Міністар эканомікі Беларусі Дзьмітры Круты на пленарным паседжаньні беларуска-швэдзкай бізнэсовай рады 26 лістапада агучыў пляны пашырэньня бязьвізавага рэжыму ў Беларусі.
Паводле БелТА, пляны (без канкрэтных датаў) такія:
- пашырыць бязьвізавыя зоны (цяпер дзьве ў Берасьцейскай і Горадзенскай абласьцях аб’ядналі ў адну, там можна быць да 15 дзён бязь візы);
- «спрасьціць» уезд іншаземцам праз абласныя аэрапорты і наземныя пункты пропуску.
Што значыць «спрашчэньне» ўезду, ён не ўдакладніў, але цяпер праз наземныя пункты і абласныя аэрапорты можна трапіць толькі ў бязьвізавую зону на захадзе краіны.
Для ўезду праз «агульны бязьвіз» на 30 дзён па ўсёй краіне трэба прылятаць у Нацыянальны аэрапорт «Менск». Замежныя турысты ня раз наракалі, што няма як трапіць у Беларусь зь «бязьвізам» праз наземныя — аўтамабільныя, чыгуначныя ці пешыя — пераходы.
Пры тым абласныя аэрапорты ў Беларусі маюць статус міжнародных, але прымаюць і выпраўляюць рэйсы найчасьцей у Расею, практычна не прымаюць самалёты з краінаў, грамадзяне якіх маглі б трапіць у Беларусь паводле «бязьвізу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 месцаў, якія варта наведаць у пашыранай зоне бязьвізу Горадзенскай і Берасьцейскай абласьцейШто важна ведаць пра беларускі «бязьвіз»
Бязьвізавы ўезд у Беларусь дзейнічае зь лютага 2017 году:
- пры ўезьдзе праз Нацыянальны аэрапорт «Менск»;
- для наведнікаў бязьвізавай зоны «Берасьце – Горадня».
Колькі дзён можна знаходзіцца ў Беларусі бязь візы?
- Да 30 дзён пры ўмове прылёту ў Нацыянальны аэрапорт «Менск» і вылету адтуль жа;
- Да 15 дзён для турыстаў бязьвізавай зоны «Берасьце — Горадня».
«Бязьвізам» нельга скарыстацца, прыляцеўшы з Расеі, бо на гэтых рэйсах няма памежнага кантролю.
Замежнікам, якія зьбіраюцца гасьцяваць у Беларусі больш за 10 працоўных дзён, трэба рэгістравацца ў органе рэгістрацыі (МЗС, або органе ўнутраных спраў) па месцы пражываньня. У гатэлях і санаторыях рэгістрацыю праводзіць адміністрацыя падчас засяленьня, са студзеня 2019 году можна таксама бясплатна зарэгістравацца праз інтэрнэт.