На ўдзельнікаў Маршу роўнасьці ў Харкаве напалі радыкалы

Паліцыя ахоўвала Марш роўнасьці ў Харкаве 15 верасьня.

На ўдзельнікаў Марша роўнасьці ў падтрымку ЛГБТ-супольнасьці напалі радыкалы, паведамляе карэспандэнт Настоящего времени. Праціўнікі руху закідалі ўдзельнікаў маршу яйкамі, пасьля заканчэньня акцыі некаторыя ўдзельнікі былі зьбітыя.

У першым у гэтым горадзе Маршы роўнасьці, па розных зьвестках, прынялі ўдзел ад двух да трох тысяч чалавек. У тым ліку прадстаўнікі міжнародных арганізацый, а таксама супрацоўнікі замежных дыпмісій.

Украінская Свабода вяла жывую відэатрансьляцыю з акцыі.

У адміністрацыі Нацыянальнай паліцыі ў Харкаўскай вобласьці паведамілі, што ў цэнтры Харкава пасьля заканчэньня Марша роўнасьці адбыліся сутычкі, у выніку якіх два супрацоўнікі паліцыі атрымалі раненьні, а 17 чалавек былі дастаўлены ў аддзяленьні міліцыі.

«Высьветлена, што пасьля заканчэньня шэсьця 17-гадовы жыхар Харкаву пачаў кідаць камяні ў людзей, якія ішлі па вуліцы Сумскай пасьля заходу сонца. Паліцыя даставіла яго ў Кіеўскі РАУС для тлумачэньняў. У дачыненьні да хлопца быў складзены адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства. 17 чалавек былі дастаўлены ў Шаўчэнкаўскі РАУС. Па папярэдніх дадзеных, яны ўдзельнічалі ў сутычках на вуліцы Рымарскай у Харкаве. Падчас канфлікту яны аказалі супраціў міліцыі, а таксама распылілі ў міліцыю сьлезацечны газ», — гаворыцца ў паведамленьні. Паведамляецца, што адзін з пацярпелых паліцыянтаў атрымаў апёкі вачэй і быў шпіталізаваны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каму і чаму не падабаюцца геі


2 верасьня мэр Харкава Генадзь Кернэс заявіў пра намер зьвярнуцца ў суд, каб забараніць правядзеньне ў гэтым годзе шэсьця Форуму ЛГБТІ «Харківпрайд», заплянаванага на 15 верасьня. На наступны дзень міжнародныя праваабарончыя арганізацыі Amnesty International і Freedom House выступілі з заявай, у якой заклікаюць харкаўскія ўлады і паліцыю гарантаваць бясьпеку падчас шэсьця. Пазьней гарадзкія ўлады заявілі, што ня будуць спрабаваць забараніць шэсьце.

Маршы роўнасьці сёлета ўжо адбыліся ў шэрагу ўкраінскіх гарадоў, у тым ліку ў Кіеве, Адэсе, Запарожжы і Хэрсоне.