Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаміліся караць? МУС прапанавала дэкрыміналізаваць лайкі пад порна


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі выступіла сёлета зь ініцыятывай дэкрыміналізаваць злачынствы, зьвязаныя з распаўсюдам парнаграфіі ў інтэрнэце, перадае БелаПАН. Пакуль гэта на ўзроўні заканадаўчай ініцыятывы.

Паводле цяперашніх законаў, нават за «лайк» пад порнакарцінкай ці порнаролікам у інтэрнэце паводле ч.2 арт 343 КК РБ пагражае ад 2 да 4 гадоў пазбаўленьня волі, а калі гэта дзіцячае порна, паводле ч.2 арт. 343/1 – ад 3 да 8 гадоў пазбаўленьня волі з магчымай канфіскацыяй маёмасьці.

Пры гэтым не заўсёды зразумела, што такое порна, а што такое эротыка: паводле Сьледчага камітэту, эротыка гэта «акультураны і паказаны як духоўная цяга інстынкт працягу роду», а порна – там, дзе «непрыстойная, вульгарная і амаральная выява полавага акту», «наўмыснае засяроджваньне ўвагі на полавых органах», «унушэньне стэрэатыпаў дэвіянтных паводзінаў» і «адсутнасьць выявы або апісаньня душэўных перажываньняў». Міліцыя можа знайсьці «распаўсюд порна» нават на закрытым гей-сайце.

МУС прапануе дэкрыміналізаваць ня ўвесь распаўсюд порна, а толькі першы выпадак распаўсюду, і ўвесьці за першы выпадак цягам году адміністрацыйную адказнасьць (за другі цягам году – ужо прапануецца крымінальная адказнасьць).

Паводле кіраўніка аддзелу МУС па справах няпоўнагадовых Віталя Янчына, праваахоўнікі ведаюць, што часам лайкі пад порна ставяць «няпоўнагадовыя або новыя недасьведачныя карыстальнікі».

Колькасьць зарэгістраваных «порназлачынстваў» пастаянна расла: у 2009 годзе іх выяўлена 157, у 2010-м – 207, у 2011-м – 238, у 2012-м – 213, у 2014-м – 342, у 2015-м – 522, у 2016-м – 721. Бягучы год можа зноў пабіць рэкорд: за першыя 10 месяцаў 2017 году было выяўлена 704 «порназлачынствы», зь якіх толькі 11 не былі зьвязаныя з інтэрнэтам, і яшчэ 62 зьвязаныя зь дзіцячай парнаграфіяй (62 пры абцяжарвальных абставінах, 41 з выкарыстаньнем інтэрнэту). Колькі з гэтых злачынстваў тычацца толькі лайкаў, не ўдакладняецца.

Тым часам МУС Беларусі пачало апытаньне аб тым, якой павінна быць адказнасьць за пэдафілію. У ліку пытаньняў – адказнасьць за схіленьне да полавай сувязі ці вырабу парнаграфіі празь перапіску і адказнасьць за калекцыянаваньне парнаграфіі бяз мэты распаўсюду. Раней МУС праводзіў падобнае апытаньне адносна абмежаваньняў на продаж алькаголю, але ці праваахоўнікі ўлічылі вынікі, невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG