Міністэрства гандлю Беларусі абавязала крамы і аўтазапраўкі мець у продажы папяровыя пакеты, такія ж посуд і сталовыя прыборы. Гэткая норма зьмяшчаецца ў пастанове (PDF), апублікаванай 18 верасьня.
Гастраномы з гандлёвай плошчай ад 200 м², а таксама ўсе буйнейшыя крамы і любыя аўтамабільныя крамы і кіёскі на запраўках цяпер мусяць мець у продажы сама меней адзін від папяровых пакетаў і адзін від набораў кардонных посуду і сталовых прыбораў.
Супэрмаркеты і гіпэрмаркеты плошчай ад 800 м² мусяць мець мінімум два віды.Таксама па два віды папяровых пакетаў і кардоннага посуду мусяць мець крамы прамысловых тавараў, нават калі іхныя гандлёвыя плошчы меншыя за 50 м² (а калі больш за 100 м² — па тры віды). Абавязковы асартымэнт непапяровых посуду і пакетаў для гэтых крамаў скарацілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забараняць поліэтыленавыя пакеты ў крамах заўчасна, — Мінгандлю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі задумалі забараніць у страўнях аднаразовы плястыкавы посудАляксандар Лукашэнка загадваў Саўміну таксама паэтапна зьнізіць выкарыстаньне поліэтыленавай упакоўкі і замяніць яе на больш экалягічныя шкло і паперу — гэткі пункт быў у сакавіцкай дырэктыве аб сельскай гаспадарцы. У жніўні Лукашэнка заявіў, што трэба спыняць выкарыстаньне плястыкавых пакетаў, бо неўзабаве Беларусь «ператворыцца ў звалку».
Паўтара года таму Мінгандлю «не выключала» ўвядзеньня «падатку на плястыкавыя пакеты». Старшыня Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальнікаў тады раскрытыкаваў гэта як «палавіністае» рашэньне, якое не стварае спрыяльных умоваў біяраскладальным папяровым пакетам.