«Калі пачалася мэнструацыя, я падумала, што ў мяне рак»

Ілюстрацыйнае фота

Як мацярам і дочкам размаўляць пра каханьне, сэкс, кантрацэпцыю, фізіялёгію, уласнае цела, адносіны, прыняцьце сябе. Абмяркоўваюць настаўніца і пісьменьніца Ганна Севярынец, журналісткі Жэня Доўгая і Наста Бойка, а таксама сямейны псыхоляг Вольга Андрэева.

Сьцісла

  • Севярынец: Я, напэўна, старасьвецкі леў, бо лічу, што ёсьць тэмы, ня вартыя публічнай увагі, напрыклад, валасы на целе ці адсутнасьць аргазму. Гэта абмеркаваньне ў сямʼі ці з доктарам, але не публічнае.
  • Бойка: Калі пачалася мэнструацыя, для мяне гэта было нечакана, я плакала. Маці падсунула мне кніжку «Усё для дзяўчынак», падараваную ў дзіцячым садку. Адказаў на пытаньні, якія мяне тады турбавалі, я там не знайшла.
  • Доўгая: Маёй дачцэ 8 гадоў. Я адразу дала сабе ўстаноўку, што ня буду саромецца зь ёй размаўляць. Яна добра ведае, што такое мэнструацыя, што такое ВІЧ, адкуль бяруцца дзеці, што такое ЛГБТ.
  • Андрэева: У сэксалягічным цэнтры, калі я там працавала, былі вельмі кваліфікаваныя пэдагогі і псыхолягі, яны займаліся зь дзецьмі розных узростаў з розных школаў. Потым умяшалася праваслаўная царква, і гэтую праграму сэксуальнай асьветы закрылі.


«Зь нейкага ўзросту мама пачала падкладваць мне адпаведныя кніжкі»

— Сэкс, каханьне, прыняцьце і разуменьне ўласнага цела — такая ж самая тэма, як адукацыя, тэатар, спорт, але чамусьці яна лічыцца далікатнай. Вельмі многія ня ўмеюць і баяцца гаварыць пра гэта са сваімі дзецьмі. Як вы даведаліся пра ўсё гэта? Ці маглі шчыра раіцца са сваімі маці?

Ганна Севярынец

Ганна Севярынец: У мяне ніколі не было вострага жаданьня абмяркоўваць гэтыя рэчы з мамай. Не таму, што ў нас былі своеасаблівыя адносіны — яны былі нармальныя, але пытацца нешта ў мамы жаданьня не было. Магчыма таму, што зь нейкага ўзросту мама пачала падкладваць адпаведныя кніжкі, і я магла спакойна ў зручнай абстаноўцы пачытаць іх. У Савецкім Саюзе была такая таўшчэзная кніжка «Энцыкляпэдыя маладой сямʼі», дзе было падрабязна расьпісана ўсё, што тычыцца фізіялёгіі, каханьня, сэксу, аргазму.

— Вы такім жа спосабам са сваімі дочкамі «размаўлялі»?

Ганна Севярынец: Па праўдзе сказаць я імкнуся альбо падкласьці кніжкі, альбо абмеркаваць нейкую пачутую ці пабачаную сытуацыю, фільм, артыкул. Я ня бачу неабходнасьці размаўляць у лабавую на такія тэмы. Ня тое, што мне сорамна ці нязручна — я проста ня бачу патрэбы ў гэтым.

Адна справа — фізіялягічнае сталеньне, пачаткі пэўных працэсаў у жаночым арганізьме. Гэта трэба абмяркоўваць з мамай. А што тычыцца сэксуальных адносін, то сэкс — прыкмета дарослага чалавека. І мне заўсёды хацелася, каб я была дарослай у гэтым, і не ішла з гэтымі пытаньнямі да мамы. Таму для мяне лёгка з дочкамі абмяркоўваць пытаньні фізіялёгіі, а што тычыцца каханьня і ўсіх ягоных бакоў, то я лічу, што гэта трэба рабіць па запыце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня «цечка» і ня «гэта». Як размаўляць пра мэнструацыю зь дзяўчынкамі і хлопчыкамі

«Для мяне гэта было нечакана, я плакала»

— Наста, вам 22 гады, вы сталелі ў той пэрыяд, калі ўсю інфармацыю можна было знайсьці ў інтэрнэце. Тым ня менш, як вы даведаліся пра тую ж мэнструацыю? Ці былі ў вас шчырыя адносіны з маці?

