Беларускія выкладчыкі гісторыі і грамадазнаўства, супрацоўнікі музэяў абмяркоўваюць, як выкладаць гісторыю Галакосту. Сэмінар для 50 выкладчыкаў і музэйных работнікаў арганізавалі Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна разам з Мэмарыялам Шоа (Memorial de la Shoah, Францыя).
Падзяліцца досьведам зь беларусамі ў Менск прыехалі гісторыкі, дасьледчыкі, выкладчыкі з Францыі, Бэльгіі, Расеі.
Чаму гэта важна
У гады Другой усясьветнай вайны ў Беларусі было забіта больш за 800 тысяч габрэяў.
На тэрыторыі Беларусі было створана 250 гета. У самым буйным — Менскім — загінула больш за 100 тысяч чалавек.
У Беларусі дагэтуль няма ні музэю Галакосту, ні музэю Менскага гета.
Толькі ў Наваградку ёсьць Музэй супраціву. Сярод тых, хто ўцёк з Наваградзкага гета — сваячка цяперашняга прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, бабуля ягонага зяця Джарэда Кушнэра Рая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выжыць. За гісторыяй сваякоў Дональда Трампа – Беларусь, якую пакінулі габрэіКожны настаўнік дагэтуль сам вызначае, як выкладаць тэму Галакосту
Толькі сёлета ў школьных падручніках зьявіўся тэрмін «Галакост». Раней гэтую тэму вывучалі толькі на факультатывах, кажа дырэктарка Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна Ірына Кашталян.
«Гэта ўсяляе надзею, што школьнікі будуць больш ведаць пра генацыд, Галакост, нацызм. Але ў краіне, дзе кожны трэці з загінулых падчас вайны — габрэй, пры тым, што да вайны габрэі ў беларускіх гарадах складалі 50% і больш, і што мы страцілі цэлы пласт нашай гісторыі, — тэме Галакосту цяпер адводзіцца сумарна прыкладна адна старонка тэксту. Аднак тое, што мы бачым у музэях (у першую чаргу ў музэі Вялікай Айчыннай вайны), адкрыцьцё мэмарыялаў у Трасьцянцы, Благаўшчыне — дае выклік на павелічэньне аб’ёму інфармацыі пра Галакост у будучым.
Што радуе — мы бачым цікавасьць да гэтай тэмы настаўнікаў, музэйшчыкаў з розных рэгіёнаў. Яны дзеляцца досьведам, расказваюць пра свае распрацоўкі. Ёсьць спадзяваньне, што падчас сваіх урокаў яны будуць больш выкарыстоўваць матэрыялы нашых дасьледчыкаў».
Ірына Кашталян расказала, што ў Гістарычнай майстэрні рыхтуюцца матэрыялы ў дапамогу менавіта настаўнікам, каб ім было прасьцей дагрукацца да дзяцей з такой няпростай тэмай. Супрацоўнікі распрацавалі тэст для школьнікаў, у якім 17 пытаньняў і 3 варыянты адказаў. Да прыкладу:
- Калі ў Беларусі зьявіліся габрэі?
- Што такое Галакост?
- Калі было вызвалена Менскае гета?
- Навошта габрэі насілі жоўтую нашыўку?
- Ці быў супраціў у гета?
- Хто такія праведнікі?
- Чаму тыя, хто перажыў Галакост, не расказвалі пра свае пакуты?
Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Бараўлянскай сярэдняй школы № 2 Тацяна Гражэўская кажа, што канкрэтнага раскладу гадзін па тэме Галакосту ў школьнай праграме няма. Кожны настаўнік сам вызначае, як выкладаць і колькі часу патрэбна.
«Я ў сваёй працы шмат часу гэтаму аддаю — праз выхаваўчыя мерапрыемствы. Да прыкладу, летась з 11-клясьнікамі мы паставілі спэктакль, прысьвечаны вайне, і цэлым блёкам мы расказалі пра жыцьцё дзяцей падчас Галакосту. Я сама больш за год рыхтавалася, па драбочку шукала, што дзеці змогуць самі зрабіць. Мы пастараліся адысьці ад традыцыйных песень пра вайну, якія ўжо „намылілі вуха“ — усё паказалі праз сучасную музыку, праз сучасны танец. І сёлета падыходзяць ужо іншыя дзеці, нават самыя маленькія, пытаюцца, ці будзем рабіць спэктакль.
Але ўсё гэта я рабіла ў свой вольны час, а зусім ня ў межах школьнай праграмы. Гэта бяда», — прызнаецца Тацяна Гражэўская.
Яшчэ адна настаўніца з 39-гадовым стажам са Слуцкага раёну Натальля Бартошык пацьвярджае, што толькі на факультатыве «Вялікай Айчынная вайна» была асобная тэма «Генацыд. Галакост».
«У школьнай праграме, на жаль, усё вельмі эпізадычна і коратка. Толькі настаўнікі-энтузіясты, якія ўсьведамляюць важнасьць праблемы, даюць гэта на пазаклясных занятках, вядуць дзяцей у музэі, мэмарыялы», — кажа Натальля Бартошык.
У Францыі праблему Галакосту ўсьвядомілі толькі ў 1995-м — пасьля выступу Жака Шырака
Бруно Бае, супрацоўнік францускага Мэмарыялу Шоа, не адзін раз ужо быў у Беларусі. Ён кажа, што зрухі ў апошнія некалькі гадоў заўважныя: зьявіліся мэмарыялы «Трасьцянец» і «Благаўшчына». Але, на яго думку, недастаткова проста ствараць месцы памяці.
«Неабходна суправаджаць гэта тлумачэньнямі. Гэта мэта нашага сэмінару: паразмаўляць з выкладчыкамі, з музэйшчыкамі і разам выпрацаваць інструмэнты для інфармаваньня нашых аўдыторый.
Нельга забываць, што сыходзяць з жыцьця апошнія сьведкі тых падзей, і адказнасьць, якая сёньня ляжыць на пэдагогах, на нас з вамі, узрастае яшчэ больш — як цяпер, у адсутнасьць людзей, якія перажылі гэтыя жахі, патлумачыць, адукаваць гэта пакаленьне?» — разважае францускі дасьледчык тэмы Галакосту Бруно Бае.
Ён кажа, што і ў Францыі ўсьведамленьне неабходнасьці вывучаць тэму Галакосту заняло даволі шмат часу. Адразу пасьля вяртаньня дэпартаваных быў пэўны інфармацыйны ўсплёск. Потым на 30 гадоў наступіла зацішша, гэтая тэма была прадстаўлена ў адукацыйным працэсе вельмі павярхоўна.
«Асноўнай ключавой вяхой стаў выступ Жака Шырака і прызнаньне адказнасьці Францыі, яе „вечнага доўгу перад ахвярамі дэпартацыі“, ягоная знакамітая прамова ў 1995 годзе. Вось тады праца была адноўлена і працэс рушыў інтэнсіўней. Да гэтага нешта рабілася, але вельмі марудна і неглыбока», — прызнаецца Бруно Бае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы пачынаюць заўзята даказваць габрэям — мы ж вас ратавалі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінула 75 год ад зьнішчэньня Менскага гета. Чаму ў Беларусі няма музэю Галакосту?