У Менску другі дзень ідзе фэстываль інтэлектуальнай літаратуры «Прадмова». У дыскусіі «Жаночая літаратура: зьмена парадыгмы» ўзялі ўдзел беларускія паэткі і пісьменьніцы Алена Брава, Вольга Гапеева, Анка Ўпала, Юлія Цімафеева і фінска-эстонская пісьменьніца Софі Оксанэн. Свабода сабрала сем выказваньняў удзельніц дыскусіі.
Софі Оксанэн: «Самыя сэксісцкія краіны, у якіх я была, — Італія і Літва. У Італіі мой узрост быў вялікай праблемай. Я памятаю, што журналіст, які чытаў мае кнігі, прыйшоў у аўдыторыю і проста закрычаў: „Я ня мог уявіць, што вы такая маладая!“. У Літве вялікая частка пытаньняў пасьля дыскусіі была кшталту: „Ці замужам вы?“ „А што думае муж пра вашыя творы?“ І такія пытаньні займаюць палову інтэрвію».
Софі Оксанэн — фінская пісьменьніца, фэміністка і ЛГБТ-актывістка. Яе раман «Ачышчэньне» перакладзены больш чым на 50 моваў сьвету і атрымаў на радзіме ўсе магчымыя ўзнагароды. Оксанэн — першая фінская літаратарка, якая стала ляўрэаткай прэміі Швэдзкай акадэміі — так званага «малога Нобэля».
Анка Ўпала: «У літаратуры цялеснасьць, пра якую пішуць жанчыны, дагэтуль успрымаецца як табу. Аднойчы падчас дыскусіі адна наведніца падышла да мяне і сказала: „Божа! Не пішыце пра мэнструацыю. Гэта ж фізіялёгія!“»
Анка Ўпала — пісьменьніца, перакладчыца, аўтарка раману «На заснежаны востраў», які увайшоў у шорт-ліст прэміі Гедройца.
Алена Брава: «Дамінуючы дыскурс у літаратуры створаны мужчынамі-пісьменьнікамі. Як можна часта пачуць, калі выступаюць пісьменьнікі старэйшага пакаленьня, „жанчына — гэта муза, Прыўкрасная Дама“. Якая мэнструацыя, дзяўчаты? Як гэта можна казаць у дачыненьні да Прыўкраснай Дамы ці музы? Для мужчыны яна павінна быць зручнай, камфортнай, клапатлівай жонкай».
Алена Брава — пісьменьніца, аўтарка кніг «Камэнданцкі час для ластавак», «Каханнье ў ценю казармаў Манкада», «Менада і яе сатыры», «Спэктакль у чорным тэатры».
Вольга Гапеева: «Чаму я пішу пра цялеснасьць? Гэта нейкая спроба адваяваць цела назад, у мовы, у грамадзтва, якім яно хоча мяне бачыць».
Вольга Гапеева — паэтка, перакладчыца, лінгвістка. Аўтарка кніг «Няголены ранак», «Прысак і пожня», «Сумны суп», «(в)ядомыя гісторыі».
Юлія Цімафеева: «Мы ўсе пойдзем да зямлі. Мы ядзім, расьцем, дыхаем. Мы пазнаём сьвет дзякуючы свайму целу. Таму для мяне адмаўленьне ад гэтага цела — дзікасьць. Цела — наш самы першы дом. Мы жывём у ім усё жыцьцё. Сама паэзія ў многім зьвязаная зь цялеснасьцю, таму што паэзія — гэта дыханьне. Для мяне гэта нармальна. І ня трэба гэтага саромецца».
Юлія Цімафеева — паэтка, перакладчыца, аўтарка зборнікаў вершаў «Кніга памылак» і «Цырк».
Анка Ўпала: «Калі выйшла мая кніга, мужчыны ня ўбачылі ўва мне канкурэнтку і больш паблажліва паставіліся да яе. Бо ў нашым грамадзтве мужчыны канкуруюць з мужчынамі».
Юлія Цімафеева: «Мы павінны ставіцца сур’ёзна да саміх сябе, уласнай творчасьці і творчасьці нашых каляжанак. Трэба верыць у іншых жанчын і падтрымліваць адна адну».