Актывісткі патрабуюць сустрэчы з кіраўніком краіны зь мінулага году.
Генэральны пракурор Аляксандар Канюк сустрэўся з актывісткамі руху «Маці 328», якія дамагаюцца лібэралізацыі антынаркатычнага заканадаўства і перагляду ўжо вынесеных прысудаў па артыкуле 328 Крымінальнага кодэксу. Выйшаўшы з пракуратуры, актывісткі Тацяна Канеўская з Гомля і Ліяна Шуба са Жлобіна распавялі, пра што размаўлялі з генпракурорам Аляксандрам Канюком, пра што дамовіліся і што застаецца нявырашаным.
Як будуць прымяняцца папраўкі ў артыкул 328?
З 27 кастрычніка ўступаюць у дзеяньне папраўкі ў 2 і 3 часткі артыкула 328, прынятыя Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў ліпені 2019 году. Межы пакараньня зьніжаюцца на два гады. Але як быць з прысудамі, вынесенымі раней?
Тацяна Канеўская распавяла, пра што праінфармаваў актывістак Аляксандар Канюк.
«Што нам у гэтым пляне паабяцалі? Мы ставілі пытаньне пра тое, каб аўтаматам зьніжалі на два гады пакараньне па частках 2 і 3 артыкула 328. Мы ведаем, што Вярхоўны суд ня супраць такога парадку, і нам на сустрэчы з Канюком было сказана, што і пракуратура ня будзе супраць. Мы папрасілі, каб нам далі адказ, як канкрэтна будзе прымяняцца зьніжэньне ніжняга парогу пакараньня. Мы кажам пра тое, што гэта павінны рабіць без характарыстык у калёніях, без усякіх умоў, каб адміністрацыя не чыніла перашкод, каб аўтаматам усім, хто падпадае, на два гады зьніжалі тэрміны. Нам адказалі, што яшчэ ў сілавікоў пройдзе адмысловая нарада, як гэта лепш рабіць, але пракуратура ня супраць такога парадку», — адказала Тацяна Канеўская.
Чаму пратэсты і скаргі на прысуды ня маюць эфэкту?
«Мы пыталіся пра тое, чаму пракуратура належным чынам не выконвае сваю функцыю па кантролі за тым, наколькі законныя прысуды па справах аб наркотыках. Бо здараецца, што пракуратура і выносіць пратэсты на гэтыя вэрдыкты, але суды іх часта ігнаруюць», — кажа Тацяна Канеўская. І які быў вынік яе пытаньня?
Паводле актывістак, генпракурор Аляксандар Канюк адказаў, што калі на іхні пратэст суды не рэагуюць, яны нічога ня могуць зрабіць. «Спаслаўся на тое, што суды ў нас незалежныя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджанага за наркотыкі грамадзяніна Грузіі дэпартуюць зь Беларусі. Жонцы прапанавалі купіць яму квітокТаксама актывісткі «Маці 328» абмеркавалі з генпракурорам і ягонымі падначаленымі тэрмін захоўваньня апэратыўных спраў, якія часта служылі асновай для крымінальных спраў па 328 артыкуле. Тацяна Канеўская патлумачыла, чаму гэта важна.
«Калі ёсьць падазрэньні, што опэры сфальшавалі доказы, дык трэба падняць апэратыўныя справы, вывучыць іх, знайсьці падробку. Але гэта можна зрабіць толькі цягам 3 гадоў, бо даўжэй іх у архіве не захоўваюць. Цяпер уявіце: асуджаны сядзіць шмат гадоў, у яго няма сваякоў ці сродкаў, каб самому абскардзіць прысуд і дамагчыся такой праверкі. А калі ён выйдзе на волю, дык можа скончыцца тэрмін захоўваньня апэратыўнай справы, і нічога ўжо не дакажаш. Вось мы і прапанавалі павялічыць гэты тэрмін захоўваньня», — кажа Тацяна Канеўская.
Паводле яе, у Генпракуратуры сказалі, што возьмуць пытаньне на разгляд і дашлюць зварот у Міністэрства ўнутраных спраў.
«Спраў шмат, суды пакуль не пасьпяваюць»
Асобна на сустрэчы з генпракурорам абмяркоўвалася тэма амністыі.
Актывісткі сказалі Аляксандру Канюку, што, на іх думку, амністыя прымяняецца марудна, у тым ліку да асуджаных па 328 артыкуле. Усяго 60 асуджаных за месяц амніставалі, але тых, хто разьлічвае на амністыю, больш як 5 тысяч. Дык колькі гэта будзе цягнуцца? Амністыя ж дзейнічае толькі 9 месяцаў. Тады актывісткам прапанавалі прадставіць факты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хай сьвіньні жаруць!». Школьніцы і яе сябру пагражае да 15 гадоў калёніі за наркотыкіЛіяна Шуба распавяла пра вядомую ёй сытуацыю ў 22 калёніі.
«Там пачалі выклікаць на камісію па амністыі ня тых, каму ў выніку амністыі хутка надыдзе вызваленьне, а тых, каму гэтага чакаць яшчэ доўга. То бок пачалі ня з тых, з каго трэба. Але на гэта нам адказалі, каб мы не хваляваліся. Нібыта суды не пасьпяваюць разглядаць справы па амністыі, якіх вельмі шмат. Супакоілі, што амністыя будзе дзейнічаць ня толькі 9 месяцаў, як прапісана ў законе, але і далей, пакуль ня вызваляць усіх, каму зьменшаць тэрмін. У тым ліку і па 328-м», — сказала Ліяна Шуба.
Ці будзе сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам?
Актывістка Ліяна Шуба гэтак ацаніла задачу, якую ставіў перад сабой генпракурор Аляксандар Канюк, калі вырашыў сустрэцца з актывісткамі «Маці 328»: «Усебакова вывучыць праблему, і калі прэзыдэнт зацікавіцца, далажыць яму, што можна зьмяніць».
Сяброўка Ліяны Шубы, актывістка Тацяна Канеўская дапоўніла расповед тым, што лічыць самым галоўным вынікам.
«Нават была кінутая фраза, што не выключаецца, што Аляксандар Лукашэнка ўсё ж сустрэнецца з намі», — сказала Тацяна Канеўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ты сабе не даруеш». Бабуля «здала» непаўналетняга ўнука міліцыі і чакае яго з калёнііСустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам было адным з патрабаваньняў леташняй галадоўкі актывістак «Маці 328», якая цягнулася больш за месяц і стала эстафэтнай. Усяго ў галадоўцы цягам розных тэрмінаў галадавала каля 30 маці і бацькоў з розных рэгіёнаў краіны. У выніку галадоўкі, як лічаць актывісткі, пачаўся працэс лібэралізацыі антынаркатычнага артыкула, але частка патрабаваньняў дагэтуль ня выкананая. Сярод іншага, з актывісткамі так і не сустрэўся Аляксандар Лукашэнка.
Сёлета ў чэрвені актывісткі «Маці 328» зноў пачалі галадоўку, патрабуючы далейшай лібэралізацыі артыкула 328 і сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Празь некалькі дзён галадоўка была спыненая. З таго часу з актывісткамі «Маці 328» сустрэліся кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава і міністар унутраных спраў Юры Караеў.
Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць
- У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
- Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
- «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
- 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.