Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гібрыдная «вайна» Беларусі і Расеі — нафта-газавая


Чым пагражае Беларусі зьмяншэньне паставак расейскіх энэрганосьбітаў? Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Юры Дракахруст і Валер Карбалевіч.

Глод: 16 чэрвеня міністар энэргетыкі Расеі Аляксандар Новак заявіў, што зь ліпеня Расея зьмяншае пастаўкі нафты і газу ў Беларусь. Прычым гэта ўжо не намер расейскага боку, а «reality». «Графікі на трэці квартал падпісаныя. Тое, што цяпер прадугледжана графікамі, прадугледжвае некаторае памяншэньне адносна першапачатковых плянаў», — сказаў Новак. Пры гэтым ў расейскім міністэрстве пакуль не называюць канкрэтныя лічбы.

Размытым выглядае і адказ міністра Новака на пытаньне аб прычынах скарачэньня: «Гэта зьвязана, найперш, у цэлым, з агульнымі нашымі пастаўкамі нафты».

Тут самы раз нагадаць тое, што называюць «гісторыяй пытаньня». Спачатку пра газ. Масква настойвае на тым, што цана на расейскі газ для Беларусі разьлічваецца на падставе існых пагадненьняў. Яна зафіксаваная ў міжурадавых дамовах дзьвюх краінаў. За аснову бярэцца цана на газ у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе, да якой дадаецца кошт транспарціроўкі да Беларусі. Дагэтуль ніякіх афіцыйных зьменаў не адбылося, і таму Беларусь павінна плаціць адпаведна формуле кантракту.

Пры гэтым цана газу прывязаная да цаны нафты. І што цікава, на гэтым якраз настойваў беларускі бок. Пакуль нафта каштавала 100 і болей даляраў за барэль Менску такія разьлікі былі выгадныя.

Але цяпер, пасьля істотнага падзеньня коштаў на нафту, Беларусі стала больш выгадна атрымліваць газ па роўнадаходных цэнах. Масква кажа, што, у прынцыпе, гэта магчыма. Але толькі пасьля стварэньня адзінага рынку газу ў рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу, што прадугледжваецца на 2025 год.

Расея заяўляе, што сапраўдная цана 132 даляры за адну тысячу кубоў. У Менску называюць справядлівай цану ў 73 даляры. І пакуль плацяць па гэтай цане. Таму ў Маскве лічаць, што Беларусь вінная ужо болей за 200 мільёнаў даляраў.

Пакуль жа Расея заяўляе, што сапраўдная цана 132 даляры за адну тысячу кубоў. У Менску называюць справядлівай цану ў 73 даляры. І пакуль плацяць па гэтай цане. Таму ў Маскве лічаць, што Беларусь вінная ужо болей за 200 мільёнаў даляраў. У Менску заяўляюць, што ніякага доўгу няма.

Бакі час ад часу праводзяць перамовы, якія не прыносяць выніку. У рэшце рэшт гэтая справа будзе разглядацца ў Міжнародным арбітражным судзе пры Беларускай гандлёва-прамысловай палаце.

Выглядае, што Беларусь сама трапіла ў пастку прывязкі да цьвёрдай цаны за нафту. Беларусы сталі закладнікамі формулы. Грошы Расеі яны плаціць ня хочуць. Менавіта гэтым і тлумачыцца рашэньне расейскага боку аб скарачэньні паставак газу з трэцяга квартала 2016 году.

І некалькі словаў пра нафту. Тут сытуацыя прасьцейшая. У адпаведнасьці з міжурадавым пагадненьнем, Расея павінна паставіць у Беларусь ў 2016 годзе 24 мільёны тон нафты. Пры гэтым беларускія прадпрыемствы павінны накіраваць у Расею парадку 1 мільёна тон нафтапрадуктаў. Аднак на працягу першага квартала пастаўкі з беларускіх НПЗ у РФ былі ніжэй плянавых. Тут формула простая: вы не дадалі нам бэнзін, мы зьменшым вам пастаўкі нафты.

Вось так выглядае сытуацыя. А цяпер пытаньне да вас, калегі. Чым пагражае Беларусі скарачэньне паставак расейскіх энэрганосьбітаў?

Дракахруст: У Беларусі зараз назіраецца крызыс, адбываецца падзеньне ВУП, значыць, менш патрэбы эканомікі ў энэрганосьбітах. Так што можа быць гэта і ня будзе мець такіх ужо катастрафічных наступстваў. Тым больш, што мы ў нашай размове ня ведаем лічбу — наколькі маштабным будзе гэтае зьніжэньне.

Але тая нафта і газ, на якія Беларусь разьлічвае, а іх ня будзе, любым выпадку для беларускай эканомікі не былі б лішнія. Зразумела, калі не для сваёй эканомікі, дык можна зрабіць бэнзін ці нейкім іншым чынам выкарыстаць. Тое, што гэтага ня будзе — гэта, зразумела, удар па беларускай эканоміцы, якая і так не квітнее.

Больш за тое, гэта такая форма эканамічнай вайны. Гэта адказ на газавыя спрэчкі, нежаданьне Беларусі плаціць, гэта адказ на недапастаўкі бэнзіну ў РФ. Расейцы пэўна разважаюць так: вы, беларусы, дазваляеце сабе вольна інтэрпрэтаваць вашы абавязаньні. Мы ў парадку ўзаемнасьці адказваем вам сваёй інтэрпрэтацыяй сваіх абавязаньняў.

Гэтую сытуацыю можна параўнаць з сытуацыяй 2010 году, калі была падобная спрэчка і сумы запазычанасьці, дарэчы, таксама фігуравалі прыкладна такія ж — каля 200 мільёнаў даляраў. Але тады ўвогуле «Газпрам» перакрыў заслонку, спыніліся пастаўкі газу, Лукашэнка пазычаў грошы ў Аліева.

Зараз модны тэрмін «гібрыдная вайна». Дык вось гэты крок Масквы — гэта такая «гібрыдная газавая і нафтавая вайна». Вайны няма, проста бакі па-рознаму інтэрпрэтуюць свае абавязкі.

Зараз модны тэрмін «гібрыдная вайна». Дык вось гэты крок Масквы — гэта такая «гібрыдная газавая і нафтавая вайна». Вайны няма, проста бакі па-рознаму інтэрпрэтуюць свае абавязкі.

Расейцы, сьвядома ці не сьвядома, выбралі даволі балючы для афіцыйнага Менску момант, калі гэта зрабіць. Не з 4-га кварталу зьніжаюцца пастаўкі, а з 3-га. Гэта значыць, калі заплянаваныя даволі патасныя мерапрыемствы — Усебеларускі народны сход, на якім беларусам скажуць, як яны будуць ісьці да шчасьця, і парлямэнцкія выбары. Выбары — ня выбары, гэта Беларусь, але нейкая важная для ўладаў кампанія. І адбудзецца гэтая кампанія на фоне таго, што Расея скароціць пастаўкі газу і нафты.

Лета, цёпла, не такія вялікія патрэбы, але гэта ўдар. І давядзецца яшчэ і гэта тлумачыць беларусам.

Карбалевіч: Думаю, гэта адказ Расеі на газавае свавольства беларускага боку. Нагадаю, што Менск сам вызначыў цану на газ удвая меншую за кантрактную, і плаціць менавіта яе. Расея падала ў суд, газавы канфлікт не ўдалося вырашыць нават на ўзроўні прэзыдэнтаў.

І вось Расея дала асымэтрычны адказ. То бок, яна скарачае пастаўкі ня толькі газу, што чакалася і прагназавалася экспэртамі з пачатку гэтага газавага канфлікту, але і нафты. Прычым, важна падкрэсьліць, што міністар энэргетыкі вельмі цьмяна выказаўся і наконт канкрэтных лічбаў, і наконт прычынаў. То бок, думаю, што гэта не канчатковае рашэньне Масквы, а гэта прапанова для гандлю.

Зьвярнуў бы ўвагу на абсалютнае прававое бязьмежжа у беларуска-расейскіх энэргетычных дачыненьнях, калі абодва бакі не зьвяртаюць ніякай увагі на дамоўленасьці

Зьвярнуў бы ўвагу на абсалютнае прававое бязьмежжа у беларуска-расейскіх энэргетычных дачыненьнях, калі абодва бакі не зьвяртаюць ніякай увагі на дамоўленасьці. Беларусі бок не выконвае кантракт па цэнах на газ, па аб’ёмах паставак нафтапрадуктаў на расейскі рынак. У адказ Расея зьмяншае пастаўкі газу і нафты ў Беларусь, хоць іх гадавыя аб’ёмы зафіксаваны ў міжурадавых пагадненьнях. Абодва бакі не прытрымліваюцца правілаў, спрабуюць дамовіцца «па паняцьцях».

Калі казаць пра наступствы, то асабліва балючымі для Беларусі стане скарачэньні паставак нафты. Бо менавіта мыта ад продажу нафтапрадуктаў стварае значную долю валютных паступленьняў у краіну. Гэта можа адбіцца і на ўзроўні золатавалютных рэзэрваў, можа выклікаць праблемы з выплатай дзяржаўнага доўгу.

Але, думаю, атрымаўшы такі удар, Менск вымушаны будзе пайсьці на саступкі ў газавым пытаньні, будзе знойдзены кампраміс, справа ня дойдзе да новай паўнамаштабнай нафтагазавай ці вуглевадароднай вайны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG