Лічыцца, што сям’я — гэта сапраўдная апора чалавека. Родныя заўжды падтрымаюць, да іх можна і варта зьвяртацца па дапамогу, ад іх ня трэба чакаць кепскага. Ну, могуць быць спрэчкі пра грошы, рамонт і падзел нерухомасьці пасьля сьмерці бацькоў, але ў астатнім сям’я — гэта сьвятое.
Але статыстыка злачынстваў паказвае, што размовы пра сьвятасьць сям’і — гэта хутчэй маніпуляцыі, якія граюць на карысьць злачынцаў. Усяго ў мінулым годзе ў Беларусі было забіта 305 чалавек, і 90 з іх сталі ахвярамі сваіх родных. 88 непаўналетніх былі згвалчаны ў сем’ях, і ў большасьці выпадкаў гвалтаўнікамі былі іх таты альбо айчымы (сужыцелі маці).
Падобна, што абсалютная большасьць гвалтаўнікоў дзяцей і падлеткаў былі іх сваякамі
Статыстыка згвалтаваньняў непаўналетніх выглядае ўвогуле катастрафічнай — поўных дадзеных за мінулы год Міністэрства ўнутраных спраў пакуль не дае, але вядома, што ў студзені-кастрычніку 2018 у Беларусі агулам было згвалтавана 56 непаўналетніх. Калі параўнаць гэтую лічбу з гадавымі дадзенымі па згвалтаваньнях непаўналетніх у сем’ях (88 выпадкаў), падобна, што абсалютная большасьць гвалтаўнікоў дзяцей і падлеткаў былі іх сваякамі.
Тыя людзі, якія мусілі абараняць ад небясьпекі, самі аказаліся небясьпечнымі. Гэтая статыстыка наўрад ці зьдзівіць тых, хто цікавіцца тэмай хатняга гвалту і сэксуальных злачынстваў: для нас не сакрэт, што дом — гэта далёка не заўжды бясьпечнае месца. Але ў «шырокай грамадзкасьці» слова «згвалтаваньне» дагэтуль асацыюецца збольшага з цёмнымі завулкамі ці шумнымі вечарынкамі.
Куды прасьцей і прыемней верыць у тое, гэтыя дзеці і падлеткі самі вінаваты
Зрэшты, і публікацыя статыстыкі наўрад ці дапаможа хутка зьмяніць гэтыя ілжывыя ўяўленьні пра сэксуальныя злачынствы. Паверыць у тое, што дзяцей гвалцяць іх таты, надта цяжка і балюча. Куды прасьцей і прыемней верыць у тое, гэтыя дзеці і падлеткі самі вінаваты: хадзілі ў няправільныя месцы, бывалі на няправільных вечарынах, абіралі няправільных сяброў. Калі верыць у такі сцэнар, сябе вельмі проста супакоіць: я ж усё раблю правільна, са мной і маімі дзецьмі такога не здарыцца.
Гэта клясычнае кагнітыўнае скажэньне, і пераадольваць яго можна хіба што доўгім шматразовым паўтарэньнем рэальнай статыстыкі: дзяцей гвалцяць дома, іх гвалцяць родныя людзі, найбольш небясьпечныя — таты і айчымы.
Як увогуле жыць з такім страхам?
Але ж гэта сапраўды руйнуе карціну сьвету! І незразумела, што мусяць рабіць маці: як разарвацца паміж жаданьнем максымальна падзяліць з партнэрам клопат пра дзяцей і страхам, што гэты мужчына можа іх гвалціць? Як увогуле жыць з такім страхам? Можа, пра гэта і задумвацца не трэба?
Зрэшты, заўжды можна прыдумаць нешта новае — напрыклад, можна ўсё ж прыняць той факт, што дзяцей гвалцяць таты, але заявіць, што гэта ўсё адбываецца толькі ў маргінальных сем’ях, а ў вас жа ўсе прыстойныя людзі дома.
Чаму рэальная статыстыка ігнаруецца сыстэмай адукацыі?
На індывідуальным узроўні ўсе гэтыя страхі і скажэньні зразумелыя: нікому ня хочацца верыць, што менавіта яе клапатлівы і добры муж можа аказацца гвалтаўніком. Але чаму рэальная статыстыка ігнаруецца сыстэмай адукацыі? Чаму на тых жа клясных гадзінах дзяцей не вучаць распазнаваць небясьпечныя сытуацыі, ня вучаць таму, што ў іх ёсьць асабістыя межы і ніхто не мае права іх парушаць? Чаму ім не расказваюць пра недапушчальныя дотыкі з боку іншых людзей?
Так званая сэксуальная адукацыя падлеткаў зводзіцца да размоваў пра шкоду дашлюбнага сэксу і «адказныя сэксуальныя паводзіны». З малодшымі дзецьмі на такія тэмы не размаўляюць увогуле — няёмка, сорамна і ўвогуле нібыта і ня трэба.
Дзяцей па-ранейшаму вучаць найперш слухацца дарослых, а не давяраць сабе.
Дзяцей па-ранейшаму вучаць найперш слухацца дарослых, а не давяраць сабе. Гэта традыцыйны погляд на выхаваньне, і бацькі, якія ім кіруюцца, вядома ж, ня хочуць зла сваім дзецям. Яны вераць, што ўсё робяць правільна, і што вучаць дзяцей справядлівасьці. Гэта гучыць высакародна, але ёсьць адна праблема: сьвет вельмі несправядлівы.
Дзяцей гвалтуюць, зьбіваюць і забіваюць. Можна бясконца шукаць, у чым там правініліся самі дзеці, але рэальнасьць ад гэтага ня зьменіцца: дзеці не вінаватыя, зь імі гэта зрабілі проста таму што змаглі. Yіякія вашы дзеяньні ня могуць гарантаваць, што вашае дзіця будзе ў бясьпецы, але павялічыць шанцы ўсё ж можна. І для гэтага найперш трэба прызнаць рэальнасьць, нават калі яна сьмяротна пужае.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.