Беларускі пісьменьнік і мастак Адам Глобус адзначыць 29 верасьня сваё 60-годзьдзе. У гэты дзень ён правядзе пэрсанальную выставу аднаго дня ў менскай «Галерэі Ў», што на вуліцы Кастрычніцкай, 19. На выставу ня пусьцяць маладзейшых за 18 гадоў.
Адкрыцьцё выставы «18+» адбудзецца а 19-й гадзіне, у праграме — вэрнісаж, літаратурныя чытаньні, аўкцыён жывапісу і продаж кніжных рарытэтаў, а таксама сьвяткаваньне самога дня народзінаў.
Чаму Адам Глобус адзначае юбілей менавіта «эратычнай» выставай? Ён тлумачыць гэта Свабодзе тым, што ён «мастак для дарослых і пісьменьнік для дарослых».
«Я магу і для дзяцей рабіць кніжкі, зразумела, — разважае Адам Глобус. — Але ў нас большасьць пісьменьнікаў сьпісалася да такога… цалкам ідыятызму „12+“, нават да „16+“ не дацягваюць, хоць так пазначана на кніжках.
Потым, мне вельмі падабаецца, што цяпер можна пазначыць, што выстава „18+“, і зрабіць выставу для дарослых. Бо мы ўсё ж дарослыя людзі. Тым больш калі навокал шмат чаго забараняецца, шмат чаго лічыцца непатрэбным, як то эротыка і сэксуальнасьць у мастацтве».
Гэта «брутальная эротыка», але ня порна
Адам Глобус упэўнена заяўляе, што на выставе ня будзе ніякага порна — толькі «брутальная эротыка». Кажа, тыя ж карціны «вельмі сэксуальныя», але гэта дакладна ня порна, а мастацтва, пераасэнсаваньне.
Распаўсюд порна ў Беларусі забаронены законам (паводле арт. 343 КК РБ за гэта пагражае ад штрафу да 4 гадоў турмы). Глобус кажа, што Facebook ягоныя карціны не блякуе — а за парнафота, маўляў, забаніў бы.
Ягоныя эратычныя карціны, кажа Глобус, купляюць, яны запатрабаваныя. Кажа, «чалавек наогул стварэньне эратычнае», ці ня кожная чацьвёртая думка ў чалавека эратычная, «эротыкі столькі, колькі і рэлігійнасьці».
Што такое порна — паводле Адама Глобуса
У 2017 годзе Сьледчы камітэт Беларусі апісаў адрозьненьні між порна і эротыкай. Паводле СК, эротыка — гэта «акультураны і паказаны як духоўная цяга інстынкт працягу роду», а порна — гэта «непрыстойная, вульгарная і амаральная выява ці слоўнае апісаньне палавога акту з мэтай дасягнуць сэксуальнага ўзбуджэньня», «унушэньне стэрэатыпаў дэвіянтных паводзінаў», «адсутнасьць выявы або апісаньня душэўных перажываньняў чалавека» і гэтак далей.
Адам Глобус на просьбу Свабоды дае іншае азначэньне парнаграфіі.
«Порна гэта сурагат, у порна няма каханьня, — кажа ён. — А гэта такі складнік, які павінен быць: любоў, каханьне. Калі яно прысутнічае праз колер, праз дынаміку, то гэта эротыка. А вось наша палітыка – гэта суцэльная парнаграфія».
Эратычны этап — усё
Выстава, кажа Адам Глобус Свабодзе, будзе «апошнім акордам» у ягоным эратычным мастацтве. 60 гадоў, адзначае ён, гэта «такі ўзрост, калі трэба задумвацца пра нешта іншае». У прыватнасьці, Глобус думае адкрыць мастацкую школу для дзяцей.
«Як там казалі, зламаў цэлку беларускай літаратуры, дык і мастацтву зламаў цэлку, — кажа ён. — Вядома, я буду і пісаць, і маляваць, але, мусіць, ужо на іншыя тэмы».
* * *
Уладзімер Адамчык, вядомы пад псэўданімам Адам Глобус, нарадзіўся 29 верасьня 1958 году ў Койданаве. Працаваў мастаком, рэстаўратарам, рэдактарам, быў у ліку заснавальнікаў таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» ў 1986 годзе, займаецца выдавецкай справай у выдавецтве «Сучасны літаратар». Ягоныя вершы і апавяданьні перакладаліся на замежныя мовы, друкаваліся ў шэрагу эўрапейскіх краінаў.