Наста Бойка

Наста Бойка: Тады ў мяне кампутару з інтэрнэтам не было. Я памятаю, што мне было 11 год, калі пачалася мэнструацыя. Я вельмі напужалася, думала, што ў мяне рак. Сяброўкі таксама распавядалі, што ў іх былі падобныя думкі. Для мяне гэта было нечакана, я плакала. Потым мая маці заўважыла і падсунула мне кніжку «Усё для дзяўчынак». Яе нам падарылі, калі я выпускалася зь дзіцячага садку. Адказу на тыя пытаньні, якія мяне турбавалі на той момант, я там не знайшла.

«8-гадовая дачка ведае, адкуль бяруцца дзеці і што такое ЛГБТ»

Жэня Доўгая

Жэня Доўгая: Для мяне такія размовы заўсёды былі вялікім стрэсам, нягледзячы на тое, што мая маці заўсёды імкнулася да мяне штосьці данесьці. Але, як і маці Насты, ёй было прасьцей падкласьці кнігу. Аднойчы яны з бацькам падарылі мне на Новы год «Энцыкляпэдыю для дзяўчат». Гэта насамрэч жудасная кніга, у якой нічога не было расьпісана. Там на вокладцы дзяўчынка ў капялюшыку, якая вельмі нагадвала мяне ў дзяцінстве!

Наста Бойка: Гэта тая ж кніжка, якая была ў мяне!

Жэня Доўгая: Усё, што адбывалася са мной у дзяцінстве, сталеньне... Я адчувала нейкі сорам, мне ніхто ня казаў, што гэта нармальна, што ты сталееш. У мяне мэнструацыя пачалася ў 14 гадоў. Я памятаю, што гэта было літаральна перад 1 верасьня, і мама ўздыхнула і сказала: «Ой, штосьці ранавата». І я пасьля гэтага яшчэ больш закрылася ў сабе. Пазьней я запыталася, чаму яна са мной не размаўляла, на што яна адказала, што зь ёй маці таксама ніколі не размаўляла.

Маёй дачцэ 8 гадоў. Я адразу дала сабе ўстаноўку, што ня буду саромецца зь ёй размаўляць. Цяпер мая Саша добра ведае, што такое мэнструацыя, навошта патрэбныя пракладкі. Саша ведае, што такое ВІЧ. Ёй стала цікавая гэтая тэма і яна нядаўна чытала пра тое, што ў катоў таксама ёсьць такое, але называецца ВІК. Саша ведае, адкуль бяруцца дзеці, што такое ЛГБТ. Гэта адбываецца паступова. Неяк яна задала мне пытаньне: «А чаму мужчыны могуць кахаць мужчын?». І я вельмі радуюся гэтаму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта дашкольнікам сэкс-адукацыя

Я зацяжарала дастаткова рана, у 18 гадоў, нарадзіла амаль у 19. Я ня цешылася ані цяжарнасьцю, ані дэкрэтам, таму што для мяне стэрэатып «маладая маці», што яна бесталковая, усё гэта стала вялікім стрэсам. Цяпер мне 27 гадоў, і я б хацела другога дзіцяці, але ведаю, што не змагу да гэтага прыйсьці, бо ў мяне ёсьць псыхалягічная траўма. І мне хацелася б, каб у маёй Сашы гэтага не было.

Пра аргазм і іншыя рэчы зь ёй яшчэ рана размаўляць. Але яна ведае, што хутка ў яе будуць расьці грудзі. Запыталася ў мяне: «Мама, а ў колькі гадоў ты стала насіць станік?». Гэта вельмі крута. Я, напрыклад, ня ведаю, калі мая мама пачала насіць станік, хаця мне хацелася б гэта ведаць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мэнструацыя як табу». 7 цытатаў з дыскусіі пра сучасную жаночую літаратуру

Наста Бойка: Мая маці таксама адчувае патрэбу паразмаўляць са мной, але я пакуль не дайшла да таго, каб зь ёй на такія адносіны выйсьці. Мы можам штосьці вельмі шчыра абмеркаваць, але ня гэтую тэму.

«Мы павінны гаварыць пра жаночую падтрымку»

— Вольга, вы доўгі час працавалі ў Менскім сэксалягічным цэнтры, маеце вялікі досьвед працы ў сямейнай псыхатэрапіі. Якія вашы шматгадовыя назіраньні што да гатоўнасьці ў сямʼі абмяркоўваць гэтыя тэмы? Ці становяцца людзі больш адкрытымі і дасьведчанымі са зьменай пакаленьняў?

Вольга Андрэева

Вольга Андрэева: Я слухала гісторыі дзяўчат з сумам. Вельмі спачуваю жанчынам. Ня ўсё дзяўчаты і сёньня ў лёгкай сытуацыі, ня з усімі мамы гатовыя размаўляць. Мая мама са мной на гэтую тэму не размаўляла, але ў мяне была сваячка гінэколяг. Я знайшла ў яе, што пачытаць, і я сама магла задаваць пытаньні. У маім пакаленьні інфармацыя распаўсюджвалася сярод сябровак. Цяпер мы павінны гаварыць пра жаночую падтрымку. Сацыялізацыя жанчын вельмі ня простая, і вельмі важна вучыць дзяўчат з самага маленькага ўзросту паважаць сябе, цаніць сябе, клапаціцца пра сябе.

«Ня думаю, што трэба абмяркоўваць валасы на целе ці адсутнасьць аргазму»

— Я зь вялікай цікавасьцю прачытала кнігу амэрыканскай журналісткі Мары Олтман «Агульная анатомія. Данясеньні з фронту (і з тылу)», у якой яна ўзьняла самыя табуяваныя тэмы, зьвязаныя з вонкавым абліччам і ўнутранымі органамі жанчын (ПМС, валасы на целе, сфінктары, аргазм ды іншае). Цяпер гэта вельмі папулярная на Захадзе кніга, якая, паводле крытыкаў, можа стаць надзейным лекам ад застарэлых перадузятасьцяў, якія атручваюць жыцьцё мільёнам людзей. А пра што вы самі саромеліся ці дагэтуль саромеецеся гаварыць зь дзецьмі і ня толькі зь імі? Ці з журналістамі?

Ганна Севярынец: Мы шмат пра што не пагаворым. І не таму, што я саромеюся, а таму што я не лічу патрэбным рабіць гэта прадметам публічнага абмеркаваньня. Я, напэўна, нейкі старасьвецкі леў, але я сапраўды лічу, што ёсьць тэмы, ня вартыя публічнай увагі. Я ня думаю, што трэба абмяркоўваць валасы на целе ці адсутнасьць аргазму. Гэта абмеркаваньне ў сямʼі ці з доктарам, але не публічнае. Не таму што сорамна ці стрэсава, а таму што проста ня тыя тэмы.

Ілюстрацыйнае фота

Наста Бойка: З той прычыны, што ў нас з маці не склалася традыцыя адкрытых размоваў, я не магу размаўляць зь ёй на гэтыя тэмы. Калі ў мяне была маленькая хвароба па жаночай лініі, я не магла гэтым падзяліцца з маці. Для мяне гэта было балючае пытаньне, бо я б хацела, але не магла. Я не саромеюся, але так ніколі не было.

Жэня Доўгая: З мамай у нас цяпер іншыя адносіны, мы спакойна можам абмеркаваць той жа сэкс. Але лічу, што гэта пазнавата.

«Сэкс не павінен быць зьвязаны са страхам, болем, траўмай, прыніжэньнем»

— Вольга, калі зь цяперашнімі маці на гэтыя нібыта далікатныя тэмы не гаварылі іхнія маці, як і дзе яны змогуць навучыцца гаварыць з дочкамі пра гэта?

Вольга Андрэева: Дзяўчынкам, як і хлопчыкам, патрэбная падтрымка. Матулям важна падвышаць свой узровень ведаў, што тычыцца сэксуальных адносін. Цяпер выходзіць вельмі шмат перакладной літаратуры, якая ім можа дапамагчы. Маці павінна быць з дзяўчынкай, павінна быць гатовая адказваць на любыя яе пытаньні, фарміраваць у яе пазытыўнае стаўленьне да сэксу. Сэкс — важная частка любоўных адносінаў, ён не павінен быць зьвязаны са страхам, болем, траўмай, прыніжэньнем. Вельмі важна, якія ў маці гендэрныя ўстаноўкі, як яна глядзіць на ролі мужчыны і жанчыны, ці ёсьць у гэтых устаноўках месца гвалту...

Сэкс павінен быць у больш шырокім кантэксьце, таму што ён закранае і іншыя аспэкты чалавечых адносінаў. Маці можа быць чалавекам нумар адзін, які дапаможа дзяўчыне знайсьці сваё месца ў адносінах з мужчынам, сэксуальных адносінах і не атрымаць траўмы.

«Беларусы не празьмерна, але цнатлівыя»

— Калі я шукала ўдзельніц для гэтай перадачы і зьвярталася да розных жанчын, якія маюць дачок, мне многія адмаўлялі, спасылаючыся на інтымнасьць і далікатнасьць тэмы. Ганна, з вашага назіраньня, ці беларусы занадта цнатлівыя? Ці гэта нейкая нацыянальная рыса альбо проста ўсё яшчэ наступствы СССР, у якім «сэксу не было»?

