Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка расказаў пра «даркнэт» і «свабоду інтэрнэту ў Беларусі»


Лукашэнка выступае на канфэрэнцыі «Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў» у Менску, 3 верасьня 2019 году
Лукашэнка выступае на канфэрэнцыі «Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў» у Менску, 3 верасьня 2019 году

На міжнароднай канфэрэнцыі «Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстаньня новых і найноўшых тэхналёгій», якая праходзіць у Менску 3-4 верасьня, выступіў Аляксандар Лукашэнка. Сярод іншага, ён выказаў сваё меркаваньне наконт свабоды інтэрнэту ў Беларусі і расказаў, што ведае пра даркнэт.

Лукашэнка пакуль ня ведае, як рэгуляваць інтэрнэт. «Хаця трэба было б»

Паводле Лукашэнкі, «у Беларусі як суверэннай краіны ёсьць уласнае меркаваньне на тэму маральных, этычных, прававых межаў свабоды інтэрнэту».

«Я так свабодна кажу пра свабоду інтэрнэту, бо ніхто з вас мяне не папракне, што мы хоць у чымсьці абмяжоўваем інтэрнэт у Беларусі. Хаця трэба было б.

Мы пакуль яшчэ ня ведаем, як гэта зрабіць так, каб цывілізаванае грамадзтва зноў не выставіла нам санкцыі. Таму мы пакуль не чапаем інтэрнэт. Час дазваляе. Але паглядзіце на іншыя краіны, як яны разьбіраюцца з інтэрнэтам», — сказаў Лукашэнка.

Пра даркнэт Лукашэнку распавёў сын Мікалай

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, пра «даркнэт» яму расказаў малодшы сын Мікалай:

«Я яго пытаюся, што такое „даркнэт“? Ён мяне ўразіў. Ён мне па паліцах… „Калі ты хочаш зброю, наркотыкі купіць і каб цябе ніхто не знайшоў, гэта гэтая сетка“. І я падумаў: пацанёнак, які ўвогуле, як мне здавалася, далёкі ад гэтага, ён ведае лепш за мяне. Напэўна, ёсьць пра што падумаць».

«Даркнэтам» (або «дарквэбам») называюць лучнасьць сайтаў і сэрвісаў, схавáных ад звычайных карыстальнікаў і даступных праз адмысловыя праграмы (часьцей за ўсё такія сайты месьцяцца на дамэне .onion і дасяжныя праз праграму Tor). Праз звычайныя браўзэры, як Chrome ці Safari, туды ня трапіць, і ў пошуку Google або «Яндэкс» тых сайтаў не знайсьці. У даркнэце сапраўды прасьцей захаваць ананімнасьць: адсачыць, хто чым карыстаецца і як ідзе трафік, амаль немагчыма.

У Беларусі ад пачатку сьнежня 2016 году сталі спрабаваць блякаваць Tor і доступ да даркнэту празь яго (гэта дазволіў «антынаркатычны дэкрэт» Лукашэнкі 2014 году), і фармальна абавязаныя блякаваць любыя сродкі доступу да забароненых сайтаў (але шмат такіх сродкаў застаюцца дасяжнымі). Блякаваньне толькі падвысіла колькасьць карыстальнікаў Tor.

Якая частка гандлю наркотыкамі і зброяй ідзе праз Tor, невядома, — праваахоўнікі не даюць такой статыстыкі. Але прынамсі частка гандлю наркотыкамі адбываецца праз звычайны інтэрнэт — звыклыя сацсеткі і мэсэнджары.

Гэта далёка ня першы раз, калі Аляксандар Лукашэнка кажа, што сын Мікалай добра разьбіраецца ў высокіх тэхналёгіях. Напрыклад, ён заяўляў, што Мікалай яшчэ ў сем гадоў «цягам некалькіх хвілінаў» мог знайсьці патрэбную інфармацыю, «калі ёсьць такое мацернае слова, як вай-фай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG