Грамадзяніна Грузіі Кахабера Калатазішвілі, асуджанага за выраб наркотыкаў, дэпартуюць зь Беларусі. Каб паскорыць працэдуру дэпартацыі, ягонай жонцы, жыхарцы Слаўгараду Анжаліцы Калатазішвілі, прапанавалі купіць яму білет на самалёт да Тбілісі. Кошт квітка сувымерны ейнай пэнсіі інваліда І групы.
Як сьцьвярджае Анжаліка Калатазішвілі, мужу не далі магчымасьці апратэставаць рашэньне аб дэпартацыі і ануляваньні віду на жыхарства. Калі і хто прымаў такое рашэньне, яна ня ведае.
Сёлета 29 красавіка Кахабера Калатазішвілі асудзілі на 2 гады за незаконны абарот наркатычных рэчываў. Адбываў пакараньне ў віцебскай калёніі № 3. Па словах жонкі, ён меў від на жыхарства да 2021 году. Яна дапускае, што яго скасавалі, але дакумэнтальнага пацьверджаньня гэтаму ня мае.
На пачатку жніўня Анжаліка Калатазішвілі атрымала ліст з Слаўгарадзкага райаддзелу міліцыі, адрасаваны яе мужу. У лісьце гаварылася, што супраць яго распачата працэдура ануляваньня віду на жыхарства за ўчыненае на тэрыторыі Беларусі злачынства.
Да 20 жніўня ён павінен быў падаць дакумэнты, якія «абгрунтоўваюць немэтазгоднасьць» скасаваньня права на доўгатэрміновае пражываньне ў Беларусі. У лісьце міліцыянты інфармавалі, што калі замежнік ня зьявіцца на разгляд пытаньня альбо калі ня будзе зьвестак пра ягонае месцазнаходжаньне, то рашэньне ануляваць дазвол на сталае пражываньне будзе прымацца безь яго.
Самы танны білет да Тбілісі — 250 рублёў, пэнсія — 350 рублёў
Па словах Анжалікі Калатазішвілі, 19 верасьня ёй патэлефанаваў муж і сказаў, што яго вызвалілі з калёніі і цяпер ён будзе знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў Віцебску — пакуль ня знойдзе грошай на білет у Грузію. Яна кажа, што праз тэлефон у ізалятары ёй пацьвердзілі словы мужа і параілі знайсьці сродкі, іначай у ізалятары Кахабер можа прабыць не адзін месяц.
Паводле Анжалікі Калатазішвілі, квіток зь Менску да Тбілісі на рэйс 28 верасьня абыдзецца ёй у 250 рублёў. У іншыя дні цана можа быць нашмат большай. Пэнсія ж Анжалікі Калатазішвілі — 350 рублёў.
Могуць дэпартаваць і за сродкі рэспубліканскага бюджэту
У віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня Свабодзе пацьвердзілі, што грамадзянін Грузіі Кахабер Калатазішвілі пасьля вызваленьня знаходзіцца ў іх у статусе затрыманага «для высылкі ў краіну грамадзянскай прыналежнасьці».
«Паводле дзейных нарматыўных актаў Рэспублікі Беларусь высылка замежнага грамадзяніна ажыцьцяўляецца за кошт яго ці ягоных сваякоў. Калі гэта немагчыма — то за кошт рэспубліканскага бюджэту. Канчаткова пытаньне пакуль яшчэ ня вырашана», — сказаў у тэлефоннай гутарцы супрацоўнік ізалятара.
Ён дадаў, што жонцы Кахабера Калатазішвілі ўжо пра гэта паведамілі, і «калі ў яе ня будзе магчымасьці, то будуць разглядаць пытаньне аб высылцы за кошт рэспубліканскага бюджэту».
Жонка: Мужу не даюць законна апратэставаць рашэньне аб дэпартацыі
Пасьля атрыманьня ліста з Слаўгарадзкага райаддзелу міліцыі пра меркаваны разгляд мужавай справы па ануляваньні віду на жыхарства Анжаліка Калатазішвілі зьвярнулася са скаргай у абласную пракуратуру і Міністэрства ўнутраных спраў. Яна палічыла дзеяньні слаўгарадзкай міліцыі незаконнымі. Адказу пакуль не атрымала.
Паводле яе, мужу наўмысна не даюць па вызваленьні з калёніі пабыць дома, каб ён ня стаў апратэстоўваць рашэньне аб скасаваньні дазволу на пражываньне ў Беларусі.
Зьняволеньне і дэпартацыю Кахабера Калатазішвілі яна зьвязвае з сваімі намаганьнямі атрымаць ад мэдыкаў кампэнсацыю за шкоду здароўю, бо лічыць, што інвалідам стала зь іхнай віны. Першую групу інваліднасьці ёй далі ў 2013 годзе. З 2014-га дамагаецца кампэнсацыі.
Галадала пад турмой, каб пабачыцца з мужам
Пра крымінальны перасьлед Кахабера Калатазішвілі стала вядома ў верасьні 2018 году, калі ягоная жонка абвясьціла галадоўку пад сьценамі сьледчага ізалятара Магілёва. Жанчына патрабавала, каб ёй дазволілі спаткацца са зьняволеным мужам.
На судзе Кахабер Калатазішвілі прызнаўся, што ўжыў наркатычнае рэчыва ў свайго прыяцеля, якога таксама затрымалі. Абарона настойвала, што ўчыненае ім супрацьпраўнае дзеяньне падпадала пад пакараньне паводле часткі 2 артыкула 17.3 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях («знаходзіўся на працоўным месцы ў стане наркатычнага ап’яненьня»), якая прадугледжвае штраф да дзесяці базавых велічыняў.
13 сьнежня 2018 году Кахабера Калатазішвілі асудзілі на 2 гады за незаконны выраб бяз мэты збыту, перапрацоўцы і перавозцы экстракцыйнага опіюму (частка 1 артыкула 328 Крымінальнага кодэксу), але Магілёўскі абласны суд выявіў парушэньні і накіраваў справу на перагляд. 29 красавіка 2019 году Слаўгарадзкі раённы суд зноў прысудзіў 2 гады калёніі агульнага рэжыму.
Муж дапамог стаць на ногі
Анжаліка ў шлюбе з Кахаберам Калатазішвілі ад 2014 году. Пазнаёміліся ў сацыяльнай сетцы. Кажа, што ён ведаў пра яе праблемы са здароўем, але прыехаў у Беларусь і дапамог ёй стаць на ногі.
З прычыны хваробаў тры гады Анжаліка мала рухалася — і ў яе атрафаваліся цягліцы. Пасьля працяглай рэабілітацыі, у якой дапамагаў муж, яна акрыяла, але без інваліднага вазка абыходзіцца ня можа.
Анжаліка Калатазішвілі кажа: калі мужа дэпартуюць, ёй давядзецца разьлічваць толькі на сябе. Ёй невядома, ці пазбаўлены ён права наагул наведваць Беларусь.