Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Закладка была на гарышчы, якога няма?» Жыхарка Ліды чатыры гады даводзіць, што справу сына сфальшавалі


Яўген Лапко, асуджаны за наркотыкі
Яўген Лапко, асуджаны за наркотыкі

У калёніі ІК-22 пад Івацэвічамі адбывае пакараньне за распаўсюд наркотыкаў Яўген Лапко. Сеў у 19, цяпер яму 23, выйдзе на волю яшчэ праз 6 год. Магчыма, здымуць па амністыі год, тады вызваленьне будзе ў 2024-м. Але маці і бацька Яўгена не зьмірыліся і працягваюць скардзіцца на прысуд і сьледзтва па справе сына.

«Ужываньне было, але намер на распаўсюд прыдумалі ў міліцыі і падрабілі доказы, а суд закрыў вочы на відавочныя нестыкоўкі. У выніку сын зь сябрам атрымалі па 11 год, а што атрымалі ў міліцыі і ў судзе — спытайце ў іх», — не хавае эмоцый маці Людміла Лапко.

«20 хвілін кайфу — і правал»

Два Яўгены, Лапко і Нікалаюк, абодва зь Ліды, у 2015 годзе вучыліся на электрыкаў у каледжы ў Горадні. Жылі ў адным пакоі ў інтэрнаце, і забавы дзеля адпачынку прыдумлялі аднолькавыя. Неяк вырашылі паспытаць наркотык. «Ён жа нават не курыў цыгарэт, віна ня піў, а тут — наркотык. Няйнакш, паддаўся моладзевай модзе. Потым сказаў пра эфэкт, што нічога ён ня варты. 20 хвілін кайфу — і правал», — згадвае маці Яўгена Лапко.

Людміла Лапко, маці Яўгена Лапко, асуджанага за наркотыкі
Людміла Лапко, маці Яўгена Лапко, асуджанага за наркотыкі

Паводле паказаньняў у судзе Яўгена Нікалаюка, гэта ён у красавіку замовіў праз інтэрнэт 1 грам наркотыку, адправіў на электронны кашалёк грошы і паехаў па закладку ў Менск. У судзе прагучалі зьвесткі пра перапіску двух Яўгенаў: адзін пісаў другому, што знайсьці нічога не ўдаецца, «прапалі нашы грошы». Але потым, як меркаваў Яўген Нікалаюк, удача да іх вярнулася. Праз затрымку, зь якой ён сустрэўся па віне закладчыка, інтэрнэт-крама ў якасьці бонусу перадала рэагент, зь якога самому можна вырабіць замоўлены наркотык. Ужо на сьледзтве хлопцы даведаліся, што такім спосабам наркадылеры лёгка падсаджваюць на кручок новых кліентаў. А тады яны вельмі ўзрадаваліся падарунку і тым жа вечарам, разьвёўшы рэагент, разам яго паспыталі.

За 0,9 грама пагражала 15 гадоў

Гэта ледзь не каштавала ім жыцьця. Камэндант інтэрнату знайшоў хлопцаў пры начным абыходзе. Адзін быў непрытомны, другі ў больш адэкватным стане. Хлопцаў спачатку паклалі ў шпіталь пад кропельніцу, а ўжо адтуль перавялі ў СІЗА. Пакуль Яўген ня трапіў за краты, маці ўдалося яго пабачыць.

«Калі мы да сына прыехалі ў шпіталь, ён нас не пазнаваў. Ведаю, што тэмпэратура ў сябра Яўгена была пад 39, але ўжо, аказваецца, зь імі быў допыт. Паводле першага допыту сябра сына нібыта прызнаў, што ўзяў наркотык з закладкі на гарышчы дома ў Горадні. Потым з гэтым гарышчам у судзе здарылася цікавая рэч, але тады справа ўжо закруцілася ў пэўны бок: апэратыўнік западозрыў намер на распаўсюд наркотыкаў і пачаў збор патрэбных яму доказаў. Міліцыянты зрабілі вобшук у іх пакоі, нічога не знайшлі, а ён прыехаў і — оп! — у пляфоне знайшоў пакуначак з тым, што засталося ад рэагенту. Затым заявілі, што нібыта ў хлопцаў з дылерамі была трывалая перапіска праз інтэрнэт, што яны дзейнічалі ў складзе групоўкі, і гэтак атрымалася 3-я частка 328-га артыкула. А гэта — 15 гадоў па максымуме», — кажа Людміла Лапко.

У жніўні 2016 году Ленінскі раённы суд Горадні асудзіў Яўгена Лапко і Яўгена Нікалаюка на 11 год зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Людміла Лапко згадвае, што сустрэла прысуд зь нясьцерпным болем і пустатой у душы. Да апошняга ня верыла, што гэтак шмат дадуць, спадзявалася на перакваліфікацыю справы на 1 частку 328 артыкула. Бо на працэсе, як мяркуе, справа аб распаўсюдзе цалкам рассыпалася.

«Чаму не праверыў гарышча?»