Ганна Севярынец: Яны не празьмерна, але цнатлівыя. Гэта агульнае назіраньне. Наша культура больш цнатлівая. Нават народныя танцы ў беларусаў больш цнатлівыя, чым у іншых народаў. Я б ня стала зьвязваць гэта са спадчынай СССР. У 1920 гады сэксуальныя праблемы абмяркоўваліся вельмі шырока і публічна. Усё гэта адбывалася на хвалі сэксуальнай рэвалюцыі. СССР быў розны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы як каханкі больш далікатныя, больш дбаюць пра партнэра»

Мы самі па сабе дастаткова цнатлівыя, і я ня бачу тут вялікай праблемы, бо ёсьць цнатлівасьць публічная, але ёсьць давер унутры сямʼі. Ёсьць нейкія абмежаваньні публічнага дыскурсу, бо калі мы яго пашыраем на ўсе гэтыя рэчы, то «адкрываем шлюзы» для людзей, каб яны кпілі з гэтых тэмаў, каб яны траўмавалі тых, хто ўдзельнічае ў гэтых гутарках. Публічная цнатлівасьць — гэта добра.

— Наста, вы нядаўна выйшлі замуж, праўдападобна, у вас будуць дзеці. Як вы думаеце, кім цяжэй быць — маці ці дачкой?

Наста Бойка: Змагу адказаць, калі стану маці. Цяпер падаецца, што складаней быць дачкой, але цалкам магчыма, што больш складана быць маці. Думаю, што па-рознаму складана і той, і той.

— Жэня, ці прыміце вы любы выбар вашай дачкі?

Жэня Доўгая: Я прыму любы яе выбар. Я абапіраюся на свой досьвед. Часта ў школе парушалі мае межы, тыя ж хлопцы парушалі межы майго цела, дазвалялі сабе лішняе. Шмат разоў я заставалася з гэтай праблемай адзін на адзін. Дачцэ я заўсёды кажу, што трэба даваць адпор, не дазваляй сябе чапаць, калі табе гэта не падабацца. Ужо ня той час, каб вучыць дзяўчынак быць паслухмянымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як кахалася шляхта і чаму ліцьвінак лічылі распуснымі. Выйшла кніга пра сэкс у ВКЛ. 18+

— Калі яна ўсьвядоміць, што яна не традыцыйнай сэксуальнай арыентацыі, ці вы прыміце гэта?

Жэня Доўгая: Канечне, і яна пра гэта ведае. Я ёй казала, што часам дзяўчаты ў падлеткавым узросьце ня могуць зразумець, хто ім падабаецца — хлопчыкі ці дзяўчаты, каб яна не палохалася і падыходзіла да мяне пра гэта пагаварыць.

Што патлумачыць дзіцяці, калі на вуліцы знойдзены выкарыстаны прэзэрватыў?

— Вольга, сэксуальнай асьветы няма ў беларускіх школах, замест гэтага ўводзіцца курс семʼязнаўства. З вашага досьведу, якія небясьпекі можа прадухіліць сэксуальная адукацыя, і наколькі эфэктыўным можа быць курс семʼязнаўства?

Вольга Андрэева: У мяне ёсьць сумневы наконт курсаў семʼязнаўства, якія вядуць не прафэсіяналы, не псыхолягі, не сямейныя псыхолягі. Гэты курс ідэалягічна ангажаваны. Калі я працавала ў сэксалягічным цэнтры, у нас была спэцыяльная праграма, былі вельмі кваліфікаваныя пэдагогі, псыхолягі, якія праводзілі заняткі зь дзецьмі розных узростаў з розных школаў. Потым умяшалася беларуская праваслаўная царква, і гэтую праграму адмянілі, закрылі сэксуальную асьвету, сэксуальнае выхаваньне ў любой форме. Гэта вялікая страта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэкспрасьвет па-беларуску: «прыборка памяшканьня» замест прэзэрватываў

Праз сэксуальную асьвету мы павінны дзяцей абараняць ад розных хваробаў, бо больш 20 інфэкцый перадаюцца полавым шляхам. Мы павінны дапамагаць бацькам, таму што часам яны сутыкаюцца зь вельмі складанай сытуацыяй. Што, напрыклад, патлумачыць дзіцяці, калі яно знайшло на вуліцы выкарыстаны прэзэрватыў? Дзеці дапытлівыя, возьмуць у рукі і захочуць надзьмуць...

Ці падлеткавая цяжарнасьць. Калі дзяўчынка не гатовая і стане маці ў нясьпелым узросьце, гэта будзе вельмі цяжкай траўмай для яе. Сэксуальная асьвета — гэта і падрыхтоўка мужчын і жанчын да здаровага сэксуальнага жыцьця. Гэтыя тэмы павінны быць у публічным дыскурсе.