Палітычны аглядальнік і журналіст літоўскага парталу «15 хвілін» Паўлюс Грыцэнас падзяліўся з інфармацыйным парталам delfi.lt сваімі меркаваньнямі наконт магчымай расейска-беларускай інтэграцыі.
У сваім артыкуле на delfi.lt Паўлюс Грыцэнас піша:
«Трэба прызнацца, што тэхнічна мы ўжо прайгралі Расеі барацьбу за Беларусь. Але і ў Літвы, і ў Захаду яшчэ застаецца магчымасьць прайграць разумна. Прайграць так, каб гэта патэнцыйная перамога Ўладзіміру Пуціну ўстала папярок горла. У эканамічным сэнсе беларусы сапраўды залежаць ад міласьці Крамля, але тым ня менш, у палітычным, сацыяльным і культурным пляне яны вельмі падазрона глядзяць на жаданьне Крамля зрабіць іх сваімі васаламі.
Слабае і звычайна палітычна абыякавае беларускае грамадзтва прадстаўляе сабою адзіную магчымасьць для ўплыву. Літва, Польшча і іншыя зацікаўленыя краіны павінны пачаць вельмі добра (у стратэгічным пляне) сплянаваную палітычна-дыпляматычную кампанію, мэтай якой будзе паказаць беларусам рэальную альтэрнатыву, паказаць што Расея не зьяўляецца адзіным варыянтам. Ідэі панславізму не такія прывабныя для беларусаў, якія яшчэ фармуюць сваю нацыянальную ідэнтычнасьць і абгрунтоўваюць яе наратывамі часоў ВКЛ. Наша агульная гісторыя і важная роля беларускай культуры і мовы ў ёй, могуць стаць аб’яднаючым аргумэнтам, які б змог абудзіць беларусаў.
Замест абстрактных палітычных дыялёгаў з лукашэнкаўскім апаратам, мы павінны старацца прыцягнуць беларускую моладзь, дзеячаў культуры, якія выкарыстоўваюць вэстэрнізаваную Літву як плятформу для свабоды самавыяўленьня і творчасьці. Калі ў эканоміцы і энэргетыцы ня можам пазбавіць іх ад расейскага ўплыву, то хоць можам аслабіць гэты ўплыў у грамадзтве і ў культурным асяродзьдзі.
Мы павінны, наколькі гэта магчыма, дапамагчы беларускаму грамадзтву падрыхтавацца да магчымага супраціву і сапраўднага змаганьня за сувэрэнітэт. Такі досьвед ужо маем, бо дэманстравалі падтрымку і салідарнасьць з украінскім народам падчас іх барацьбы. Павінны ўставіць клін паміж беларусамі і наратывам Крамля, у якім Беларусь гэта складная частка вялікай славянскай імпэрыі, якую нарэшце паглынае старэйшая сястра (Расеі — РС). Перамогай Літвы, у гэтай сытуацыі, будзе спроба будаваць лепшыя сувязі з актыўнай часткай беларускага грамадзтва, падтрымка беларусаў у іх барацьбе за правы чалавека і базавыя свабоды, узмацненьне іх ідэнтычнасьці, стварэньне сувязяў паміж супольнасьцямі. Для гэтага патрэбна вельмі шырокая кампанія, у якой узяла б удзел большасьць дзяржаўных інстытуцый і асобных арганізацый. Лёс Беларусі будзе вырашаць не Аляксандар Лукашэнка, а беларускі народ. Нашай перамогай стане іх жаданьне змагацца за выжываньне».