Назіраючы за тым, як ідзе перапіс, за тым, як перапісваюцца мае калегі па рабоце, бацькі маіх вучняў, што пішуць перапісанты ў сацыяльных сетках, якія скрыншоты посьцяць, слухаючы расповеды валянтэраў-перапісчыкаў – я баюся.
Сьцісла
- Баюся, калі мы даведаемся статыстычныя вынікі па моўным пытаньні, мы здрыганёмся.
- Людзі спакойна і без праблемаў хлусяць у перапісных лістах, не паказваючы нелегальнай працы ці неафіцыйных заробкаў.
- Прэзыдэнты і міністры, што абяцаюць нам незалежнасьць і сувэрэнітэт, могуць падмануць, саслабець ці апынуцца ахвярай абставін. Мова – ніколі.
- Мы – ня вы, пакуль у нас ёсьць свая мова. Мова-мара, мова-абавязак, мова-бізнэс-плян, мова – жаданьне.
«Мы не заўсёды разумеем, што такое для нас беларуская мова»
Баюся, калі мы даведаемся статыстычныя вынікі па моўным пытаньні, мы здрыганёмся. Нягледзячы на беспрэцэдэнтную падтрымку беларускай мовы ў сацсетках, нягледзячы на высілкі арганізатараў грамадзкіх кампаній і акцый. Баюся, што вынік будзе шокавым.
Бо ня менш моцна гучаць галасы: «не прымушайце нас ілгаць падчас перапісу». Пры гэтым людзі спакойна і без праблемаў хлусяць у перапісных лістах, не паказваючы нелегальнай працы ці неафіцыйных заробкаў (нават пытаньня не ўстае – тут трэба хлусіць, канешне ж!). Шмат хто, баючыся мітычных падаткаў на дрэвы і ягаднікі, спакойна і без праблем зьмяншае ў адказах колькасьць яблынь і парэчак, каб раптам чаго ня выйшла – хлусяць і нават не задумваюцца. Бо гэта сваё, крэўнае, а за крэўнае можна і пакруціць з адказамі.
Бо валянтэры аўтаматам націскаюць «расейская», «расейская», нават не перапытваючы падпісанта, каб хутчэй скончыць гэтую вар’яцкую справу (у Смалявічах, прыкладам, на аднаго валянтэра прыходзіцца 600 адрасоў домагаспадарак, якія яны павінны абысьці!) І гэта яшчэ што. Некаторыя перапісчыкі чамусьці хлусяць беларускамоўным падпісантам, што моўных пытаньняў у перапісу наогул няма, і робяць выбар за чалавека – бачыла допісы і пра такія выпадкі.
Бо нават той, хто сьвядома перапісваецца дзеля таго, каб пазначыць беларускую роднай мовай і мовай хатняга ўжытку, часьцяком чамусьці абірае на сайце перапісны ліст па-расейску. Хутчэй за ўсё, проста не задумваецца. Бо мы, у рэшце, не заўсёды разумеем, што такое для нас беларуская мова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вядомыя беларусы пра родную мову ў перапісе. ВІДЭАРаней, калі мы былі школьнікамі, нам казалі: «Ну як вы ня хочаце вучыць беларускай мовы? Гэта ж ваша матчына мова! Яна трэцяя па мілагучнасьці ў Эўропе! На ёй пісалі Купала і Колас!» Усё гэта гучала няўцямна і не матывавала ані на грам.
Але сёньня такія часы, што наша мова мае пры сабе адзіны, затое неадменны аргумэнт, навошта яна нам патрэбная. Патрэбная любой: у перапісе і па-за перапісам, у думках і на языку, у плянах і на яве, для дарослых і для дзяцей, учора і заўтра, у царкве і краме. Бо мова сёньня – наш адзіны аргумэнт і наш адзіны гарант.
«Мы маем права проста не разумець загадаў, аддадзеных на чужой мове»
Прэзыдэнты і міністры, што абяцаюць нам незалежнасьць і сувэрэнітэт, могуць падмануць, саслабець ці апынуцца ахвярай абставін. Мова – ніколі. Калі ў нас свая мова – на якіх падставах тут будуць гаспадарыць і каго будуць тут абараняць чужыя ветлівыя людзі?
Чыноўнікі, што так-сяк, але ж будуюць нашу эканамічную незалежнасьць, у любы момант прададуць вашы бізнэс-магчымасьці чужынцам, калі тыя дадуць вялікія грошы ці прыставяць нож да горла. Мова – ніколі. Немагчыма падпарадкаваць бізнэс, што вядзецца на мове, якой чужынец не разумее.
Людзі, што ўчора прысягалі межам сваёй краіны, заўтра будуць пасылаць нашых сыноў у чужыя гарачыя кропкі. Мова – ніколі. Мы маем права проста не разумець загадаў, аддадзеных на чужой мове.
Няма ў нас сёньня іншай магчымасьці даказаць, што мы – гэта мы, што мы гатовыя будаваць сваю дзяржаву і жыць сваімі законамі, якімі б яны не былі. Мы слабыя эканамічна, мы шчэ ня ведаем усіх сваіх рэсурсаў і магчымасьцяў, мы ня ўмеем іх выкарыстоўваць, мы маем крызісную адукацыю і страшэнныя памеры інтэлектуальнай эміграцыі, так, мы сёньня нічога ня можам паказаць іншым, каб адстаяць сваё права на свой шлях, свае памылкі, сваё імкненьне і свой тэмп разьвіцьця, якім бы ён не быў, але каб быў свой. У нас сёньня няма нічога дасканалага і выразна беларускага, акрамя аднаго. Акрамя мовы.
Гэта добра разумеюць тыя, хто яе вынішчае. О, яны праз стагодзьдзі пранесьлі гэтае разуменьне: няма мовы – няма аб чым зь імі гаварыць. Адбяры сваю мову – аддадуць сваё ўсё. Свае спрацаваныя, звыклыя да работы рукі, свае невялікія патрэбы, сваю ахайнасьць у банкаўскіх плацяжах, сваіх цягавітых і паслухмяных сыноў і дачок.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За двое сутак больш за паўмільёна чалавек прайшлі перапіс насельніцтваБеларусы – файны народ. Працуюць, маўчаць, многа не просяць, шчэ і парадак падтрымліваюць. Смаката. Найлепшай пракладкі паміж імпэрыяй і іншасьветам няможна і прыдумаць. Трэба толькі ўпэўніць іх, што яны – меншыя браты. Крый божа, не роўныя. На ўсіх роўных рэсурсаў не хопіць. От каб шчэ не выпендрываліся і не пісалі на нармальных «магазинах» нейкае глупства кшталту «крама», или как это у них там называется.
Няма чаго нам супрацьпаставіць ім, акрамя аднаго бясспрэчнага доказу: мы – ня вы, пакуль у нас ёсьць свая мова. Мова-мара, мова-абавязак, мова-бізнэс-плян, мова – жаданьне. Галоўны настаўнік сёньня ў нас – настаўнік беларускай мовы і літаратуры, бо гэта адзіны настаўнік, які расказвае нам пра нас, а не пра іх. Галоўнае вучэньне наша на сёньня – вучэньне свайму і дзеля свайго, бо чужое мы так-сяк ведаем, а сваё – вось-вось зьнікне.
І перапіс насамрэч – толькі маленькі крок на вялікім шляху да той дзяржавы, у якой мы ўсе марым жыць і марым гадаваць дзяцей. Адкройце беларускі перапісны ліст. Націсьніце ў адказах двойчы на беларускую. Успомніце, як называюцца мовай нашай зямлі ўсе нашы пладовыя дрэвы і ягадныя кусты. Пачніце вітацца дома па-свойму. Зараз такі час, калі кожны ваш маленькі ўчынак прарасьце і дасьць нечуваны плён.
Так, вынікі перапісу могуць быць небясьпечнымі. Тым больш моцнымі і ўпартымі павінны мы быць.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.