Ці створаць Беларусь і Ўкраіна адзіны фронт супраць «Газпрому»

Уладзімір Зяленскі і Аляксандар Лукашэнка

Менск і Кіеў могуць стварыць сытуацыйны саюз, узгадніўшы перамоўныя пазыцыі, каб дамагчыся лепшых умоваў газавых кантрактаў ад Масквы.

Сьцісла:

  • Перамовы паміж Украінай, Расеяй і Эўразьвязам пра новы кантракт на транзыт расейскага газу ў ЭЗ скончыліся безвынікова
  • Масква патрабуе аб Кіеву адмовіцца ад судовых прэтэнзіяў да «Газпрому»
  • Беларусь мае праблемы з заключэньнем новага доўгатэрміновага кантракту на пастаўкі расейскага газу
  • Менск і Кіеў могуць стварыць сытуацыйны саюз, узгадніўшы перамоўныя пазыцыі, каб дамагчыся лепшых умоваў газавых кантрактаў ад Масквы

У панядзелак у Брусэлі скончыліся безвынікова трохбаковыя газавыя перамовы паміж Украінай, Расеяй і Эўразьвязам аб новым доўгатэрміновым кантракце на транзыт расейскага газу праз Украіну.

Прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна Дзьмітры Пяскоў заявіў у аўторак, што для дасягненьня дамоўленасьцяў па транзыце газу Ўкраіна павінная «выключыць з парадку дня судовыя прэтэнзіі». Пры гэтым папярэдні кантракт, які дзейнічае зараз, сканчаецца сёлета.

У аўторак выканаўчы дырэктар «Нафтагазу Ўкраіны» Юры Вітрэнка заявіў аб падрыхтоўцы новага пазову да расейскага «Газпрому». «Нафтагаз Украіны» 1 лістапада плянуе накіраваць расейскаму «Газпрому» зыскавыя патрабаваньні на суму 11 млрд даляраў у якасьці кампэнсацыі за магчымае спыненьне транзыту газу па тэрыторыі Ўкраіны.

У чым інтарэсы Беларусі ў газавым канфлікце Расеі і Ўкраіны?

Што азначае гэты канфлікт для Беларусі? Калі Масква і Кіеў не дамовяцца, то транзыт расейскага газу праз Украіну будзе спынены: няма кантракту — няма транзыту. «Паўночны паток-2» і «Паўднёвы паток» пакуль недабудаваныя, «Паўночны паток-1» функцыянуе, але яго прапускная здольнасьць не дазваляе перанакіраваць празь яго ўвесь аб’ём газу, які зараз ідзе праз Украіну. У гэтым і сутнасьць спрэчкі. Мела б Расея альтэрнатыўныя каналы дастаўкі газу, якія б цалкам кантралявала — яна б нават не вылучала ўльтыматумаў, а проста спыніла б транзыт праз Украіну. Зараз яна ня мае магчымасьці гэтага зрабіць.

Дакладней, ня мае магчымасьці зрабіць цалкам. Але пэўная альтэрнатыва ёсьць — гэта беларускі транзыт. Гэтая альтэрнатыва для Масквы тым больш цікавая, што труба, якая праходзіць празь Беларусь — не беларуская, а расейская. Магістральны газаправод «Ямал-Заходняя Эўропа» ад пачатку будаваўся як расейская ўласнасьць, «Белтрансгаз» прадалі Расеі ў нулявыя. Аднак труба расейская, але праходзіць яна па беларускай тэрыторыі. Сувэрэннай.

Гэта значыць, што і за транзыт трэба плаціць, і поўнага, стоадсоткавага кантролю над трубой у Расеі ўсё ж няма. Што ў сваю чаргу зьяўляецца козырамі беларускага боку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крэмль цісьне. Мераем пагрозу інтэграцыі Беларусі з Расеяй у градусах

А козыры Менску зараз патрэбныя, як ніколі. Інтэграцыйнае дужаньне, расейскае «прымушэньне да інтэграцыі» адбываецца шмат у якіх сфэрах. Але адна зь іх — гэта як раз газавая. Ва Ўкраіны доўгатэрміновы кантракт з «Газпромам» сканчаецца сёлета. Але і ў Беларусі таксама. І Масква не сьпяшаецца яго падпісваць і зь Менскам. Зь ім ультыматум фармулюецца можа менш брутальна, чым з Кіевам, але таксама жорстка. Альбо Беларусь інтэгруецца з Расеяй як мага глыбей, альбо.... Якой будзе цана ў выпадку гэтага «альбо», не агучваецца, але ўяўляецца, што вышэйшай, чым існая. Ці прынамсі не настолькі нізкай, як гэтага хацелася б беларускаму боку.

Беларусь, Украіна ў «дылеме вязьня»

Але тое, што Кіеў і Менск адначасна трапілі ў аднолькава складаную сытуацыю ў адносінах з «Газпромам», адкрывае для іх магчымасьць супольных дзеяньняў. Калі Расея не атрымае магчымасьці перапампоўваць істотна большыя абʼёмы газу праз Беларусь, яна будзе вымушаная пайсьці на саступкі Ўкраіне, інакш ёй проста ня будзе куды дзяваць гіганцкія абʼёмы газы, якія яна зараз перапампоўвае празь Украіну. Гэта велізарныя страты і глыбокі энэргетычны крызіс у Эўразьвязе. У чым Расея насамрэч зусім не зацікаўленая.

Ня тое, каб Беларусь была тут ключавым зьвеньням, але каардынацыя перамоўных палітык паміж Кіевам і Менскам маглі б палепшыць вынік перамоваў для абодвух.

Іншая справа, што ў мінулым такая каардынацыя ніколі не атрымлівалася. У мінулым кожны раз, калі ў Расеі была энэргетычная «вайна» з Украінай, Беларусь адыгрывала ролю альтэрнатывы ўкраінскаму транзыту, даючы Маскве магчымасьць заціснуць Украіну яшчэ мацней. Як, дарэчы, і наадварот. Калі Масква ціснула на Менск, то Ўкраіна не спрабавала трымаць адзіны фронт з Беларусьсю. У выніку чаго ў выйгрышы аказвалася Масква.

Гэта як у знакамітай «дылеме вязьня» з тэорыі гульняў: ёсьць стратэгія, якая дае выйгрыш абодвум гульцам, але ёсьць вялікая спакуса не каапэравацца з партнэрам, а «кінуць» яго, атрымаўшы аднабаковы выйгрыш.

Шанцы сытуацыйнага саюзу

Вялікая імавернасьць, што і гэтым разам адбудзецца нешта падобнае. І таму што так было раней, і таму што асаблівага даверу паміж Менскам і Кіевам няма, і таму што каардынацыя перамоўных тактыкаў паміж Беларусьсю і Ўкраінай, іх хай сабе і сытуацыйны саюз можа раззлаваць Маскву ня толькі зь эканамічных, але і зь палітычных прычынаў.

Але чыньнік, які спрыяе зьяўленьню зараз такога саюзу — гэта сынхроннасьць крызісаў, тое, што Расея цісьне і на Беларусь, і на Ўкраіну. І тут ня мае значэньня, у каго які геапалітычны курс і хто дэмакратыя, а хто дыктатура. Насустрач адна адной краіны штурхаюць нацыянальныя інтарэсы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.