ЗША падалі ў суд на Сноўдэна, каб не аддаваць яму ганарар за кнігу

Эдвард Сноўдэн, 2018 год

Пасьля выхаду ў сьвет мэмуараў Эдварда Сноўдэна Злучаныя Штаты падалі да яго грамадзянскі пазоў. Амэрыканскія ўлады хочуць перашкодзіць атрыманьню ганарараў ад гэтай кнігі адным з самых вядомых інфарматараў, былым супрацоўнікам Агенцтва нацыянальнай бясьпекі ЗША.

У прэс-рэлізе Міністэрства юстыцыі ЗША гаворыцца, што Штаты не спрабуюць такім чынам прыпыніць ці абмежаваць публікацыю кнігі, а дамагаюцца таго, каб даходы ад яе публікацыі былі ўнесеныя ў дзяржаўную казну.

Падставай для пазову зьяўляецца парушэньне Сноўдэнам падпісаных з Агенцтвам нацыянальнай бясьпекі і Цэнтральным выведным упраўленьнем пагадненьняў аб прыватнасьці.

У дадатак, адзначана ў пазове, Сноўдэн парушыў свае абавязаньні, бо апублікаваў кнігу без узгадненьня з АНБ і ЦРУ і публічна выступаў аб пытаньнях, зьвязаных зь дзейнасьцю амэрыканскай выведкі.

Акрамя Сноўдэна ў пазове пазначаны ў якасьці пазваных юрыдычныя асобы, якія ўзялі ўдзел у выданьні кнігі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эдвард Сноўдэн, які жыве ў Расеі, хацеў бы пераехаць у Францыю

Успаміны Сноўдэна Permanent Record («Асабістая справа») былі адначасова апублікаваныя 17 верасьня ў 20 краінах.

У кнізе былы супрацоўнік Агенцтва нацыянальнай бясьпекі ЗША расказаў аб выкарыстаньні амэрыканскімі спэцслужбамі электронных мэтадаў сачэньня за суграмадзянамі і іншаземцамі, аж да кіраўнікоў замежных дзяржаў. Ён апісаў, як дапамагаў ствараць гэтую сыстэму і чаму вырашыў уцячы з краіны ў 2013 годзе, раскрыўшы сакрэтныя зьвесткі.

Гэты грамадзянскі пазоў зьяўляецца асобным юрыдычным актам ад выстаўленых супраць Сноўдэна крымінальных абвінавачаньняў за раскрыцьцё дзяржаўных тайнаў ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вялікі брат бачыць цябе паўсюль»: сачэньне за грамадзянамі з боку спэцслужбаў у ЗША і ў Беларусі

Эдвард Сноўдэн атрымаў вядомасьць у 2013 годзе пасьля таго, як перадаў СМІ інфармацыю, у тым ліку сакрэтную, аб праграмах сачэньня спэцслужбаў за грамадзянамі пры дапамозе кампутарных тэхналёгій. У ЗША супраць яго выставілі шэраг абвінавачаньняў, празь якія яму пагражае да 30 гадоў пазбаўленьня волі. Расейскія ўлады далі яму прыстанішча.

Грамадзкая думка ЗША ў пытаньні аб Сноўдэну падзялілася: многія актывісты і грамадзкія дзеячы, прызнаючы, што ён парушыў закон, зазначаюць, што ён падняў важную праблему неапраўданага ўмяшаньня спэцслужбаў у прыватнае жыцьцё. Былы прэзыдэнт Барак Абама адмовіўся памілаваць Сноўдэна, заявіўшы, што, магчыма, зрабіў бы гэта, калі б той паўстаў перад амэрыканскім судом. Прэзыдэнт Дональд Трамп характарызаваў Сноўдэна як «здрадніка».