Сьледчы камітэт Менскай вобласьці распачаў крымінальную справу аб распаўсюдзе парнаграфіі ў групавых чатах на 23-гадовага жыхара Барысава.
Падазраваны працуе аўтасьлесарам, раней не судзімы. Паводле сьледзтва, ён разьмясьціў у групавых чатах папулярнага мэсэнджэра больш за 75 парнаграфічных малюнкаў.
Судовая культуралягічная экспэртыза прызнала выявы парнаграфічнымі. Як пра выявы даведаліся праваахоўнікі і што за чат гэта быў, не ўдакладняецца.
Што такое порна, а што такое эротыка?
Паводле Сьледчага камітэту, эротыка — гэта «акультураны і паказаны як духоўная цяга інстынкт працягу роду».
А парнаграфіі ўласьціва наступнае:
- «непрыстойнае, вульгарнае і амаральнае выяўленьне полавага акту»,
- «наўмыснае засяроджваньне ўвагі на полавых органах»,
- «унушэньне стэрэатыпаў дэвіянтных паводзінаў»,
- «адсутнасьць выяўленьня або апісаньня душэўных перажываньняў».
Што пагражае за распаўсюд парнаграфіі?
Паводле цяперашніх законаў, нават за «лайк» пад порнакарцінкай ці парнаролікам у інтэрнэце паводле ч.2 арт 343 КК РБ пагражае ад 2 да 4 гадоў пазбаўленьня волі. А калі гэта дзіцячае порна, то паводле ч.2 арт. 343/1 — ад 3 да 8 гадоў пазбаўленьня волі з магчымай канфіскацыяй маёмасьці.
Захоўваць парнаграфію «бяз мэты распаўсюду», як і праглядаць яе, Крымінальны кодэкс не забараняе, хоць і не апісвае, як вызначаецца наяўнасьць ці адсутнасьць намеру распаўсюджваць яе.
Міліцыя можа знайсьці «распаўсюд порна» нават на закрытым гей-сайце.
Хацелі дэкрыміналізаваць парнаграфію яшчэ ў 2017
У 2017 годзе Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі выступіла з ініцыятывай дэкрыміналізаваць злачынствы, зьвязаныя з распаўсюдам парнаграфіі ў інтэрнэце.
МУС прапаноўваў дэкрыміналізаваць ня ўвесь распаўсюд порна, а толькі першы выпадак распаўсюду, і ўвесьці за першы выпадак цягам году адміністрацыйную адказнасьць (за другі цягам году — адказнасьць крымінальная).
Аднак ці атрымала ініцыятыва нейкае разьвіцьцё, не паведамлялася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стаміліся караць? МУС прапанавала дэкрыміналізаваць лайкі пад порна