам сьцяну ў адной з івейскіх сынагогаў. Перад вайной іх было тры, адну зруйнавалі, дзьве астатнія аддалі сёньня пад спартовую школу.
У куце стаіць частка мацэвы — надмагільнай пліты — і кавалак агароджы ад габрэйскіх могілак у Іўі XIX стагодзьдзя. Яны месьціліся за горадам.
На стэндзе пасярэдзіне пакою сабраныя выявы сынагогаў, якія былі ў Беларусі.
Тут узнавілі адрэзак Бэрнардынскай вуліцы (цяпер вуліца Карла Маркса) у Іўі міжваеннае пары. Пад нагамі камяні быццам сапраўднага бруку. У пэрспэктыве вуліцы, выяўленай мастаком Аляксеем Навумчыкам, відаць касьцёл, ля якога яшчэ няма фігуры Езуса з раскінутымі рукамі, як у Рыё-дэ-Жанэйра, хаты, мосьцік.
Зьлева стаіць жылы дом. На шыльдзе напісана, што тут жыве Арон Шварц. Праз адчыненыя вокны можна ўбачыць гаспадыню. Яна сядзіць за сталом, накрытым да сьвяточнай пятнічнай вячэры, прысьвечанай Субоце.
На адным са стэндаў можна перасунуць шыльды і паглядзець, як называліся вуліцы мястэчка. Крывую перайменавалі ў Чкалава, Наваградзкую — у Леніна, Віленская стала 1-га Мая, а Рыначная — Камсамольскай.
Тут можна ўбачыць амулет, які насілі насілі як юдэі, гэтак і мусульмане, — хамсу. Гэта выява далоні, якую рабілі з падручных матэрыялаў. Юдэі яе яшчэ называюць рука Мірыям, а мусульмане — рука Фацімы.
Ёсьць легенда, што аднойчы муж прывёў дахаты другую жонку. Першая жонка ў той момант варыла халву. Яна настолькі зьдзівілася і адчула разлуку з мужам, што надалей мяшала гарачую халву голай рукой, не адчуваючы болю. Выява далоні ва ўсходняй культуры лічыцца сымбалем вернасьці.
Незвычайны экспанат — рэлігійная кніга ў вокладцы «Дакумэнты зьнешняй палітыкі СССР». Яе перадала ўраджэнка Іўя Тамара Барадач, якая цяпер жыве ў Ізраілі. Кніга належала ейнаму бацьку, партыйнаму работніку. Так ён хаваў забароненую літаратуру.
Яшчэ адна цікавая кніга — копія Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 году. Надрукаваны на беларускай мове ў віленскай друкарні Мамонічаў (дзейнічала з 1574 году). Пасьля далучэньня тэрыторыі Беларусі да Расейскай імпэрыі Статут працягваў дзейнічаць у Віленскай, Горадзенскай, Менскай губэрнях да 1840 году.
Івейскі музэй нацыянальных культураў заснаваны ў 2009 годзе. Гэта адзіны ў Беларусі музэй такога профілю. Тут таксама працуюць залі, прысьвечаныя гісторыі Івейскага раёну, беларускім татарам і Другой усясьветнай вайне.