Сьледчыя ўпраўленьня Нацыянальнай паліцыі ў Івана-Франкоўскай вобласьці завяршылі дасудовае расьсьледаваньне крымінальнай справы аб гібелі трох беларусаў у выніку аварыі паблізу паселішча Красьнік Верхавінскага раёну.
Як паведамілі Свабодзе ў сэктары камунікацыі паліцыі Івана-Франкоўшчыны, матэрыялы справы перададзеныя для разгляду ў судзе.
Паводле працэдуры, суд спачатку вывучыць абвінаваўчыя акты на адпаведнасьць заканадаўству і толькі пасьля гэтага прызначыць разгляд справы па сутнасьці.
Сёлета 6 траўня аўтамабіль з 23 беларускімі турыстамі абрынуўся ў раку Чорны Чарамош з вышыні 30-40 мэтраў, тры чалавекі загінулі, яшчэ 10 атрымалі траўмы. Паводле сьледзтва, кіроўца ня справіўся зь кіраваньнем на пад’ёме, у выніку чаго аўтамабіль пачаў рухацца назад і сарваўся з абрыву ў раку.
Паліцыя просіць суд прызнаць вінаватымі ў аварыі кіроўцу аўтамабіля Ўладзіміра Такарчука і кіраўніка Фэдэрацыі рафтынгу Прыкарпацця, які дазволіў перавозку турыстаў на грузавым аўтамабілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне затрымалі прадпрымальніка, які ажыцьцяўляў «сьмяротны» рафтынг-тур для беларусаўПаводле сьледчых, мэдычная экспэртыза пацьвердзіла, што кіроўца ў часе аварыі знаходзіўся ў стане алькагольнага ап’яненьня. Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Кіраўнік арганізацыі, што ладзіла рафтынг-тур для беларусаў, можа быць пакараны як штрафам і папраўчымі працамі, гэтак і зьняволеньнем на 5 гадоў з пазбаўленьнем права на працягу трох гадоў займаць пасады, зьвязаныя з адказнасьцю за тэхнічны стан і эксплёатацыю транспартных сродкаў.
З траўня кіроўца аўтамабіля знаходзіцца ў сьледчым ізалятары, а кіраўнік Фэдэрацыі рафтынгу Прыкарпацья — пад хатнім арыштам.