Пракуроры паінфармавалі старшыню прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і старшыню менскай гарадзкой арганізацыі прафсаюзу Ігара Комліка, што яны трапілі пад закон аб амністыі, піша прэс-служба РЭП.
Абодвум з нагоды 79-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нацыстаў скарацілі пакараньне на 1 год. У канцы лета 2018 году Фядыніч і Комлік былі асуджаныя на 4 гады «хатняй хіміі» — абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Судзьдзя таксама пастанавіла спагнаць з падсудных амаль 50 тысяч рублеў.
Генадзь Фядыніч ня згодны з тым, што іх наагул асудзілі, — ён лічыць вырак незаконным і зьбіраецца разам зь Ігарам Комлікам падаваць скаргу ў Вярхоўны суд на рашэньне раённага суду, пацьверджанае гарадзкім. Калі і той не скасуе прысуд, Фядыніч зьбіраецца зьвяртацца ў Камітэт правоў чалавека ААН.
«Ведаю, што Міжнародная арганізацыя працы запытала ўва ўраду „справу прафсаюзаў“, усе дакумэнты: МАП таксама хоча зразумець, якім чынам кіраўнікі прафсаюзаў, не бізнэсоўцы, аказаліся вінаватымі ў нясплаце падаткаў і атрымалі ад гэтага нейкі прыбытак», — дадаў Фядыніч.
Кіраўнік РЭП дадаў, што яны з Комлікам «не забылі», што і да пачатку працэсу, і пасьля яго «на нас распаўсюджваўся паклёп», — проста пакуль «браку часу на свае справы», бо «аддаюць прыярытэт чужым».
Што такое «хатняя хімія»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах ад Мікіты ЛіхавідаЗгодна арт. 48−1 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Беларусі пакараны абмежаваньнем волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу асуджаны абавязаны:
- зьяўляцца на выклік крымінальна-выканаўчай інспэкцыі (маюць права выклікаць асуджанага для гутарак, для наведваньня выхаваўчых і іншых захадаў);
- у вольны ад працы ці вучобы час пастаянна знаходзіцца ў сваім жытле або на тэрыторыі каля дому, не адыходзячы ад жытла далей за адлегласьць, вызначаную інспэкцыяй;
- з 19-й да 6-й гадзіны быць у сваім жытле;
- упускаць дадому супрацоўнікаў інспэкцыі ў кожны час дня (інспэкцыя можа наведваць асуджанага на месцы працы або вучобы).
«Справа РЭП». Што важна ведаць
- Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017-га. Паводле сьледзтва, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч эўра, якія не праходзілі ў фінансавых справаздачах.
- Прафсаюзных актывістаў абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў на 23 тысячы рублёў.
- У межах справы сьледчыя апыталі больш за 800 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.
- 24 жніўня лідэраў незалежнага прафсаюзу РЭП Фядыніча і Комліка асудзілі на 4 гады «хатняй хіміі».
- Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванай».
- Праваабаронцы, якія сачылі за судовым працэсам, адзначалі, што многія доказы здабытыя ў межах «таямнічых працэдураў».
- З заявамі пра неабходнасьць адмены абвінаваўчага прысуду Фядынічу і Комліку выступаюць беларускія праваабарончыя і міжнародныя арганізацыі. Так, на думку міжнароднай праваабарончай арганізацыі Front Line Defenders, перасьлед прафсаюзных лідэраў зьвязаны выключна зь іхнай мірнай і законнай працай у галіне абароны правоў чалавека.
- З патрабаваньнем адмяніць пакараньне лідэрам РЭП зьвярнуліся да прэзыдэнта Беларусі Глябальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў.