Лукашэнка паляцеў у Армэнію на два дні

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 30 верасьня паляцеў з рабочым візытам у Армэнію для ўдзелу ў пасяджэньні Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады, паведамляе БелТА са спасылкай на прэс-службу Лукашэнкі.

Сустрэча кіраўнікоў краінаў – удзельніц ЭАЭС пройдзе ў вузкім і пашыраным складах, падчас сустрэч плянуюць разгледзець пытаньні эканамічнага ўзаемадзеяньня, фінансавай палітыкі, энэргетыкі, асноўныя кірункі міжнароднай дзейнасьці і разьвіцьцё супрацоўніцтва з трэцімі краінамі.

Візыт Лукашэнкі ў Армэнію працягнецца 2 дні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразійская інтэграцыя буксуе. Высновы з саміту ЭАЭС у Нур-Султане

Сёньня ў Ерэване пройдзе пасяджэньне рады Эўразійскай эканамічнай камісіі, у якім будзе ўдзельнічаць віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка. На радзе разгледзяць пытаньні з сфэраў замежнагандлёвай, фінансавай палітыкі, мытнага, тарыфнага і тэхнічнага рэгуляваньня, лічбавізацыі эканомікі. Як адзначае прэс-служба Савета Міністраў Беларусі, сярод найбольш важных пытаньняў — разьмеркаваньне ўвазных мытаў паміж краінамі – сябрамі ЭАЭС, ліквідацыя бар’ераў унутры ЭАЭС і г. д.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заклікаў адмовіцца ў ЭАЭС ад «пратэкцыянізму на нацыянальных узроўнях»

На пасяджэньні Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады ў Нур-Султане ў траўні 2019 году Лукашэнка заклікаў адмовіцца ў ЭАЭС ад «пратэкцыянізму на нацыянальных узроўнях» і ствараць роўныя ўмовы для краінаў-удзельніц ва ўсіх сфэрах, уключаючы энэргетыку.

Дамова аб Эўразійскім эканамічным саюзе (ЭАЭС) была падпісаная 29 траўня 2014 году і набыла моц 1 студзеня 2015 году. Сябрамі ЭАЭС зьяўляюцца Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан і Расея.