Расейскія стандарты для Беларускай АЭС

Трэнавальны цэнтар БелАЭС

Чарговы скандал на будаўніцтве АЭС толькі часткова адлюстроўвае той вузел праблем, які чакае краіну з гэтай «будоўляй веку».

Сьцісла

  • Расейскія кампаніі без карупцыі і «адкатаў» не працуюць, што можа фатальна адбіцца на якасьці і бясьпецы АЭС.
  • Будаўніцтва станцыі адбываецца з моцным парушэньнем графіка.
  • Прэмʼер-міністар Беларусі Сяргей Румас прызнаў, што ў адносінах зь дзяржкарпарацыяй «Росатом» існуць «спрэчныя моманты».
  • РФ адмаўляецца заключаць дамову аб вывазе адпрацаванага ядзернага паліва ў Расею на перапрацоўку.

На будаўніцтве АЭС здарыўся чарговы скандал. У дачыненьні начальніка ўпраўленьня вэнтыляцыі і сыстэмы пажаратушэньня расейскага прадпрыемства «Атомстройэкспорт» Дзьмітрыя Зіноўева пачалі крымінальную справу паводле арт. 252 (камэрцыйны подкуп). Паводле тэлеграм-каналу Nexta, ён атрымаў хабар за тое, каб на БелАЭС усталявалі вэнтыляцыйная агрэгаты і кляпаны для затрыманьня агню без праходжаньня кантролю. У выніку чаго ў гэтым абсталяваньні магчымыя дэфэкты, якія могуць прывесьці «да збояў у працы сыстэмы ў цэлым».

Для расейскіх кампаній такая сытуацыя звычайная і нармальная. Там без «адкатаў» ніводзін праект не рэалізуецца, асабліва калі гаворка ідзе пра будаўніцтва за бюджэтныя грошы. Напрыклад, Алімпіяда ў Сочы каштавала 50 млрд даляраў, што ў 10 разоў больш, чым у іншых краінах, якія ладзілі зімовыя Гульні.

Можна меркаваць, што Беларуская АЭС будуецца па такой жа схеме. Проста цяпер КДБ засьпела на гарачым. А колькі «адкатаў» прайшло не заўважанымі? Колькі халтуры ўжо зроблена? І хіба беларускія ўлады не ведалі пра такія правілы расейскіх падрадчыкаў, калі распачыналі гэты праект? І як усё гэта адгукнецца ў будучыні?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Загадалі шукаць жоўты парашок». Ці асаджвала Масква радыяцыйныя аблокі над Беларусьсю?

Нагадаю, што спачатку ўвод першага энэргаблёка плянавалася ажыцьцявіць у 2016 годзе, пасьля гэтая дата была перанесена на 2018-ы, потым — яшчэ адсунутая на 2019 год. А цяпер высьвятляецца, што гэта адбудзецца ў пачатку 2020 году. Якраз пад прэзыдэнцкія выбары. Гэта будзе галоўная піяр-акцыя кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі. Маўляў, вось адно з выдатных дасягненьняў ягонага кіраўніцтва: Беларусь стала ядзернай дзяржавай. Таму будаўніцтва будуць прысьпешваць, каб пасьпець да выбараў. (Нагадаю, што будаўніцтва Чарнобыльскай АЭС таксама паскаралі, каб пасьпець да чарговай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі).

Але гэта не адзіная праблема. 24 верасьня прэмʼер-міністар Беларусі Сяргей Румас падчас сустрэчы з генэральным дырэктарам дзяржаўнай карпарацыі «Росатом» Аляксеем Ліхачовым прызнаў, што ў стасунках з расейскім партнэрам існуюць «спрэчныя моманты». «Галоўнае — мы павінны дакладна вызначыцца, што нам перашкаджае сёньня выконваць тыя пляны, якія намеціліся па ключавых этапах», — адзначыў кіраўнік беларускага ўраду.

А спрэчных момантаў даволі шмат. Беларусь просіць Расею зьнізіць стаўку крэдыту, які РФ дала на будаўніцтва АЭС (да $10 млрд) і падаўжыць тэрмін ягонай выплаты з 25 да 35 гадоў. Адказу з Масквы няма.

Яшчэ больш скандальная сытуацыя з пытаньнем аб ядзерных адкідах з АЭС, якое абодва бакі спрабуюць утойваць ад грамадзкасьці. Справа ў тым, што міжурадавае пагадненьне паміж Беларусьсю і РФ аб будаўніцтве Беларускай АЭС ад 2011 году прадугледжвала заключэньне асобнай дамовы аб вывазе адпрацаванага ядзернага паліва (АЯП) у Расею на перапрацоўку. Вось-вось на станцыю прывязуць ядзернае паліва, а дамовы аб АЯП няма. Масква адмаўляецца яго падпісваць. Можна здагадацца, што гэтая тэма, як і пытаньні па газу, нафце і крэдытах, Крэмль выкарыстоўвае для шантажу Беларусі, у якасьці «прымусу да інтэграцыі».

Ёсьць і шэраг іншых праблем. Так, да канца не вырашана, што рабіць з той электраэнэргіяй, якую будзе выпрацоўваць АЭС. Паводле апошніх паведамленьняў, Украіна гатовая купляць нейкі абʼём. Але гэта далёка не вырашае праблему лішкаў энэргіі. Для яе вырашэньня патрэбна ўкласьці вялікія інвэстыцыі, якіх у краіне няма.

Такім чынам, ужо сёньня відавочна, што будаўніцтва АЭС спараджае больш праблемаў, чым вырашае.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскі палітычны аглядальнік: «Лёс Беларусі будзе вырашаць не Лукашэнка, а беларускі народ»

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.
  • З 26 ліпеня другі блёк АЭС спынілі дзеля рамонту, які назвалі плянавым. Ранейшыя рамонты на доўгія месяцы спынялі працу станцыі. Першы блёк БелАЭС ужо прайшоў два плянава-папераджальныя рамонты. У 2022 годзе ён спыняўся для гэтых мэтаў на 198 дзён, у 2023-м — на 68 дзён.
  • У жніўні новым міністрам энэргетыкі замест Віктара Каранкевіча стаў Аляксей Кушнарэнка. А былога намесьніка Каранкевіча Міхаіла Міхадзюка, які непасрэдна кантраляваў АЭС, у гэтым жа месяцы пачалі судзіць за атрыманьне хабару.
  • 26 жніўня намесьнік міністра энэргетыкі Дзяніс Мароз заявіў пра падрыхтоўку ведамствам справаздачы перад урадам аб мэтазгоднасьці пабудовы другой АЭС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падпісаў указ пра аднаўляльныя крыніцы энэргіі