Кіроўца аўтамабіля ГАЗ-66, у выніку падзеньня якога ў Івана-Франкоўскай вобласьці загінулі беларускія турысты, знаходзіўся ў стане алькагольнага ап’яненьня.
Як паведамілі Свабодзе ў паліцыі Івана-Франкоўскай вобласьці, кіроўца ня справіўся зь кіраваньнем на пад’ёме, у выніку чаго аўтамабіль пачаў рухацца назад і сарваўся з 40-мэтровай вышыні ў раку Чорны Чарамош. Трое беларускіх турыстаў загінулі і яшчэ 10 шпіталізаваныя зь пераломамі і іншымі пашкоджаньнямі.
Аўтамабіль ГАЗ-66, на якім беларускія турысты ехалі на месца сплаву па рацэ, быў пераабсталяваны з грузавога для ажыцьцяўленьня пасажырскіх перавозак.
Мэдычная экспэртыза пацьвердзіла, што 47-гадовы кіроўца, жыхар Івана-Франкоўшчыны, кіраваў аўтамабілем у стане алькагольнага ап’яненьня. Ён абышоўся сінякамі, але знаходзіцца ў стане шоку.
Паліцыя затрымала кіроўцу ў межах крымінальнай справы аб парушэньні правілаў бясьпекі дарожнага руху і эксплёатацыі транспарту, што прывяло да гібелі некалькіх асобаў. Згодна з украінскім заканадаўствам, кіроўцу пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад пяці да дзесяці гадоў з пазбаўленьнем права кіраваць транспартнымі сродкамі на тэрмін да трох гадоў.
У рафтынг-цэнтры, празь які беларусы абралі маршрут сплаву, пакуль сытуацыю не камэнтуюць. У той жа час, ягоныя супрацоўнікі паведамілі Свабодзе, што займаюцца арганізацыяй дапамогі ўсім траўмаваным турыстам.
У Карпатах затрымалі кіроўцу аўтамабіля, пры падзеньні якога загінулі беларусы
Самае папулярнае
1