Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белдзяржхарчпрам»: са шкляной тарай рэвалюцый не прадбачыцца


Беларусь мае тэхнічныя магчымасьці, каб павялічыць вытворчасьць мінімум да 25 мільёнаў шкляных бутэлек у год.

Пра гэта заявіў першы намесьнік старшыні канцэрну «Белдзяржхарчпрам» Ігар Шустаў на круглым стале ў Менску, перадае Інтэрфакс.

Аднак радыкальных захадаў, каб скараціць выкарыстаньне ПЭТ-пакункаў пры вытворчасьці пітной і мінэральнай вады і пераарыентавацца на шкляную тару, у Беларусі не плянуюць. Паводле Ігара Шустава, рэвалюцый не прадбачыцца.

«Рэвалюцыйны шлях — гэта ня той шлях, які для дадзенай лякальнай задачы прымальны», — сказаў ён.

Сёньня аб’ём пітной і мінэральнай вады ў шкляной тары на рынку Беларусі не перавышае 1%. А спажываньне складае да 6 млн умоўных бутэлек ёмістасьцю 0,5 л у год (з улікам імпарту).

У шкляныя бутэлькі ваду разьліваюць толькі тры прадпрыемствы

Разьліваюць ваду ў такую тару толькі тры прадпрыемствы ў краіне — Віцебскі лікёра-гарэлачны завод «Прыдзьвіньне», Малінаўшчызьненскі сьпіртагарэлачны завод «Аквадзіў» і прадпрыемства «Беларусьгандаль». Загрузка іх вытворчых магутнасьцяў па разьліве ў шкло — ад 5% да 10%.

Паводле Шустава, рост продажаў прадукцыі ў такім пакунку стрымліваецца цэнавым фактарам, бо шкляная тара даражэйшая. На бутэльцы 0,5 л падаражэньне складае каля 15–17 капеек.

«Вада ў шкле — гэта ў большай ступені іміджавы і прэміяльны прадукт, гэта прадукт для HoReCa (гатэляў, рэстаранаў, кавярняў. — РС)», — сказаў чыноўнік.

Каб стымуляваць у Беларусі спажываньне напояў у шкляной тары, разглядаецца шэраг эканамічных, адміністрацыйных і тэхнічных захадаў, «якія ў выніку дадуць нейкі сынэргетычны эфэкт».

Сярод іх — стварэньне «папулярнага іміджу» для напояў у шкляной тары, стымуляваньне эканамічнай эфэктыўнасьці іх вытворчасьці, а таксама спадарожнага бізнэсу.

Лукашэнка даручыў прыбраць плястыкавыя бутэлькі

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 25 студзеня заявіў, што даручыў забараніць выкарыстаньне ў краіне плястыкавых бутэлек у харчовых мэтах.

«Ужо прасунутыя краіны, якія хварэюць за сваіх грамадзян, адмаўляюцца ад плястыку. Я нядаўна даручыў прыбраць плястыкавыя бутэлькі і тару на першым этапе і замяніць шклом. Гэта неадкладна трэба рэалізоўваць», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

У лютым створана міжведамасная працоўная група, якая павінна падрыхтаваць прапановы па замене ПЭТ-тары для разьліву пітной вады і напояў на шкляную.

У Беларусі вяртаецца на перапрацоўку толькі 38% прададзенай тары. У Нямеччыне гэты паказьнік дасягае 98,5%, у Літве — 93%.

Такое адставаньне супрацоўнік дзяржаўнай установы «Апэратар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Анатоль Шагун патлумачыў адсутнасьцю ў Беларусі дэпазытна-закладнай сыстэмы. А яна, паводле адмыслоўца, неабходная, бо інакш сытуацыю кардынальна не зьмяніць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG