6 траўня ва ўкраінскіх Карпатах загінулі трое грамадзян Беларусі. Грузавік, якім яны падарожнічалі, абрынуўся з абрыву ў раку Чорны Чарамош з вышыні 30-40 мэтраў. Сярод сьмяротных ахвяраў і кіраўнік беларускай групы, якая павінна была сплаўляцца па рацэ, слонімец Яўген Іваноў. Свабода паразмаўляла зь яго сястрой Анжэлай.
За мяжу з турыстамі Яўген езьдзіў не ўпершыню. Апошнія некалькі гадоў ягонае хобі — сплавы па рэках і вандроўкі — сталі ягонай працай, якой ён зарабляў на жыцьцё. Іваноў быў заснавальнікам і кіраўніком турыстычнага клюба «Круцім зямлю»
У сакавіку «Газета Слонімская» апублікавала вялікае інтэрвію зь Яўгенам. Ён распавёў, што паходы пачаў арганізоўваць пяць гадоў таму.
«Ніколі не раблю рызыкоўных дзеяньняў, старанна інструктую хлопцаў і вельмі строга сачу за тэхнікай бясьпекі, няхай гэта будзе на вадзе, дарозе, пры абыходжаньні з вострым інструмэнтам, вогнішчам і да т. п. У клюбе пра мяне ходзяць жарты з маіх цытат: «Бясьпека — гэта маё другое імя», — сказаў тады Яўген.
Маршруты ён звычайна плянаваў і распрацоўваў сам. Толькі летась у паходах зь ім пабывала больш за 500 чалавек. Ён арганізаваў 37 сплаваў, лыжныя паходы і 3 вандроўкі ў Карпаты.
«Да гэтага ён працаваў у войску, Жэня — афіцэр. Але потым паходы сталі яго працай. Ён вельмі гэта любіў, — распавядае сястра Анжэла. — У Карпаты ён езьдзіў і раней. Але групы не былі такія вялікія, таму ён выкарыстоўваў уласны транспарт, сам быў за стырном. Гэтым разам давялося здымаць транспарт, каб зьмясьціць усіх ахвотных — гэта 23 асобы плюс ён сам».
У Івана-Франкоўскую вобласьць Яўген са сваёй групай выехаў 4 траўня. Учора ўвечары ён патэлефанаваў з Украіны да жонкі ў Слонім.
«Размаўляў зь ёй, але пра нейкія нюансы і мовы быць не магло. Жэня вельмі вопытны кіраўнік групы і заўсёды ўсё кантраляваў. Мы ня можам да канца паверыць у гэта, калі шчыра. Я не магу асэнсаваць. Вельмі страшна будзе ўбачыць яго. Ён быў вельмі добрым чалавекам. Зайдзіце на яго старонку ў Вконтакте. Паглядзіце, як людзі пра яго выказваюцца. Ніводнага нэгатыўнага камэнтара. Проста кіроўца аказаўся недасьведчаны. Ён ня справіўся з кіраваньнем. Адмовілі тармазы, гэта была кепская машына», — распавядае Анжэла.
Кіроўцам аўтамабіля ГАЗ-66 быў 47-гадовы жыхар адной зь вёсак у Косаўскім раёне. Паводле паліцыі, ён ня даў рады кіраваньню на пад’ёме, у выніку чаго аўтамабіль пакаціўся ўніз і перакуліўся ў раку. Паведамляецца таксама, што кіроўца быў у стане алькагольнага апʼяненьня. Але відавочцы перадалі сястры Яўгена іншую інфармацыю.
«Яны кажуць, што ў яго пасьля здарэньня быў моцны шок і таму яму далі алькаголь. Я не магу меркаваць, наколькі гэта праўда. Але кажуць, што ён выпіў ужо пасьля. Я ня ведаю, хто ў чым вінаваты. Нам цяпер не да гэтага. Але людзі, якія там былі разам зь ім, прасілі перадаць, што Жэня ні ў чым невінаваты», — гаворыць сястра.
У бліжэйшы час Анжэла зьбіраецца выехаць ва Ўкраіну, каб забраць цела брата на радзіму. Пахаваньне мае адбыцца ў Слоніме, дзе ў Яўгена Іванова жыве мама, жонка і 2-гадовая дачка.
Разам зь Яўгенам Івановым загінулі беларускі Тамара Ашухіна 1991 года нараджэньня і Ангеліна Юшкевіч 1996 года нараджэньня. Яшчэ 10 грамадзян Беларусі атрымалі раненьні і шпіталізаваныя з траўмамі лёгкага і сярэдняга цяжару.