Сайт WikiLeaks апублікаваў 7 сакавіка архіў Year Zero, у які ўваходзіць 8771 дакумэнт — як сьцьвярджаецца, гэта канфідэнцыйныя паперы ЦРУ. WikiLeaks сьцьвярджае, што яны «раскрываюць маштабную хакерскую праграму ведамства», распавядае «Голас Амэрыкі».
Паводле заявы WikiLeaks, «ЦРУ страціла кантроль над большай часткай свайго хакерскага арсэналу»: сьцьвярджаецца, што кібэрінструмэнты распаўсюджваліся сярод некаторых былых урадавых хакераў, адзін зь якіх і прадаставіў матэрыялы сайту.
У дакумэнтах апісваюцца нібыта належныя спэцслужбам шкодныя праграмы і дзясяткі пралазаў «нулявога дня» (такія, што сталі даступныя хакерам да таго, як аўтары праграмаў самі даведаліся пра іх), якія выкарыстоўваюцца супраць шырокага кола прадуктаў амэрыканскіх і эўрапейскіх вытворцаў тэхнікі, у тым ліку смартфонаў iPhone ад кампаніі Apple, смартфонаў на апэрацыйных сыстэмах Android ад Google і Windows ад Microsoft і нават тэлевізараў Samsung, якія, паводле WikiLeaks, ператвараюць у «сакрэтныя мікрафоны».
ЦРУ не камэнтавала, ці сапраўдныя дакумэнты, апублікаваныя WikiLeaks. Былы супрацоўнік ЦРУ Эдвард Сноўдэн заяўляў, што яны падобныя да сапраўдных.
Тым часам тэхналягічныя кампаніі прымаюць захады ў сувязі са сьцьвярджэньнямі, што ЦРУ знайшло праломы ў іхных сыстэмах бясьпекі. У прыватнасьці, Apple заявіла, што ўжо закрыла шматлікія «дзіркі», згаданыя ў дакумэнтах WikiLeaks, і працягвае працаваць над астатнімі. Samsung заявіла, што «ў тэрміновым парадку займаецца гэтым пытаньнем». Google, Microsoft ды іншыя таксама заяўлялі, што працуюць над «дзіркамі», згаданымі ў дакумэнтах WikiLeaks.