«У якасьці сьведкі даваў паказаньні той лейтэнант міліцыі Міхаіл К., які адразу вёў дазнаньне па справе. Гэта ён вызначыў, што закладка нібыта знаходзілася на гарышчы дома ў Горадні. Але ў тым доме няма гарышча. Мы з мужам прадставілі даведку пра гэта. У выніку судзьдзя мусіў спытаць міліцыянта, ці быў ён на тым гарышчы, ці правяраў? Міліцыянт адказаў, што не. А чаму? Адказаў, што ня ведае.

А цяпер у мяне пытаньне: і што пасьля такіх паказаньняў мусіў зрабіць судзьдзя? Сама менш — не паверыць, а ён не зрабіў нічога. Проста быццам гэтага факту і не было. Відаць, яго таксама задаволіла вэрсія, што наркотык распаўсюджвалі ў Горадні, а міліцыянты, выходзіць, накрылі мясцовую банду. Сама чула ад гэтага Міхаіла, калі заходзіла да яго ў кабінэт падчас сьледзтва, што „плян яны выканалі“. Вось скажыце, пра які плян ён камусьці дакладваў? Але чамусьці ў Менск ён не паехаў, каб праверыць паказаньні Яўгена Нікалаюка, што наркотык той прывозіў зь Менску!» — абураецца Людміла Лапко.

Паводле зьвестак Людмілы Лапко, міліцыянт, які пачынаў зьбіраць доказы віны яе сына, пазьней быў асуджаны за хабар — і цяпер ён таксама за кратамі.

«Перагнулі палку»?

Другі хісткі момант судовай справы яе сына, на які зьвяртае ўвагу Людміла Лапко, — паказаньні сьведак, студэнтаў каледжу, дзе вучыліся абодва Яўгены. Паводле Людмілы Лапко, у судзе ніхто зь іх не пацьвердзіў, што яе сын і ягоны сябар прапаноўвалі ім ці перадавалі наркотыкі. «Але чамусьці ў прысудзе пра іх паказаньні сказана інакш: што пацьвердзілі. Дык каму верыць?»

Людміла Лапко з мужам тройчы накіроўвалі ў Генпракуратуру скаргі, у якіх выказвалі сумненьні ў аб’ектыўнасьці праваахоўнікаў, адзначалі недахопы сьледзтва і прасілі перакваліфікаваць справу, але марна. Апэляцыйная скарга на прысуд Яўгену Лапко і Яўгену Нікалаюку разглядалася ў Горадзенскім абласным судзе і Вярхоўным судзе ў парадку нагляду, але прысуд ім пакінулі бязь зьменаў.

Што кажа пракуратура

Зь ліста выканаўцы абавязкаў генпракурора Беларусі А. В. Дубава начальніку ІК-22, дзе адбывае пакараньне Яўген Лапко:

«Дзеяньні асуджанага па ч.3 арт.328 КК як незаконныя з мэтай збыту, набыцьця, захоўваньня, перавозу асабліва небясьпечнага псыхатропнага рэчыва, учыненага групай асобаў, кваліфікаваныя дакладна. Лапко ў судзе паказаў аб набыцьці ў групе зь Нікалаюком Я.А. рэагенту псыхатропнага рэчыва масай ня болей за 1 грам, зь якога было выраблена рэчыва расьліннага паходжаньня, якое ўтрымлівае ў сваім складзе асабліва небясьпечнае псыхатропнае рэчыва МВА.

Частку дадзенага рэчыва спажылі, а астатнія рэчывы, расфасаваныя ў розную ўпакоўку, перавезьлі і захоўвалі ў пляфоне лямпы асьвятленьня пакоя № 507 інтэрнату Горадзенскага прафэсійна-электратэхнічнага каледжу. Падобныя паказаньні даў у судзе Нікалаюк Я.А. З паказаньняў супрацоўнікаў міліцыі Арабея Я.А. і Куцко М.В. вынікае, што асуджаныя патлумачылі пра захоўваньне рэчыва ў тым ліку для далейшай перадачы сваім знаёмым».

«Падстаў для вынясеньня пратэсту і прыняцьця іншых мераў рэагаваньня ня знойдзена», — сьцьвярджаецца ў канцы дакумэнту.

Хто такая Людміла Лапко

Людміла Лапко — актывістка руху «Маці 328», які шмат гадоў змагаецца за гуманізацыю пакараньняў па антынаркатычным артыкуле. Летась Людміла Лапко брала ўдзел у галадоўцы, якую актывісткі руху праводзілі ў розных рэгіёнах краіны. Людміла галадала ў Лідзе 16 дзён. Паводле Людмілы Лапко, новы імпульс яе спадзяваньням на перагляд справы сына дало нядаўняе прызнаньне Аляксандра Лукашэнкі, што з пакараньнямі за наркотыкі «перагнулі палку».

«Хутка ня будзе дома ў Беларусі, які б не закранула гэтая бяда — наркотыкі. Але саджаюць моладзь, а сапраўдныя дылеры на волі. Днямі я накіравала ў Генпракуратуру чарговую скаргу, чакаю адказу», — сказала Людміла Лапко.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG